Пра сваю прафесію расказала псіхолаг паліклінікі Жыткавіцкай ЦРБ Вольга Лабада
Калі ў чалавека баліць зуб, ён ідзе да стаматолага, душэўную ж праблему кожны, як правіла, лечыць самастойна. Жанчына можа спавядацца сяброўцы, моцны пол выклікае на дапамогу таварыша і нярэдка алкаголь. Чаму такая метода не дае станоўчага выніку і як знайсці паразуменне ў міжасобавых узаемаадносінах, спытаем у спецыяліста. Пра сваю прафесію расказала псіхолаг паліклінікі Жыткавіцкай ЦРБ Вольга Лабада.
Ваша прозвішча, Вольга Фёдараўна, ва ўрачэбным раскладзе прысутнічае не так даўно. Навошта наогул бальніцы псіхолаг?
Сваю работу я ажыццяўляю па некалькіх напрамках. Найперш гэта перадабортнае кансультаванне жанчын, якіх накіроўваюць гінеколагі. Такая форма з’явілася недзе тры з паловай гады таму, і мне яна даволі падабаецца. Падчас гутаркі важна зразумець, якая прычына падштурхнула цяжарную да такога кроку. Я стараюся давесці да суразмоўцы, што няправільна перакладваць існуючыя праблемы на ненароджанае дзіця. Гэта не проста згустак, на чацвёрты дзень “затрымкі” ў яго ўжо б’ецца сэрцайка. Так ці інакш жанчына ўсё роўна застанецца маці, але забітага малыша. І наступствы аборту абавязкова будуць, калі не фізічныя, то псіхалагічныя.
І шмат бывае такіх кансультацый?
У сярэднім да дзесяці за месяц. Канечне, далёка не з кожнай пацыенткай удаецца размова. Але станоўчыя вынікі ёсць. Майму “першынцу” ўжо споўнілася паўтара года, а ўсяго ўдалося захаваць жыцці 17 дзетак. І ведаеце, многія маці потым з удзячнасцю прызнаваліся, што гэты сын ці дачка змянілі іх існаванне да лепшага.
Акрамя цяжарных, з кім яшчэ працуеце?
З будучымі вадзіцелямі праводзім тэсціраванне на інтэлект, памяць, уважлівасць. А яшчэ да мяне ўрачы накіроўваюць пажылых людзей для дыягностыкі дэменцыі (ўзроставых адхіленняў розуму і зніжэння пазнавальнай дзейнасці) і тых, хто стаіць на ўліку нарколага.
А ці можна трапіць да вас па ўласнай ініцыятыве?
Так. Людзі прыходзяць і самастойна. Напрыклад, летась такіх было 66 чалавек, пароўну мужчын і жанчын, за мінулы кастрычнік толькі першасных – 11. Іх турбуюць розныя пытанні – парушэнне гармоніі ў шлюбе, адсутнасць паразумення бацькоў і дзяцей, праблемы ў працоўным калектыве.
На вялікі жаль, мы развучыліся чуць адзін другога, за рознымі бытавымі дробязямі не заўважаем тых, хто побач. Іншы раз на прыёме мне нават не трэба даваць нейкіх парад, дастаткова проста выслухаць чалавека, і ён сам знаходзіць выйсце з сітуацыі, якая непакоіць.
Вольга Фёдараўна, што скажаце наконт сяброў-скай псіхатэрапіі?
Такія размовы “па душам”, як правіла, не рашаюць праблему. У кожнага сваё жыццё і ўласныя клопаты. У адказ на спавяданне можна пачуць: “Ой, так усе жывуць, цярпі!”. Сябар знаходзіцца, так бы мовіць, унутры сітуацыі, а прафесіянал можа ацаніць яе з боку, дапамагчы чалавеку разабрацца найперш у сабе.
