Перажылі дэфіцыт, перажывем і дастатак
Жыткаўчанка Людміла Дземідовіч сорак чацвёрты год працуе ў гандлі і лічыць, што з прафесіяй ёй пашанцавала. Якія толькі пакупнікі не сустракаліся за гэты час, але да кожнага яна старалася ставіцца добразычліва і з павагай. Гэты прынцып спавядае і сёння.
Насамрэч, пасля школы жыхарка Остранкі хацела стаць зубным тэхнікам, ды паступаючы ў вучылішча, не прайшла па конкурсу. У выніку белы халат усё роўна апранула, толькі не медыка, а прадаўца. Гэта ў сучасных работнікаў прылаўка спецвопратка можа быць каляровай, а раней насілі толькі белую.
– Як усе дзеці, мы гулялі ў магазін, з цаглінкі і дошчачкі рабілі вагі, а грашыма былі лісточкі дрэў ці паперкі, – прыгадвае першыя памкненні да будучай спецыяльнасці Людміла Уладзіміраўна. – Любіла з маленства хадзіць у краму, у нас працавала Таццяна Адамаўна Лопіч, і я часта дапамагала ёй выкладваць на паліцы тавар, яна навучыла мяне падсумоўваць на драўляных лічыльніках. Каб не марнавацца без справы, пайшла ў райсаюз на шасцімесячныя курсы, была тады такая форма навучання як школа-магазін. Калі працаваць пачала, то і на спецыяліста аховы здароўя ісці перадумала. Пра гэта зараз ніколькі не шкадую.
Першы вопыт маладая дзяўчына атрымлівала ў роднай вёсцы. Прыйшла на час водпуску падмяніць папярэдніцу, а па факту затрымалася тут на сем гадоў. Остранка ў сярэдзіне 70-ых была гаманкая – з клубам, бібліятэкай, моладзі багата. За прылаўкам нашу гераіню заўважыў будучы муж Уладзімір, ён тады шчыраваў механікам на Грэбянёўскім меліярацыйным участку ПМК-66. Пасля нараджэння сына і дачкі сям’я перабралася ў райцэнтр. Дземідовічы атрымалі кватэру, а гаспадыня – новую работу.
– Месца мне знайшлося толькі ва ўнівермазе, – успамінае наступную старонку біяграфіі Людміла Уладзіміраўна. – І я, скажу шчыра, засумавала. Цэлы дзень стаяць на зале – не маё, я рух люблю, прылавак. Хаця іншы раз хапала адрэналіну і там, калі чэргі з ночы стаялі, многія ж тавары былі дэфіцытам. Моладзі зараз, пры цяперашнім дастатку, і ўявіць цяжка, каб нечага не ставала.
Неўзабаве прадаўца перавялі ў харчовы магазін “Сельгаспрадукты”, што быў на вуліцы Карла Маркса побач з нарыхтоўчым. На гэтым месцы жанчына адрабіла 26 гадоў, перажыўшы не адну дэнамінацыю, а яшчэ талонную сістэму і шэраг розных тэхнічных навацый. А як гандлёвай кропкі не стала, перайшла ў суседнюю, №5, больш вядомую як “Забота”. Людміла Уладзіміраўна ў гэтым раёне ведае амаль усіх жыхароў, вывучыла іхнія гастранамічныя густы і нават характары. Пераборліваму сварліўцу лепш змоўчыць, з іншым, наадварот, падтрымае гутарку, а каму і жартам настрой падыме. Паспяховы прадавец заўжды добры псіхолаг.
– Люблю сваю справу, – прызнаецца субяседніца. – І на другую не прамяняла б ніколі. Хаця яна не з легкіх. Раней фізічна было цяжэй, затое зараз маральна бывае няпроста, народ стаў іншы, напэўна, больш нецярплівы. На паліцах хапае усяго, толькі ў адносінах ветлівасці мала становіцца. Але мне ўсё ж шанцуе на добрых людзей і асабліва калег. У ”Сельгаспрадуктах”, напрыклад, больш за два дзесяцігоддзі працавала з Аленай Іванаўнай Петрушкевіч, а зараз выдатна ладзім з яе дачкою Анжэлай Рудкоўскай. Гэта вельмі важна, каб у калектыве панавала паразуменне.
Людмілу Дземідовіч неаднаразова адзначалі як лепшага работніка спажыўкааперацыі, яе фота ўпрыгожвала Дошку гонару прадпрыемства. Жанчына выгадавала добрых дзяцей, якія падаравалі бабулі ўнука і ўнучку.
Святлана ШАКАЛЯН