Пра такіх людзей кажуць, што да даручанай справы яны адносяцца з душой і ў іх залатыя рукі
На адказным участку працуе аператар машыннага даення верасніцкай малочнатаварнай фермы Марына Самуйловіч.
Канечне, жанчына не можа пахваліцца такімі важкімі надоямі, якія маюць яе калегі, што абслугоўваюць асноўны статак. Але менавіта Марына Уладзіміраўна закладвае падмурак для іх паспяховай работы, бо займаецца раздоем кароў і цялушак, якімі потым папаўняецца дойнае пагалоўе. Як вядома, чым лепш раздоіш, тым потым большую аддачу прадукцыі атрымаеш. Самуйловіч добра разумее тую адказнасць, што ляжыць на яе плячах. Імкнецца не падводзіць таварышак па агульнай справе, бо канчатковы вынік работы ўсяго калектыву фермы залежыць ад укладу кожнага. Дабіваюцца жывёлаводы аднаго, каб штогод павялічвалася малочная вытворчасць. Мяркуючы па асноўных паказчыках гэта ўдаецца. Напрыклад, зараз надой ад каровы па ферме складае 19 кілаграмаў, а перапрацоўшчыкам пастаўляецца штодня шэсць тон малака.
Марына Уладзіміраўна прыйшла на верасніцкую МТФ параўнальна нядаўна — тры гады назад. Па яе словах, менавіта цяпер у жывёлагадоўлі акцыянернага таварыства “Тураўшчына” пры плённай працы можна ствараць належны дабрабыт для сям’і. Па гэтай прычыне жанчына і перавялася з гасцініцы гаспадаркі на грамадскую ферму. Выбар, з якой дзейнасцю звязаць далейшы лёс, быў невыпадковым. Справа ў тым, што Марына Уладзіміраўна мела даволі салідны досвед у прафесіі аператара машыннага даення. Доўгі час займалася даеннем кароў на варонінскай малочнатаварнай. Параўноўваючы той перыяд з цяперашнім, даярка адназначна аддае перавагу дню сённяшняму:
— Зараз на нашай ферме зроблена ўсё, каб кожны жывёлавод меў належную аддачу ад уласных старанняў. Гэта вельмі імпануе і настройвае чалавека даражыць работай, выконваць яе на высокім узроўні.
Сяргей БЕЛКА