Больш актыўнасці і ініцыятывы
У мінулым годзе ў раёне ветэранскім актывам праводзілася вялікая работа па актывізацыі дзейнасці раённага і пярвічнага звенняў арганізацыі. Дэталёва аб гэтым расказаў прысутным на пленуме грамадскага аб’яднання старшыня савета Адам Купрацэвіч. Як адзначыў выступоўца, дзякуючы сумесным намаганням улады, грамадскасці і ветэранаў удалося вырашыць нямала праблем пажылых людзей, стварыць для іх такія ўмовы жыццядзейнасці, што дазваляюць старым грамадзянам адчуваць аб сабе належны клопат і ўвагу.
Зараз у нашым раёне налічваецца 10535 атрымальнікаў працоўных пенсій. Сярод іх 29 ветэранаў вайны, 727 адзінокіх чалавек, чатыры тысячы адзінокапражываючых і 2268 інвалідаў першай і другой груп. Менавіта раённым саветам ветэранскай арганізацыі прымаліся захады, каб у гэтым асяроддзі наладзіць кіпучае жыццё, забяспечыць такім грамадзянам сацыяльную абароненасць, нават засцерагчы іх ад бед. Канечне, уся дзейнасць прэзідыума мела моцную падтрымку ў дзяржаўных структурах. Асаблівыя словы падзякі Адам Прохаравіч выказаў спецыялістам упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Праз гэтую структуру больш як пяцьсот ветэранаў падчас складаных жыццёвых сітуацый атрымалі значную фінансавую падтрымку. Задаволены райсавет, як вырашаюцца пытанні па абслугоўванні пажылых грамадзян работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Немалы ўклад у справе па папярэджванню пазаштатных сітуацый у жыллі дзядуль і бабуль унеслі і назіральныя камісіі. Імі выяўлена 58 парушэнняў патрабаванняў пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і чатырнаццаць – электразабеспячэння. Усе гэтыя хібы своечасова выправілі. З даклада вынікала, што на належным узроўні вялося культурнае, гандлёвае, медыцынскае абслугоўванне пажылых. Але, як адзначыў Адам Купрацэвіч, асноўныя намаганні прэзідыум скіроўваў, каб пытанні сацыяльнай абароненасці пенсіянераў больш вырашыліся праз працоўныя калектывы, адкуль чалавек пайшоў на заслужаны адпачынак. Прыкладамі паважлівага абыходжання са сваімі пенсіянерамі ў раёне з’яўляюцца ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”, раён электрасетак, ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”. ДУ “Прафесійны ліцэй”, аддзел унутраных спраў, вузел паштовай сувязі і іншыя. Хаця, па словах старшыні райсавета, ёсць і такія прадпрыемствы, дзе кіраўніцтва імкнецца не заўважаць ветэранскіх праблем. Таму на пленуме саветам ветэранскіх пярвічак рэкамендавала ўносіць прапановы ў камісіі, якія на прадпрыемствах распрацоўваюць калектыўныя дагаворы, каб у гэты дакумент уключаліся і дадатковыя меры сацыяльный дапамогі пажылым людзям. Саветы пярвічак не павінны прыпыняць і працу па арганізацыі прыёмаў грамадзян з удзелам прадстаўнікоў калектываў і прафкамаў. Пры гэтым асабліва ўважліва разглядаць звароты, якія паступаюць на такіх мерапрыемствах.
Адам Прохаравіч прывёў і шматлікія факты актыўнага ўдзелу заслужаных і паважаных у рэгіёне людзей у грамадскім і культурным жыцці Жыткаўшчыны. Для гэтага дзейнічаюць дзясяткі клубаў па інтарэсах, ветэраны частыя госці на разнастайных мерапрыемствах, а таксама ў навучальных установах, што спрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзі. Самае галоўнае, такія стасункі знаходзяць водгук у моладзі, якая падчас уласных акцый аказвае істотную дапамогу адзінокім і адзінокапражываючым людзям. У ветэранскага райсавета добрыя сувязі наладжаны з БРСМ, прафсаюзамі, піянерыяй, іншымі грамадскімі фарміраваннямі. Усё гэта толькі паляпшае работу па ўвекавечванню памяці абаронцаў Айчыны, утрыманню іх месцаў пахавання і помнікаў у добрым стане. Цудоўным прыкладам аказання пашаны заслужаным жыткаўчанам стала адкрыццё алеі Славы героям вайны і працы, а таксама прысваенне тром чалавекам звання “Ганаровы грамадзянін раёна”.
У сваім выступленні Адам Прохаравіч не прыхоўваў і ўпушчэнні. У прыватнасці, неабходна навесці парадак па ўліку членаў пярвічак. Было закранута і пытанне, звязанае з удзелам пажылых людзей у прафсаюзах, і іншыя.
Несумненна, за гады дзейнасці ў раённай арганізацыі ветэранаў накапілася нямала добрых традыцый, якія паспяхова развіваліся летась, і будуць прымнажацца ў будучым. На аснове іх на пленуме выпрацаваны план дзеянняў на цяперашні час. Гэта і актывізацыя абследавання ўмоў пражывання пажылых людзей, з мэтай аказання ім канкрэтнай дапамогі. Будзе працягнута і справа па наведванню прадстаўнікамі ўлады і грамадскасці ветэранаў дома падчас знакавых святаў і юбілеяў. У год малой радзімы Адам Купрацэвіч прызваў пажылых людзей прымаць пасільны ўдзел і ў добраўпарадкаванні сваіх падворкаў, а таксама грамадскіх месцаў.
Ветэранскі пленум стаў не толькі цудоўнай пляцоўкай для аналізу спраў арганізацыі і зацвярджэнню новых планаў, але і месцам даверлівага дыялогу дэлегатаў са старшынёй раённага выканаўчага камітэту Віктарам Атліванавым, лідарамі грамадскіх аб’яднанняў, дзе з вялікай ахвотай дзяліліся вопытам, узнагароджвалі найбольш старанных актывістаў .
Падводзячы выніккі сходу старшыня ветэранскага прэзідыума райсавета Адам Купрацэвіч падкрэсліў, што ўмовы для паспяховай дзейнасці арганізацыі ў рэгіёне створаны, цяпер справа застаецца за ініцыятывай і актыўнасцю саміх яе членаў.
Сяргей Белка
Фота аўтара