З лёгкай парай: напрыканцы мінулага тыдня ўрачыста адкрылі сацыяльна-важны для гараджан аб’ект
У райцэнтры нарэшце вырашылася праблема з лазневым абслугоўваннем жыхароў. Напрыканцы мінулага тыдня ўрачыста адкрылі сацыяльна-важны для гараджан аб’ект. Значнасць такой падзеі на прайшоўшым з такой нагоды мерапрыемстве падкрэсліў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч. Ён жа сумесна з начальнікам ПМК-76 Дзмітрыем Швяцом і намеснікам дырэктара КУП «Жыткавіцкі камунальнік» Васілём Грамовічам перарэзалі чырвоную стужку.
Будаўнікі на рэканструкцыі лазні пашчыравалі на славу. На гэта затрачана 628744 рублі. Але ўкладданне грошай вартае таго. Найперш непазнавальна змяніўся сам фасад будынка. Цяпер у ім прадугледжаны поўны набор памяшканняў для паспяховай эксплуатацыі. Навінкі чакаюць наведвальнікаў ужо ў вестыбюлі і касе, дзе ўстаноўлены камплект абсталявання з праграмным забеспячэннем плацёжна-прапускной сістэмы. Яна рэгулюе час знаходвання чалавека ў межах адведзенага на сеанс памыўкі і дазваляе правесці дадатковую аплату звыш устаноўленага тарыфу. Яго працягласць складае дзве гадзіны.
Значна зручнейшымі сталі раздзявалка, мыльная і парыльня, а таксама дзве душавыя, санвузел. Усё абсталяванне тут таксама новае. Наведваць лазню таксама змогуць і асобы з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх зроблена спецыяльная душавая. Для выключэння перарасходу вады наведвальнікамі лазні прадугледжаны душавыя з аўтаматычным кіраваннем, якія рэагуюць на прысутнасць чалавека пры дапамозе датчыкаў. Абсталяваны пакой памывачнай і парцыённа-нажымнымі кранамі з аўтаматычным адключэннем вады, а санвузлы – сэнсарнымі бескантактнымі змешвальнікамі на ўмывальніках. Асвятляцца пакоі будуць светадзіёднымі ліхтарамі. Нямала станоўчага ўкаранено і ў сістэмы ацяплення і вентыляцыі.
Пасля рэканструкцыі ў лазні могуць адначасова прымаць аздараўленчыя працэдуры шаснаццаць чалавек. Працаваць аб’ект будзе два разы на тыдзень: па суботах і нядзелях з сямі раніцы да дзевятнаццаці вечара. Абслугоўванне мужчын і жанчын наладзяць папераменна.
Згодна з праектам запрацуюць у лазні і цырульня з буфетам. Наладзіць іх дзейнасць прапануецца арандатарам. Безумоўна, усе, хто прыйшоў на адкрыццё лазні, засталіся задаволенымі. А наколькі лёгкім акажацца тут пара, жадаючыя змогуць ужо ў бліжэйшыя выхадныя.
Сяргей БЕЛКА