У Жыткавіцкім раёне адзначылі Дажынкі

Нівы скошаны, хлеб — у засеках, а значыць надышоў час песні. У славян так было спрадвеку, шануюць свае традыціі палешукі і сёння. Напярэдадні прафесійнай даты аграрыяў у Жыткавічах адшумела раённае свята працаўнікоў вёскі  “Дажынкі-2018”.

Усе дарогі вялі да ГЦК

З самай раніцы  ўпрыгожаны гарадскі Цэнтр культуры зіхацеў у сонечных промнях. Радуючы выдатным надвор’ем, галоўную падзею з віноўнікамі ўрачыстасці раздзяліла і нябесная канцылярыя. Далёка над плошчай разносілася жывая музыка. На пляцоўцы перад ганкам нібы пад шнурок  стала магутная глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка. А на прыступках прыцягвалі позірк жывапісныя кампазіцыі з румяных гарбузоў, яблык  ды іншых натуральных кампанентаў.

І цесна было ад машын, на якіх з розных куткоў раёна прыбывалі дэлегацыі прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці  АПК. У іх складзе кіраўнікі, спецыялісты, прадстаўнікі масавых прафесій, тыя, каго з поўным правам, як бы высакамоўна гэта ні гучала, можна назваць карміцелямі. Менавіта дзякуючы людзям, што вырошчваюць збожжа, даглядаюць жывёлу, вырабляюць малочныя і мясныя прадукты, мы заўжды маем багаты стол, і харчовай бяспецы краіны нішто не пагражае.

Якой прадукцыяй славіцца наш раён, гасцям прапанавала азнаёміцца разгорнутая на другім паверсе ГЦК прэзентацыя, на якой у тым ліку прадставілі свае караваі, як галоўны сімвал Дажынак, усе сельгаспрадпрыемствы. Тут  жа ладзілася і дэгустацыя, працавалі кропкі продажу кандытарскіх вырабаў, мастацкія выставы.

Хвала працавітым рукам

Тым часам у глядзельнай зале свае месцы займаюць перавязаныя чырвонымі стужкамі перадавікі вытворчасці. Як заведзена, першыя рады для аграрнай эліты. Рукі гэтых мужчын яшчэ добра не адмыліся ад уеўшагася за гады мазуту. У парадных пінжаках і сарочках, змяніўшых звычныя спяцоўкі, яны крыху саромяюцца звернутай да іх увагі. У кабіне камбайна ці аўтамабіля героі жніва, напэўна, пачуваюць сябе куды больш камфортна. Чуваць прывітанні, бачны ўсмешкі, пануе добры настрой.

Нарэшце, фанфары абвяшчаюць пра пачатак дзейства. Пасля пралогу жанчын-жнеяк  з бліскучымі сярпамі ў руках сноп каласоў новага ўраджаю прымае старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў.

— Сёння мы аддаем даніну глыбокай павагі ўсім, хто шчыруе на хлебнай ніве, — звярнуўся да аўдыторыі кіраўнік рэгіёна. — Сялянская праца заўсёды была нялёгкай, няпроста складвалася і гэта ўборачная, якую ўскладнілі пагодныя ўмовы. Але гаспадаркі паспяхова справіліся са жнівом. Па ўраджайнасці наш раён заняў другое месца на Гомельшчыне. Дасягнутыя паказчыкі — гэта спалучэнне высілкаў усіх земляробаў, а таксама той падтрымкі і дапамогі, якую аграрнай галіне аказвае дзяржава. Толькі сёлета на развіццё сельскагаспадарчага комплексу накіраваны 1 мільён 243 тысячы бюджэтных сродкаў на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў і мінеральных тукаў.

Віншуючы прысутных са святам, галава раёна сардэчна паздякаваў працаўнікам АПК за адданасць сялянскай справе, майстэрства і любоў да роднай зямлі, за бясцэнны ўклад ва ўмацаванне эканомікі. А потым Віктар Атліванаў распачаў цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў працоўнага саперніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. За дыпломамі, падмацаванымі грашовымі прэміямі, выходзілі кіраўнікі гаспадарак-пераможцаў, лепшыя камбайнеры, вадзіцелі і аператары зернесушыльных агрэгатаў.

Гучыць песня на Палессі

Разам з лідарамі Дажынак сваю мінуту славы таксама атрымалі і іншыя прафесіяналы. З нагоды  Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК цэлая кагорта перадавікоў вытворчасці (трактарысты, рыбаводы, бухгалтары, ветэрынары, меліяратары, апаратчыкі, машыністы і іншыя) ўдастоілася ганаровых грамат і падзяк рознага ўзроўню і адпаведнага матэрыяльнага стымулявання. Узнагароды на свяце ім уручалі кіраўнік раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, прафсаюзныя лідары — раёна і АПК — Уладзімір Гулюта і Уладзімір Радавец.

Асобна і вельмі шчыра прывіталі больш за два дзясяткі ветэранаў-аграрыяў, якія многія гады, знаходзячыся на розных пасадах, мацавалі дабрабыт рэгіёна. У іх адрас гучала нямала ўдзячных слоў і пажаданняў.

Калі пасля выхаду на сцэну схлынулі хвалюючыя эмоцыі і выраўнялася сэрцабіенне, віноўнікі падзеі дарылі свае гарачыя апладысменты артыстам. У канцэрце выступілі самадзейныя калектывы Жыткавічаў і сельскіх устаноў культуры, выхаванцы дзіцячых аб’яднанняў, дашкольнікі. Фінальную песню зал сустрэў стоячы. А вярнуўшыся дадому,  многія з прысутных паспяшаліся на працу. І ў святочныя дні трэба некаму даіць кароў, падвозіць кармы, варыць сыр, даглядаць жывёлу. Сельская праца, як вядома, не мае перапынкаў і выхадных.

Хлеб

Аграрыі Жыткаўшчыны сёлета з кожнага гектара атрымалі 23,5 цэнтнера збожжа. Агульнараённы каравай заважыў 23,5 тысячы тон. Гэтым зернем можна напоўніць амаль 400 чыгуначных вагонаў, састаў з якіх расцягнуўся б на пяць з паловай кіламетраў.

Дошка гонару

Вышэйшага комплекснага паказчыка (найбольшы тэмп росту вытворчасці зерня да трох папярэдніх гадоў і выхад збожжа з балагектара пасяўных плошчаў)  дасягнулі:

*фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба (190 кг на 1 балагектар);

*адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына” (78,6 кг);

*камунальнае сельгаспрадпрыемства “Коленскае” (64,6 кг).

Лідары

Камбайнеры — *Анатоль Кацэвіч з СГ М. Шруба, умоўны намалот 3300 тон; *Генадзь Кот з ААТ “Тураўшчына” (1413 тон); *Віталь Купрацэвіч, Юрый Страха, экіпаж з ААТ “Жыткавічыхімсервіс” (1295 тон).

Вадзіцелі – *Мікалай Маркевіч з ААТ “Тураўшчына” даставіў з поля 2484 тоны; *Уладзімір Клімовіч з ААТ “Тураўшчына” (2330 тон); *Міхаіл Касач з ААТ “Тураўшчына” (1525 тон).

Аператар па дапрацоўцы збожжа  *Аляксандр Маркевіч з ААТ “Тураўшчына”.

Пераможцы  маладзёжнага саперніцтва —*Іван Ракавец, камбайнер  ААТ “Тураўшчына”, намалаціў 1491 тону;  *Аляксандр Бруцкі, вадзіцель ААТ “Людзяневічы”, перавёз 1179 тон.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.