Пры аншлазе прайшоў канцэрт народнага ансамбля народных інструментаў выкладчыкаў Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Уладзіміра Будніка
Мяркуючы па добрым настроі гледачоў, з якім яны пакідалі залу ўстановы, калектыў у чарговы раз парадаваў усіх сваім высокім выканальніцкім майстэрствам.
Што ансамбль жаданы госць на розных святах, а таксама сцэнічных пляцоўках і карыстаецца вялікай папулярнасцю у жыткаўчан, стала зразумелым яшчэ да пачатку мерапрыемства па водгуках тых, хто на яго прыйшоў. Людміла Траяноўская проста сыпала кампліменты ў адрас артыстаў і іх кіраўніка Ірыны Белавус. Жанчына ў свой час, калі вучылася ў музычнай школе, а потым і выкладала, выступала ў ансамблі. Успомніла яна нямала і знакамітых землякоў, якія ігралі ў ім. Ды і цяпер Людміла Сцяпанаўна актыўна супрацоўнічае з музыкантамі. Таму, як старажыл, лічыць, што творчы шлях ансамбля пачынаецца з 1968 года, а гэта паўвека плённай дзейнасці на культурнай ніве. Магчыма гэта і так. Толькі афіцыйным годам нараджэння ансамбля з’яўляецца 1977, а першым яго кіраўніком Людміла Шаўчэнка. Але падаецца, што галоўнае не ў гэтых лічбах, а ў тых дасягненнях, якіх за час існавання дабіліся артысты.
– Асабліва выніковымі ў творчым плане для выкладчыкаў музычнай школы аказаліся апошнія дваццаць пяць гадоў, калі ў 1993 калектыў узначаліла Ірына Белавус, настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па класу акардэона, – гаворыць Людміла Траяноўская. – Пры ёй рэпертуар стаў намнога багацейшым і складанейшым. Анасамбль пачаў выконваць класічную і сучасную музыку, творы замежных, рускіх і беларускіх кампазітараў, народныя і папулярныя мелодыі. Больш яркімі і разнастайнымі сталі іх аранжыроўкі. Гэта сведчыць толькі аб адным, што Ірына Леанідаўна надзвычай творчая і здольная асоба, талент і мэтанакіраванасць якой натхняюць музыкантаў на новыя здзяйсненні. І ўсё гэта гарманічна спалучаецца з надзвычайнай сціпласцю жанчыны.
Безумоўна, што з такой любоўю да народнага ансамбля народных інструментаў адносіцца не адна Траяноўская, але і кожны яго ўдзельнік. Зараз у калектыве налічваецца шаснаццаць чалавек, выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Менавіта яны разам у вольны час збіраюцца на рэпетыцыі, каб потым са сцэны зачароўваць хараством музыкі гледачоў. Так было і на апошнім канцэрце. Зала настолькі праніклася чароўнымі гукамі мелодый, што першыя нумары сустракала авацыямі, якія не сціхалі да самага канца імпрэзы. Тым самым ансамбль пацвердзіў свой прафесіяналізм. А ён музыкантамі шліфуецца пастаянна. Значныя поспехі калектыў чэрпае ў абменных канцэртах паміж школамі мастацтваў. У 1995 годзе ансамбль выступіў з сольнай праграмай на абласным тэлебачанні, а ў 2003 – на абласным туры рэспубліканскага агляду-конкурса метадычнай і творчай работы выкладчыкаў ДШМ. Жыткавіцкія віртуозы пастаянныя ўдзельнікі абласных фестываляў аркестраў, ансамбляў струнных народных інструментаў “Мелодыі роднага краю” імя Жыхарава. На чацвёртым з іх калектыў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені, а на сёмым – граматай за захаванне музычных традыцый і развіццё народнай музычнай творчасці. У скарбонцы ўзнагарод і ганаровыя граматы аддзела культуры райвыканкама. Высокае выканальніцкае майстэрства ансамбля выкладчыкаў Жыткавіцкай ДШМ заўважана і на ўзроўні Міністэрства культуры краіны. 7 ліпеня 2004 года калектыву прысвоена ганаровае званне «Народны». Немалы ўклад артысты ўнеслі і ў развіццё міжнародных культурных сувязей, у прыватнасці з Германіяй, за што таксама атрымана падзяка.
Зразумела, што за ўсімі гэтымі поспехамі нястомная праца выкладчыкаў школы і кіраўніка калектыву. Вось і на прайшоўшым канцэрце ансамбль практычна прэзентаваў сваім прыхільнікам новую праграму, якую падрыхтаваў літаральна за некалькі месяцаў. Гэтая акалічнасць таксама сведчыць аб теленавітасці выканаўцаў і іх высокай працаздольнасці, што паміж імі існуе моцная духоўнная і творчая повязь, якая праверана на трываласць многімі выступленнямі і рэпетыцыямі. А яшчэ высокі ўзровень падтрымліваецца павагай да свайго гледача, які, як паказала мерапрыемства, вельмі адданы сваім кумірам.
– Са здабыткамі народнага ансамбля народных інструментаў выкладчыкаў Жыткавіцкай ДШМ знаёмая яшчэ з тых часоў, калі мае дзеці вучыліся ў музычнай школе, – расказвае Наталля Макарэвіч. – Таму і цяпер кожны канцэрт гэтага самабытнага калектыву для мяне надзвычай вялікае свята, столькі атрымліваеш асалоды і станоўчых эмоцый ад іх выступлення, што зарад бадзёрасці табе забяспечаны надоўга.
– Проста цуд. Эмоцыі б’юць праз край, – не хавае радасці і Таццяна Ярэміч. – Канцэрт класны.
І такіх шчырых прыхільнікаў у ансамбля народных інструментаў вельмі шмат. Яны не толькі падтрымлівалі артыстаў з залы, але і сумесна з аркестрам выконвалі нумары на сцэне. Гэта і тая ж Людміла Траяноўская, і Уладзімір Ярэміч, і Сяргей Макарэвіч, і Ларыса Альвінская, і ўзорны інструментальны ансамбль “Брава”, і многія іншыя. Дарэчы, стварэнне апошняй групы таксама справа Ірыны Белавус, якая сабрала ў калектыў навучэнцаў старэйшых класаў музычнай школы. Вопытны педагог хутка наладзіў дзелавую і творчую дзейнасць сярод таленавітых падлеткаў, таму і поспехі прыйшлі да юных музыкантаў вельмі хутка.
…Зала ў чарговы раз узрываецца апладысментамі. Але эмоцыі затухаюць адразу ж пасля першага ўзмаху дэрыхорскай палачкі Ірыны Белавус, якой яна падае каманды музыкантам. І ў поўнай цішыні разносяцца прыгожыя гукі мелодый і спеваў, якія так лашчаць слых гледача, і ў гэтыя хвіліны здаецца, што вось яно сапраўднае чараўніцтва, якому не будзе канца.
Сяргей БЕЛКА