Наогул, я лічу, што гадоў праз 10-20 псіхолагі стануць самымі запатрабаванымі спецыялістамі, нароўні з настаўнікамі і ўрачамі. Сёння ў старэйшага пакалення яшчэ прысутнічаюць адгалоскі генетычнага страху перад савецкай псіхіятрыяй, якая нярэдка карала за іншадумства. Цяперашняя моладзь больш адкрытая ў гэтым сэнсе.
Напэўна многім цяжка распаволіцца, каб вывярнуць душу чужому чалавеку.
Пасля гутаркі некаторыя прызнаюцца: аказваецца псіхолага баяцца не трэба. Дзеля камфортнага адчування ёсць пэўныя прыёмы. Напрыклад, я магу прапанаваць пацыенту заняць любое месца ў кабінеце, нават сваё. Наладзіць размову таксама дапамагае кубак чаю. І самае галоўнае ва ўсталяванні кантакту – жаданне, не перабіваючы, зацікаўлена слухаць. Праз гэта бывае (усміхаецца, – заўв. аўтара), спазняюся на апошні аўтобус.
Зразумела, што інфармацыя не выходзіць за межы пакоя, прыём вядзецца на ўмовах канфідэнцыяльнасці. Чалавек можа назвацца любым прозвішчам, гэта ніяк не паўплывае на яго прафесійны лёс ці што яшчэ.
Штрыхі да партрэта субяседніцы
Вольга Лабада спачатку скончыла ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. Але хутка зразумела, што гэта не яе сфера. Па прыкладу цёткі, якая больш за два дзясяткі гадоў працуе псіхолагам у медцэнтры, набыла прафесію “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі”. Неўзабаве прайшла яшчэ адно двухгадовае профільнае навучанне. Зараз заканчвае акадэмію кіравання. Да канца года плануе атрымаць медыцынскую перападрыхтоўку. Жыве ў Тураве. Стаж працы ў Жыткавіцкай паліклініцы складае сем гадоў.
Выпадак з практыкі
Маці прывяла 13-гадовага падлетка, якога за ўжыванне піва паставілі на ўлік нарколага. З парога паляцелі прэтэнзіі: “Гэта ваша работа”. Пасля гутаркі са школьнікам пытаюся: “Што падабаецца вашаму хлопчыку?” – “Футбол”. – “А мне ён сказаў, што любіць маляваць, а не бегаць з мячом”. Калі працягнула жанчыне сынаву работу, тая не паверыла, што гэта зрабіла яе дзіця.
Спіртныя напоі ў такім узросце – гэта выклік, жаданне да сябе ўвагі: “Мама, мне патрэбна твая дапамога”. Вярнуўшыся на наступны дзень, яна прызналася: “Сын сказаў, што яму захацелася сябраваць з цёцяй псіхолагам: “Яна мяне разумее, а ты ні разу не пацікавілася, чым я хачу займацца”. Мы пагаварылі, ён будзе хадзіць на заняткі па выяўленчым мастацтве”.
Корань адзін, функцыі – розныя
Псіхолаг. Мае вышэйшую профільную (як правіла, педагагічную) адукацыю альбо перападрыхтоўку. Ён працуе з псіхічна здаровымі людзьмі, якія адчуваюць якія-небудзь цяжкасці альбо трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Псіхолаг не выпісвае лякарствы і не назначае медыкаментознае лячэнне.
Псіхіятр. Урач, які атрымаў ў медвузе спецыялізацыю па псіхіятрыі. Ён аказвае дапамогу тым, хто пакутуе на псіхічныя расстройствы, займаецца іх дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай. Асноўны выкарыстоўваемы такім спецыялістам спосаб лячэння – фармакалагічны.
Псіхатэрапеўт. Доктар, што прайшоў дадатковае навучанне ў галіне псіхатэрапіі, мае справу з менш цяжкімі выпадкамі, пераважна псіхагеннага характару. Лечыць пацыентаў як медыкаментозна, так і з дапамогай псіхалагічных метадаў.
Святлана ШАКАЛЯН