Сённяшні дзень для многіх жыхароў Жыткаўшчыны пройдзе на свежым паветры за высакароднай справай навядзення парадку на роднай зямлі
У фонд рэспубліканскага суботніка, паведамілі ў аддзеле эканомікі раённага выканаўчага камітэта, наш рэгіён плануе пералічыць каля 17 з паловай тысяч рублёў. Мяркуецца да ўдзелу ў важнай місіі далучыць звыш 13 тысяч чалавек. Частка людзей застанецца на сваіх працоўных месцах – у полі і на фермах, бальніцах, заводах і камбінатах. А большасць калектываў, уносячы пасільны ўклад у паляпшэнне стану сваіх паселішчаў, пасля доўгай зімы зоймуцца навядзеннем чысціні — будуць убіраць смецце, азеляняць тэрыторыі, абнаўляць агароджы, рыхтаваць клумбы, рабіць усё дзеля таго, каб наша асяроддзе станавілася больш прыгожым і зручным для жыцця.
Таксама не павінны застацца ў баку ад акцыі пенсіянеры і члены грамадскіх аб’яднанняў. Гэтым днём і школьнікі замест падручнікаў і камп’ютараў возьмуць у рукі граблі і мётлы, каб працай даказаць, што дарослыя могуць ганарыцца маладой зменай.
Нагадаем: сёлетні суботнік прысвечаны Году малой радзімы. Заробленыя сродкі, як адзначалася, пойдуць на далейшае добраўпарадкаванне населеных пунктаў і месцаў воінскай славы, падрыхтоўку дзіцячых летнікаў, а другую частку накіруюць для закупкі медыцынскага абсталявання.