Праблемы моцныя вырашэннем

“Віктар Адамавіч! Тэлефануе жыткаўчанка Валянціна Хаміцэвіч. Ведаю, людзі больш звяртаюцца да Вас з праблемамі, а я – з падзякай. Самая шчырая Вам удзячнасць за свята горада. Настолькі ўсё было прадумана, гасцінна, урачыста і душэўна, таму атрымала ад мерапрыемства вялікую асалоду. Асабліва імпануе, што не забыліся на ветэранаў-кіраўнікоў. І яшчэ адзначце ўважлівасць Вашага першага намесніка Мікалая П’яўко і начальніка аддзела Сяргея Ахрамовіча, якія хутка і станоўча дапамаглі ў маёй просьбе. Хачу, каб на Вашай пасадзе было як мага болей такіх паспяховых спраў, як прайшоўшы дзень горада”.

Менавіта на такой станоўчай ноце распачалася  ў старшыні райвыканкама гутарка з жыхарамі рэгіёна. І хаця пазней  размова перайшла ў рэчышча  разнастайных буднічных праблем, але  атрымалася даволі канструктыўнай і ўзаемакарыснай.

Званкі паступалі да кіраўніка бесперапынна. Жыхарку райцэнтра Насцю Бакуновіч цікавіў лёс спартыўнай пляцоўкі ў мікрараёне Паўночны. Адказам яна засталася задаволеная. Як патлумачыў Віктар Адамавіч, за міні-стадыён адпаведныя службы возьмуцца адразу, як толькі закончаць добраўпарадкоўваць тэрыторыю ля бальніцы. Таму чакаць засталося не так і шмат.  На пляцоўку падвязуць грунт, разраўняюць яго і засеюць травой, каб яна вясной добра ўкаранілася.

– А можа  ёсць магчымасць падключыцца да сацыяльнага праекту  «Банфэста – дзецям»,  і стварыць штучнае поле. Я ў “Новым Палессі” чытала, што такі рэалізуецца ў розных раёнах краіны, – выказала  сваю прапанову наконт рашэння праблемы субяседніца.

– Згодны з вамі, разгледзім і такі варыянт, – падтрымаў ідэю Атліванаў.

Як заўсёды актыўнасць праявіла Надзея Лядвік, якая падрабязна расказала пра недапрацоўкі, што дапускаюць у рабоце працаўнікі камунальнай службы. З вуліцы Рэспубліканскай цікавіліся, калі падрамантуюць там дарогу, а пенсіянерка з Энгельса прасіла прыняць меры ўздзеяння на прадпрымальніка, які ў непасрэднай блізкасці ад яе дома адкрыў мыйку вялікагрузных аўтамашын.

Былі тэлефанаванні і з раёна. У прыватнасці, два паступілі з пасёлка Хваенск. Звярнуцца да кіраўніка рэгіёна людзей вымусіла безвыходнасць, у якой апынуліся. Адна жанчына маліла, каб дапамаглі набыць уцепленую дымаходную трубу для качагаркі, другая – аб набыцці ва ўласнасць паловы дома, што належыць прадпрыемству. І хаця гэта не ў кампетэнцыі раённай улады, Віктар Адамавіч запэўніў, што іх праблемы пастараюцца вырашыць.

Усяго за гадзіну на прамую лінію старшыні райвыканкама паступіла дзесяць тэлефанаванняў. Але было бачна, што  кіраўнік  кожны сігнал  аб дапамозе  разабраў дэталёва і падрабязна патлумачыў людзям аб прымаемых захадах па выпраўленні сітуацыі. І калі ўсё атрымаецца, як гэта было абвешчана, слоў падзякі ў адрас ўладаў абавязкова пабольшае.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.