Яе душы світанне. Дырэктар Жыткавіцкага ГЦК святкуе юбілей
У дзяцінстве Таццяна Яўлаш была адным з галоўных герояў сямейных святаў. І зараз яна з усмешкай успамінае, як пасля багатага застолля бацька ставіў яе на табурэт, і дзяўчынка на радасць і ўцеху гасцям старанна выводзіла сваю любімую “Ой, капуста! Ой, расада!”. Пасля выканання свяцілася ад шчасця, калі ўсе дружна яе хвалілі і адорвалі ласункамі і апладысментамі. Тады малая нават не думала, што дамашнія канцэрты перарастуць у справу ўсяго жыцця.
Першая гастроль
Свой выбар яна зрабіла свядома. Пасля дзесяцігодкі паступіла ў Мінскі інстытут культуры. А іншага шляху школьная актывістка, спявачка і танцорка для ўласнай прафесійнай кар’еры, акрамя як на культурнай ніве, і не ўяўляла. Пасля заканчэння ў 1980 годзе ВНУ Таццяна Аляксандраўна па накіраванні ўліваецца ў сям’ю культработнікаў Жыткаўшчыны. Да выканання ўскладзеных на яе абавязкаў прыступіла дзявятнаццатага жніўня. У на наступны дзень старэйшыя калегі ставяць перад фактам – вечарам у Чырвоным канцэрт, ты абавязкова павінна прыняць у ім удзел. Хаця ў спеўнай справе Яўлаш ужо даўно была не навічок, падчас студэнцтва выступала і ў інстытуце, і ў сталічных самадзейных калектывах, але ад паступіўшай прапановы разгубілася. Толькі і паспела спытаць:
– Што, без рэпетыцый спяваць?
– Чаму? Вунь баяніст. Ідзі патрэніруйся, –падбадзёрылі маладую вопытныя спецыялісты.
Пасля кароткай размовы з музыкам яны разам прайшліся па яе рэпертуары. Зразумела, ехала дзяўчына на першыя свае гастролі ў пасёлак торфабрыкетчыкаў з апаскай і хваляваннем. Баялася, каб не асароміцца перад публікай. Але ўсе гэтыя страхі імгненна рассеяліся, калі выйшла на сцэну і праспявала першы нумар. У падзяку град апладысментаў, а мясцовыя юнакі проста завалілі букетамі. І неслі іх маладой артыстцы пасля кожнага выхаду на сцэну. Пасля старыя жанчыны жартавалі: гэта ж хлопцы ўсе кветкі, відаць, павыдзіралі з клумбаў, каб спадабацца прыгажуні.
Малады дырэктар
Працоўныя будні прыносілі многа станоўчых эмоцый і ўражанняў. Работы хапала ўсім, толькі паспявай. А старэйшыя спецыялісты аддзела прыглядваліся да маладой каляжанкі, імкнуліся прыгрузіць яе абавязкамі паболей. Адным словам, выпрабоўвалі на трываласць, наколькі ў той хопіць запалу і старання, ініцыятывы, таленту і творчасці. А яны, здаецца, білі ў тыя гады праз край, дзяўчына проста на крылах лятала, аддаючыся без астання любімай справе, аб якой так марыла з дзяцінства. Гэта было заўважана кіраўніцтвам. І Таццяну Яўлаш у 1983 годзе прызначаюць дырэктарам гарадскога Дома культуры. На гэтай пасадзе жанчыне адкрываліся новыя магчымасці для прафесійнага самаўдасканалення, а важней за ўсё, што яна разам з калектывам будзе несці культуру ў масы, працаваць на карысны адпачынак людзей. Планаў у маладога кіраўніка па арганізацыі і разгортванню дзейнасці было вельмі і вельмі шмат. Нават за трыццаціпяцігадовы стаж работы на пасадзе так і не паспела рэалізаваць усе задумы, бо іх скарбонка год ад году толькі напаўнялася новымі і новымі ідэямі.
