Адным з першых выйшаў на палеткі механізатар АТ “Людзяневічы” Уладзімір Гатчэня

Кожную кампанію хлебароб сустракае з добрым настроем і пастаянна выконвае даручаную яму работу з высокай якасцю і ў вызначаныя тэрміны.

У прафесію ён прыйшоў адразу пасля заканчэння сярэдняй школы, дзе і атрымаў пасведчанне. У многім на выбар Уладзіміра Канстанцінавіча паўплываў бацька, які таксама не адно дзесяцігоддзе расціў і ўбіраў хлеб. Ён і зараз не ўяўляе сябе без гэтай пачэснай справы, і для сыноў на грамадскай ніве з’яўляецца прыкладам дбайнасці і працавітасці. Уладзімір і кіруецца гэтымі прынцыпамі ва ўласнай дзейнасці. Таму і невыпадкова, што адміністрацыя гаспадаркі даручае яму самыя адказныя ўчасткі работ. Напрыклад, некалькі дзён назад Гатчэня працаваў з культыватарам, рыхтаваў глебу пад сяўбу аўса, а зараз і сам зрабіўся сейбітам. Цяпер ён вядзе падсеў канюшыны. Па словах дырэктара гаспадаркі Анатоля Санюка, у сельгаспрадпрыемстве вельмі разлічваюць на старанне і майстэрства гэтага механізатара, бо за параўнальна кароткі тэрмін  насенне канюшыны неабходна заштукаваць у глебу не меней як на паўтысячы гектарах.

Уладзімір Канстанцінавіч да справы падышоў як заўсёды вельмі грунтоўна. Яшчэ з зімы належна падрыхтаваў сеялку, а перад выхадам у поле правёў неабходныя рэгуліроўкі агрэгата. Таму забяспечвае дзённую выпрацоўку па два дзясяткі і болей гектараў.

– Клопатаў вясной у вяскоўцаў заўсёды шмат, – расказвае трактарыст, – і каб з імі паспяхова справіцца, працуем не лічачыся з часам. З пачатку палявых работ дзень у нас пачынаецца з сямі раніцы, праведзены ўсе інструктажы па тэхніцы бяспекі. Галоўнае, каб паліва мелася ў запасе, а так іншых пытанняў пакуль не ўзнікае.

Як адзначыў кіраўнік таварыства Анатоль Санюк, гэта пакуль адзіная праблема, якая турбуе найбольш, усе астатнія пытанні вырашаюцца. Вядуцца падкормкі азіміны, на іх задзейнічаны два агрэгаты, на якіх шчыруюць Дзяніс Паўлючык і Аляксандр Шчур. Сеюць у сельгаспрадпрыемстве і авёс, гэтую работу выконвае таксама вопытны земляроб Валерый Савіцкі.  Рыхтуюць у ААТ і глебу.

– Задачы перад намі пастаўлены канкрэтныя, –  дзеліцца планамі Анатоль Васільевіч, – за тыдзень пасеяць раннія каласавыя і падкарміць мінеральнымі тукамі азімыя. Справіцца з заданнем рэальна, тэхніка ёсць,  настрой на працу ў механізатараў таксама. На час палявых работ забяспечым усіх удзельнікаў гарачым харчаваннем, адчынім лазню. Адным словам, зробім усё, каб выкарыстаць кожную гадзіну з максімальнай аддачай.

Вось і Уладзімір Гатчэня адчувае рытм веснавога поля, якое, як кажуць у народзе, шырока ляжыць, ды гуляць не вяліць.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.