Больш ўвагі зваротам людзей
Падчас суботняй “прамой тэлефоннай лініі” да старшыні райвыканкама Віктара Атліванава паступіла каля дзясятка званкоў. Кіраўнік рэгіёна не пакінуў без увагі ні аднаго пытання, даўшы цвёрдыя гарантыі, што праблемы жыткаўчан кампетэнтныя службы вырашаць станоўча.
З якімі ж просьбамі звярталіся гараджане і вяскоўцы? Напрыклад, Уладзімір Занкевіч цікавіўся, калі ж пачнуцца работы па закладцы ў райцэнтры сквера ў гонар стогоддзя камсамола. Уладзімір Рыгоравіч нават запэўніў, што грамадскасць прыме актыўны ўдзел у карыснай справе. Былы работнік аўтабазы турбаваўся пра дзейнасць гарадской лазні. Па меркаванні жыткаўчаніна, пасля рамонту гэты сацыяльны аб’ект запатрабаваны насельніцтвам, але маюцца невялікія недапрацоўкі, якія спецыялістам камунальніка выправіць па сілах. Адразу ж пасля размовы Віктар Адамавіч даручыў дырэктару КУП “Жыткавіцкі камунальнік Алегу Савосценку неадкладна выехаць на месца і разам з заяўнікам разабрацца ў праблеме і па-магчымасці вырашыць яе. Па словах мужчыны, узнікла неабходнасць ва ўстаноўцы знака аб абмежаванні хуткасці транспарту на перакрыжаванні вуліц Акцябрскай і Пралетарскай. А вось пенсіянерка Зоя Адамаўна агучыла набалелае для яе пытанне аб спілаванні высачэзнай бярозы на гарадскіх могілках. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, канечне, ачыстка месцаў пахавання ад дрэваў з’яўляецца актуальнай справай не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці, і такія работы каштуюць нятанна, але выхад шукаем. Не прамінулі гараджане падчас дыялогу з кіраўніком райвыканкама назваць шэраг хібаў, звязаных з добраўпарадкаваннем райцэнтра. Адзначым, што і гэтая праца знаходзіцца пад пільным кантролем улады. На жаль, не ўсё так хутка ўдаецца выканаць, як некаму хочацца, але ж працэс не стаіць на месцы.
Вяскоўцы таксама агучылі старшыні райвыканкама ўласныя праблемы. Так, жыхар аграгарадка Сяменча Герман у чарговы раз выказаў прапановы, як палепшыць транспартнае злучэнне да іх паселішча з райцэнтра. Ёе таксама пацікавіўся, ці можна стварыць прыпынкі для рэйсавага аўтобуса ля магазіна “Пралеска” і ваеннага камісарыята. Гэтыя заўвагі будуць даведзены да кіраўніцтва ААТ “Гомельаблаўтатранс”, якое прыме адпаведнае рашэнне. А вось тэлефанавання Віктару Атліванаву ад жыхаркі з Перароўскага Млынка магло б і не быць, калі б адказныя работнікі спажыўтаварыства праявілі большую разваротлівасць пры разглядзе зваротаў людзей.
– Унучка вучыцца ў Пінску на прадаўца, – расказвала пра сваю бяду вяскоўка. – Цяпер патрэбна праходзіць практыку, а там і на працу ўладкоўвацца. Дзяўчына хоча зрабіць гэта ў нашым раёне, але ў раённым спажывецкім таварыстве ніяк нельга дабіцца неабходных дакументаў. І гэта пры тым, што ў арганізацыі адчуваецца дэфіцыт у такіх кадрах, з-за чаго нават зачыняюцца у вёсках крамы.
– Дапаможам абавязкова, пад’язджайце ў сераду, – запэўніў старшыня райвыканкама. – Лічу, што нявырашальных праблем няма, галоўнае, каб адказныя асобы больш уважліва ўнікалі ў іх сутнасць і з павагай ставіліся да людзей, тады любую справу магчыма зрушыць з месца.
Сяргей Белка