Пошук талентаў
Людзі дом культуры ў райцэнтры тады наведвалі ахвотна. Занятак па душы знаходзіўся і для пажылых, і для сталых жыхароў, а таксама для моладзі. Весела жылі людзі, цягнула іх да духоўных каштоўнасцяў. І Таццяна Аляксандраўна пачала задавальняць гэтую прагу жыткаўчан. Пад яе кіраўніцтвам у ГДК з культработнікаў і спецыялістаў ЖМЗ стварыўся ансамбль народнай песні “Жытніца”. Тры дзясяткі гадоў радуе сваёй творчасцю калектыў гледачоў. Высокае выканальніцкае майстэрства яго ацэнена ганаровым званнем “народны”. А колькі грамат і дыпломаў за выступленні на розных рэспубліканскіх, абласных конкурсах і фестывалях мае, падлічыць цяжка. Апладысментамі віталі “Жытніцу” і на сцэнічных пляцоўках у краінах блізкага і далёкага замежжа. І зараз ансамбль трымае высокую творчую планку, лічыцца адным з лепшых спеўных калектываў нашага рэгіёна. А стварала яго Таццяна Яўлаш з адной мэтай, каб папулярызаваць народныя песні, выхоўваць да іх павагу ў моладзі. І “Жытніца” з гэтай місіяй спраўляецца выдатна. Дарэчы, на цяперашні час у гарадскім Цэнтры культуры, так сёння называецца ГДК, калектываў са званнем народны налічваецца восем, а калі ўстанову толькі ўзначаліла Яўлаш, быў усяго адзін – хор культработнікаў.
Дзякуючы Таццяне Аляксандраўне на галоўнай канцэртнай пляцоўцы раёна загучалі і матывы іншых народнасцяў, якія насяляюць рэгіён. У прыватнасці, гэта цыганскі ансамбль “Лачшэ дэвіс”. Кіраўнік ГЦК вельмі ўважліва ставіцца да бацькоўскай спадчыны, бо справядліва лічыць, што душа народа без яе пустая, бедная. Са сваёй практычнай дзейнасці яна добра ведае, як гэтае невычэрпнае багацце роднага краю вельмі дапамагала ладзіць культурны адпачынак людзей у часы антыалкагольнай кампаніі.
– У нас як было, без чаркі людзі не ўяўлялі святаў. Цяжка было пераламіць такую псіхалогію, але імкнуліся, – успамінае Таццяна Яўлаш. – Ладзілі безалкагольныя провады ў армію, вяселлі, юбілеі і іншыя мерапрыемствы. У асноўным іх сцэнарый будаваўся на народных звычаях. Людзям падабалася. Хаця, скажу, надзвычай нялёгка было нам настроіць на такі лад правядзення вольнага часу.
Праца без выхадных
Адзначылася Яўлаш на культурнай ніве раёна не толькі сваёй таленавітасцю і творчым падыходам да справы, а яшчэ як і добры арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў. Практычна на ўсіх іх гучыць голас гэтай жанчыны. Але каштоўнейшым здабыткам у яе працы з’яўляецца тое, што кіраўнік многа высілкаў траціць на развіццё здольнасцяў падрастаючых талентаў. На гэта ў ГЦК працуе некалькі студый і гурткоў. І вельмі паспяхова, аб чым жыткаўчане могуць меркаваць па выступленнях дзіцячых калектываў і юных вакалістаў на розных гарадскіх святах.
І такія поспехі невыпадковыя, бо дырэктару ўдалося стварыць дзеяздольны калектыў адзінадумцаў, у якім гарманічна спалучаецца малады энтузіязм і правераны гадамі вопыт. Сапраўды, ёй пашчасціла ў жыцці на добрых людзей, якія яе пастаянна акружалі і акружаюць.
Суботнім ранкам звонкі голас дырэктара ГЦК ў чарговы раз урачыста абвесціць аб пачатку вялікага свята з нагоды нараджэння Жыткавічаў. А далей усе ўбачаць непаўторнае відовішча, з мноствам тэатралізаваных дзей, канцэртаў, конкурсаў, якія гарманічна спалучацца ў яркае суквецце з людскіх эмоцый і усмешак, гарачых апладысментаў і цудоўнага настрою. Менавіта дзеля гэтага працуюць культработнікі і бачаць у тым сваё прафесійнае прызначэнне: дарыць радасць людзям. Калі такое ўдаецца, то для спецыялістаў культурнай нівы раёна гэта найвялікшая і найгалоўнейшая ўзнагарода. А іх у актыве Таццяны Яўлаш і калектыва, якім кіруе, вялікае-вялікае мноства. Менавіта людская ўдзячнасць надае ўсім новых творчых здзяйсненняў, а для жанчыны з’яўляецца душы світаннем.
Сяргей Белка