У раскладзе дня –сканцэнтраваная і ініцыятыўная работа
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі краіны за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў мінулым годзе, былі ўнесены прапановы адносна дадатковых мер для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту і выхаду на заданні пяцігодкі.
Асаблівая ўвага была ўдзелена мерам, што прымаюцца па забеспячэнні занятасці, павышэнні аплаты працы і пенсій, тэме зніжэння інфляцыі, абмеркаваны перспектывы нарошчвання ў 2018 годзе золатавалютных рэзерваў Беларусі і скарачэння валавога знешняга доўгу, удзел банкаўскай сістэмы ў развіцці эканомікі краіны.
Пра лічбы і сутнасць
«Ва ўрадзе шмат размоў аб пазітыўных зрухах. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб задавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых поспехаў», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, якія перспектывы і што ёсць у арсенале ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.
«Хачу зразумець: з’яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый або гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі – цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?» – спытаў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у розныя лічбы. Інфармацыя, якая мне паступае, сведчыць аб тым, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць, – адзначыў Прэзідэнт. – Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым – паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы – гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане».
Пра ВУП і асновы росту
Кіраўнік дзяржавы канста-таваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25 працэнтаў, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6 працэнтаў. Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю – фінансавы крызіс, кан’юнктура, з’яўляюцца проста адгаворкамі. «Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Ураду і аблвыканкамам пастаўлена задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт паставіў задачу дасягнуць у наступнай пяцігодцы ВУП $100 мільярдаў. «Толькі гэта дасць магчымасць мець зарплату $1 тысячу і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі «хоць бы дажыць да 2025 года» – недапушчальныя», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль з актываў ва ўрада – ВУП $54 мільярды.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што асновай росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2017 годзе былі не ўнутраныя фактары. «У нас хоць хто-небудзь укараніў дзе-небудзь інавацыйныя тэхналогіі? Сталі масава выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю? Прадукцыйнасць працы наблізілася да еўрапейскай? Аб гэтым сёння нават ніхто не згадваў, таму што мы маем бледны выгляд у гэтым», – канстатаваў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што рэальнага павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў пакуль не адбываецца. Аб прарыўных тэхналогіях, новых вытворчасцях, інавацыйным шляху развіцця гавораць трэцюю пяцігодку. «Але пры гэтым ідзём у Еўропу з таварамі, якія былі вынайдзены яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ну, можа, крыху палепшылі іх па якасці, пафарбавалі іншай фарбай. Высокіх тэхналогій няма. Нават у сярэднетэхналагічным сектары працуюць толькі 15 працэнтаў занятых, і толькі 600 тысяч чалавек могуць зарабіць Br1 тысячу і больш», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Маё патрабаванне заключаецца ў тым, каб ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць добрыя грошы, а не проста выплачваць зарплату», – адзначыў
Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што высокапрадукцыйных рабочых месцаў – прыкладна 5 працэнтаў ад створаных.
Пра інвестыцыі і экспарт
Прэзідэнт лічыць, што ў мінулым годзе зроблена нямала, але патрэбна больш тонкая работа па наладжванні эканомікі. «У ёй яшчэ шмат бар’ераў або нават проста недакладных фармулёвак, якія скажаюць практыку, ствараюць няроўныя ўмовы. У выніку некаторыя суб’екты гаспадарання, асабліва дзяржаўныя, не хочуць варушыцца і паснулі», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, зніжэнне прытоку замежных інвестыцый з 2013 года стала трывожнай тэндэнцыяй. Ён запатрабаваў разабрацца ў прычынах, галоўнай з якіх лічыць непаваротлівасць урада: «Толькі адзін інвестыцыйны Дэкрэт № 10 вы карэкціруеце больш як год, і прапаноў у мяне да гэтага часу няма».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс інвесціравання павінен быць пастаянным, каб як мінімум захоўваць канкурэнтаздольнасць. «Узровень дыялогу і хуткасць вырашэння пытанняў павінны быць такімі, якія патрэбны дзелавому чалавеку. Ніякай валакіты і бюракратызму», – запатрабаваў Прэзідэнт.
