Сяўба стартавала паспяхова
Машынны двор КСУПа “Чырвоны Бор” у гэтыя дні пусцее рана. Яно і зразумела, у гаспадарцы распачаліся палявыя работы.
Іх аб’ём даволі ўнушальны. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Віктара Раковіча, адных толькі азімых культур тэрмінова патрабуецца падкарміць мінеральнымі тукамі амаль на дзевяцістах гектарах. З гэтай адказнай справай паспяхова спраўляецца механізатар Яўген Купрацэвіч. Плённа працуе і атрад па ўнясенні арганікі ў складзе такіх работнікаў як Вячаслаў Акунец, Міхаіл Акунец, Алег Рагалевіч і іншых. Гэтых угнаенняў на палеткі вывезена больш за трыццаць тысяч тон, і ўвесь наяўны запас “элексіру ўрадлівасці” неабходна заараць за вясну ў глебу.
– Для ўсіх удзельнікаў пасяўной даведзены дзённыя нормы выпрацоўкі, – расказвае Віктар Віктаравіч. – Таму падганяць нікога не патрэбна, кожны механізатар імкнецца не толькі паспяхова выканаць заданне, але і дабіцца большага, прычым, не ва ўрон якасці. Менавіта гэтыя прынцыпы і ўплываюць на велічыню заробкаў, а ў канчатковым выніку забяспечваюцца добрыя тэмпы.
Канечне ж, самы галоўны ўчастак – сяўба ярыны. Тут задзейнічаны спрактыкаваны земляроб Максім Нікіцін. Яго высокі прафесіяналізм адчуваецца ва ўсіх дзеяннях. Напрыклад, пры загрузцы насення Максім Аляксеевіч не сядзіць у кабіне трактара, а яшчэ раз імкнецца прыдзірліва агледзець пасяўны агрэгат, бо добра ведае цану кожнай хвіліны прастою ў полі. Засяроджаны ён і падчас сяўбы, пільна кантралюе норму высеву зярнят, іншыя тэхналагічныя параметры агрэгата.
—Вось узяліся за авёс, — паказвае сваю работу Нікіцін. –Самы час, зямля ўжо гатовая, хаця месцамі трапляюцца пераўвільготненыя ўчасткі. Але спраўляюся з такімі перашкодамі, былі і намнога цяжэйшыя гады. Пакуль складваецца добра, надвор’е цудоўнае, насенне падвозіцца своечасова, задзел падрыхтаванай глебы ёсць. Застаецца толькі завіхацца не пакладаючы рук.
Свае словы механізатар падмацоўвае справай. За дзень засявае па трыццаць пяць гектараў ярыны. Паспяховай працы хлебароба спрыяе высокая самааддача партнёра Дзмітрыя Шараевіча, які прыехаў на дапамогу чырванаборцам з акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”.
– Мы тут ўдваіх шчыруем. Я на падрыхтоўцы глебы, а Вячаслаў Купрацэвіч на ворыве заняты, – расказвае Дзмітрый Генадзьевіч. – Магутнай тэхнікі ў гаспадарках не хапае, а ў нашай арганізацыі цэлых пяць энерганасычаных трактароў. Толькі летась іх атрымалі. Чаму б не падсобіць партнёрам, тым больш што дадатковая капейчына для прадпрыемства лішняй не будзе.
Мясцовыя механізатары таксама задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы. Гэта і Аляксей Ермакоў, і Аляксандр Макарэвіч. Таму тэмпы работ на чырванаборскіх палетках толькі нарастаюць. Плануецца ў поле вывесці яшчэ адзін пасяўны агрэгат. Адным словам, у гаспадарцы прыкладваюцца намаганні, каб як мага хутчэй завяршыць сяўбу ранніх каласавых і грунтоўна падрыхтавацца да пасеву кукурузы. Згодна з даведзеным заданнем насенне першых патрэбна заштукаваць у глебу на 350 гектарах, а “каралевы палёў” – на 1100 гектарах.
Сяргей Белка
Фота аўтара