Тарфяныя Будні Завода
Да прафесійнага свята падышлі грунтоўна і маштабна ў ААТ «Жыткавіцкі торфабрыкетны завод». Будучы адзіным падобным прадпрыемствам у вобласці, ён працуе з максімальнай аддачай і дамагаецца з кожным годам усё лепшых паказчыкаў. Нягледзячы на цяжкасці тут удаецца атрымліваць добры прыбытак і без дапамогі ад іншых знаходзіць магчымасці для развіцця.
Сёння ТБЗ стаіць на шляху новай эры, якая не за гарамі ў амаль пяцідзесяцігадовага прадпрыемства.
Не будзе лішнім нагадаць, што ў чэрвені пачата мадэрнізацыя чацвёртай чаргі завода, а гэта – рэанімацыя даху вытворчага корпуса брыкетнага цэха, стварэнне маланкааховы, дэмантаж тэхналагічнай сістэмы завода №2. Таксама заключаны дагавор з НДІ «Белгіпрапалівагаз» на праектныя і пошукавыя работы па мадэрнізацыі брыкетнага завода (3-я чарга будаўніцтва). Акрамя таго, ідзе рэканструкцыя бытавога і вытворчага карпусоў, вынас інжынерных камунікацый, уладкаванне пажарнага водазабеспячэння, замена абсталявання ГРУ-10 кВ, рэканструкцыя пажарнай сігналізацыі і сувязі, замена маставога крана.
Усе гэтыя змены адбываюцца дзякуючы чалавеку, які шэсць гадоў таму ўдыхнуў іншае, перспектыўнае жыццё ў прадпрыемства, даўшы надзею на вялікія перамены. Віктар Купрацэвіч – не проста дырэктар, а асоба, якая прысвячае ўсю душу арганізацыі і людзям у ёй, стварае новыя планы і ідэі, натхняючы ўвесь калектыў.
Але, пры актыўным росце, як і на любым прадпрыемстве, у торфабрыкетнага ёсць свае цяжкасці.
– Паколькі прыйшлося спыніць вытворчасць на чатыры месяцы, не выпускаем асноўную прадукцыю, і, натуральна, эфектыўнасць працы зніжана. Аж на 30% атрымаем менш тавару. Мы вымушаныя працаваць у рэжыме пошуку дадатковых рэзерваў, бо неабходна выплачваць заработную плату, падаткі… Але, нягледзячы на гэта, атрымліваем дадатковы прыбытак за кошт нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны і яе рэалізацыі, – распавядае Віктар Прохаравіч. – У цэлым 2018 год мы плануем завяршыць рэнтабельна. Рабочыя ставяцца з разумеем да вызначаных задач, не забываюць, што пасля мадэрнізацыі мы пяройдзем на новы перспектыўны ўзровень, а таму ўдаецца працаваць у максімальна паскораным рэжыме.
На ТБЗ ўжо здабылі неабходную колькасць сыравіны, а гэта амаль 180000 тон фрэзернага торфу, і заключылі дамовы на пастаўку прадукцыі.
– Вытворчасць наша даволі-такі спецыфічная і вузканакіраваная. Але акрамя торфу на станцыі перагрузкі мы рэарганізаваліся і аказваем беларускім прадпрыемствам і пастаўшчыкам паслугі па адгрузцы шчэбня. Асвоілі гэты напрамак і будзем развіваць яго далей, – кажа Віктар Купрацэвіч.
Залатыя кадры
Кароль камандзіровак
Менавіта так можна сцісла ахарактарызаваць працу Уладзіміра Чарнагалова, які ў сярэднім па чатыры разы за месяц выязджае за межы раёна. Скалясіў начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і маркетынгу практычна ўсю краіну і мінусам частую адсутнасць дома не лічыць. Хіба толькі з-за таго, што прыходзіцца пакідаць сям’ю. Пасля школы жыхар Востранкі вучыўся ў Пскоўскай вобласці, затым служыў ў Маскве, далей брат уладкаваў яго майстрам у адзін з цэхаў ТБЗ. Так і застаўся тут, але аб гэтым не шкадуе. Жыццё ў невялікім пасёлку яго цалкам задавальняе.
Асноўная задача спецыяліста – забяспечыць завод матэрыяламі і запчасткамі, з якой ён спраўляецца і менавіта таму яго абавязкова ўзнагародзяць граматай за поспехі ў працы на маючым адбыцца свяце.
Жыццё складаецца з лічбаў
Таццяна Козел– галоўны эканаміст на ТБЗ і адна з тых, каго ў гэтым годзе адзначылі за асаблівыя старанні.
