Парадавалі жыткаўчан на любы густ

 

Прайшоўшы  на сцэне Жыткавіцкага раённага цэнтра культуры занальны тур абласнога конкурсу аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Захапленні на любы густ” яскрава прадэманстраваў, што таленавітым людзям ніякі ўзрост не перашкода. Настолькі моцна ўдзельнікі форуму зачаравалі ўласнымі творчымі здабыткамі гледачоў і членаў журы.

Напачатку ўсе змаглі ацаніць гэта на выставах вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кулінарных спраў. Чаго там толькі не было: і вышыванкі, і карціны, і саматканыя посцілкі, а разнастайных нацыянальных блюдаў не пералічыць.

Не менш напружана ішло змаганне і на сцэне. Удзельнікі калектываў па інтарэсах з васьмі раёнаў Гомельшчыны  ў сваіх візітках расказвалі пра свае захапленні. Якіх толькі форм не выкарыстоўвалі для гэтага:  песні і танцы, тэатралізаваныя пастаноўкі,  вершы і прыпеўкі. І самае цікавае, што многія з іх артысты склалі самі. У гэтай творчай палітры не згубілася і выступленне прадстаўнікоў нашага рэгіёна. Яго гонар на конкурсе адстойваў народны клуб аматараў народнай песні каму за пяцьдзясят “Сябрына”  з Ленінскага МЦК. Сваімі жартамі жанчынкі з гэтага аматарскага аб’яднання не раз вымушалі ўзрывацца залу выбухамі смеху і апладысментаў. Увогуле аптымістычная аснова на мерапрыемстве з’яўлялася вызначальнай. Таму ўся дзея прайшла на адным дыханні і з прыўзнятым настроем. Зразумела, гэтая акалічнасць у пэўнай ступені надала працы журы, каб вызначыць пераможцаў.

Сяргей Белка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.