Закранаючы ў цэлым нарошчванне экспарту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага часу не вырашана праблема таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі. Сёння гэта пытанне бяспекі.
Прэзідэнт нагадаў, што ніколі не ставіў задачу выходзіць з расійскага рынку. «Але трымацца толькі за гэты рынак, калі нас выцясняюць канкурэнты, прытым неканкурэнтнымі спосабамі, не варта. Асабліва калі гэта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Ніякі прыбытак не варты незалежнасці», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Пра фінансы і цэны
Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму інструментаў фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі. «Нацыянальны банк – гэта заканадаўца работы банкаўскай сістэмы. Вы павінны ствараць такія ўмовы, якія спачатку вырашалі б праблемы эканамічнага росту і толькі потым рабілі банкаўскі бізнес прывабным. А пакуль у нас больш выгадна гандляваць грашыма, чым вырабляць прадукцыю. Гэта няправільна», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрыманне нізкай інфляцыі застаецца прыярытэтам эканамічнай палітыкі, важна дабіцца нізкай інфляцыі не толькі на паперы, але і ў жыцці: «Ваша задача – каб рост цэн для насельніцтва перастаў быць праблемай нумар адзін. Пакуль інфляцыйныя чаканні насельніцтва высокія. Амаль 90 працэнтаў упэўнены, што тавары і паслугі будуць расці. Гэта ненармальна».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рост золатавалютных рэзерваў – важная задача, забяспечыць вырашэнне якой трэба, але толькі не за кошт даўгавых грошай. «Сёння нам трэба максімальна пазбавіцца ад знешніх даўгоў. Яны скоўваюць нашы магчымасці, асабліва сацыяльныя, – заявіў Прэзідэнт. – Аддаваць каля 10 працэнтаў ВУП толькі на абслугоўванне дзярждоўгу – недазвольная раскоша».
Пра вынікі і перспектывы
Прэзідэнт падкрэсліў, што для простага чалавека важны вынікі, а не пастаянныя дыскусіі аб шляхах развіцця. «Бягучы год – гэта цэнтральны год пяцігодкі. Людзі павінны адчуць рэальнае паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы, убачыць, што могуць зарабляць больш і на гэтай аснове забяспечыць сабе дастойную якасць жыцця», – заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу ўдзяліў тэме моладзі. Кожны трэці беспрацоўны – ва ўзросце да 30 гадоў. На 40 працэнтаў павялічыўся адток насельніцтва для работы за мяжой. Нават паводле афіцыйных даных колькасць знешніх працоўных мігрантаў дасягнула самага высокага значэння за апошнія 5 гадоў.
«За мінулыя 17 гадоў, калі мы больш-менш цвёрда сталі на ногі і пачалі развівацца, зарплаты выраслі ў 5 разоў, а прадукцыйнасць працы – прыкладна ў 2,5 раза. Значыць, у эканоміцы, у грамадстве з’яўляецца шмат дыспрапорцый, якія трэба ўстараняць», – адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць выканання рашэнняў пятага Усебеларускага народнага сходу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што час, калі пачынаў работу цяперашні ўрад, быў цяжкі, але яму ўдалося дабіцца пэўных вынікаў. «Гаварыць аб тым, што гэты ўрад нікуды не варты і яго трэба замяніць, было б няправільна», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт папярэдзіў, што чакае ўбачыць дынаміку праз паўгода і запатрабаваў ва ўрада задзейнічаць у эканамічнай сферы ўвесь патэнцыял Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў абавязковым парадку трэба ўлічыць канструктыўныя прапановы, якія прагучалі ў час справаздачы ў дакладах, аб задзейнічанні дадатковых крыніц росту. «Часу на разварушванне ў нас няма. Чакаю ад усіх сканцэнтраванай і ініцыятыўнай работы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.