Калегі кажуць аб Таццяне, як чалавеку вельмі сціплым, прафесійныя ж якасці калектыў характарызуе так: «Адказная, кампетэнтная і пунктуальная».
Яна без зазірання ў дакументы памятае кожны паказчык і з лёгкасцю адказвае на любое пытанне, якое тычыцца працоўнай дзейнасці. І больш цяжка, баючыся памыліцца, успамінае час, калі ўпершыню ступіла на парог ТБЗ.
Усё жыццё Таццяна прысвяціла Жыткавіцкаму раёну, пасля роднага Хваенска дзяўчына толькі на час вучобы адпраўлялася ў Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. У Чырвонае яе прывяло каханне і з 2005-га года ў завода з’явіўся новы эканаміст.
Самы сціплы спецыяліст
Машыніст брыкетнага прэса Яўген Бердніковіч – чалавек справы, а не слова, таму распавядаць аб сабе ён не любіць, але з журналістам раёнкі асабістай інфармацыяй усё ж падзяліўся.
Родам з Салігорскага раёна, ён пераехаў на Жыткаўшчыну дзякуючы жонцы, якую сустрэў менавіта ў пасёлку.
З 2007-га года займаецца выпускам брыкету, стаіць на прэсе. Яўген Мікалаевіч прызнаецца, што пасля замены абсталявання на новае працаваць стала ў разы прасцей і, што самае галоўнае, больш эфектыўней.
Яго напярэдадні прафесійнага свята таксама адзначылі як лепшага супрацоўніка цэха. І гэта ня дзіва, бо адносіцца добрасумленна да сваіх абавязкаў і вельмі старанны.
«Забіраю працу дадому»
Начальніка вытворчага ўчастка Юрыя Агіевіча ў гэтым годзе адзначаць граматай Міністэрства энергетыкі. І такая ўзнагарода, кажуць калегі, цалкам заслужаная. Гэты чалавек, калі можна так сказаць, жыве на працы, дыхае ёй і ўсе сілы аддае на агульную карысць. На ТБЗ Юрый Іванавіч вось ужо шэсць гадоў. Быў калісьці начальнікам брыкетнага цэха, цяпер – участкаў торфаздабычы.
Карэнны жыхар Чырвонага абзавёўся сям’ёй у родным пасёлку і выхоўвае дваіх дзяцей.
Як кіраўнік ён вельмі патрабавальны, любіць дысцыпліну і негатыўна ставіцца да гультаёў. Нягледзячы на такія асабістыя якасці, з падначаленымі мужчына ў даволі сяброўскіх адносінах, але, прызнаецца, часцяком даводзіцца выкарыстоўваць метад бізуна, але без перніка.
– Я начальнік двух ўчасткаў, адзін – у Замошшы, дзе распрацоўваем новыя палі здабычы, – распавядае спецыяліст. – Як і ў любой дзейнасці, сустракаюся з цяжкасцямі. Гэта – захаваць здабыты торф, што, вядома, мае ўласцівасць загарацца.
Юрый Агіевіч прызнаецца, што ён адзін з тых людзей, якія не пакідаюць працу за дзвярыма прадпрыемства, а прыносяць усе службовыя думкі дадому і часам не спяць па начах, перажываючы, што маглі зрабіць нешта не так.
Аб выніках
Калі ў лічбах, то з пачатку гэтага года торфабрыкетны завод здабыў 178 тысяч тон торфу пры плане 170, а гэта вышэй амаль на 20% у параўнанні з такім жа папярэднім перыядам. Выраблена 53,9 тысячы тон брыкету. ТБЗ выканаў план на 118%, тэмп росту склаў 91,9%.
На сёння прыбытак спыніўся на лічбе 461 тысяча рублёў (у 2017-ым – 325 тысяч).
Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 9,6%.
Штат завода практычна не змяніўся: на торфабрыкетным працуе 241 работнік. Штогод, па словах спецыяліста аддзела кадраў, калектыў маладзее, прыходзяць выпускнікі навучальных устаноў (у жніўні ўладкаваліся двое). Сярэдні ўзрост складае 42 гады.
Не забываюць на прадпрыемстве і пра пенсіянераў. Усіх 169 былых работнікаў імкнуцца прыгадаць, калі налічваюць прэміі да святаў, віншуюць з урачыстасцямі, запрашаюць на мерапрыемствы.
Дарэчы, будучае свята – 50 гадоў Чырвонаму – арганізавана пры падтрымцы менавіта торфабрыкетнага.
У наступным годзе ТБЗ адзначыць 50-гадовы юбілей, а сёння ў Чырвоным праходзіць урачыстасць з нагоды Дня нараджэння пасёлка (50 гадоў) і прафесійнага свята работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці
Дзіяна Рыдзецкая