Наперадзе стваральная праца: установачная сесія дэпутатаў Тураўскага гарсавета дваццаць восьмага склікання вызначалася канструктыўнасцю і напалам эмоцый

Установачная сесія дэпутатаў  Тураўскага гарсавета дваццаць восьмага склікання вызначалася канструктыўнасцю і напалам эмоцый. Тым самым народныя абраннікі выказалі сваё вялікае жаданне ўласнай дзейнасцю прынесці як мага большую карысць роднаму паселішчу.

У новы склад заканадаўчага органа старажытнага горада ўвайшлі людзі аўтарытэтныя і паважаныя. Усе пятнаццаць чалавек падчас выбараў, на ўчастках, па якіх балатаваліся, атрымалі пераканаўчую падтрымку насельніцтва. Несумненна, што гэты давер цяпер неабходна апраўдваць канкрэтнымі справамі, а значыць, працаваць і працаваць. Таму і да галасавання за новага старшыню гарсавета падышлі вельмі сур’ёзна. Яго кандыдатуру – Ігара Міцюрыча – вылучыў кіраўнік раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш. Згодна з заканадаўствам, яна прайшла ўзгадненне ў старшыні райвыканкама, але, нягледзячы на такі давер, мясцовыя дэпутаты добра-такі праэкзаменавалі Ігара Леанідавіча. У прыватнасці, Міхаіл Шруб пацікавіўся пра праграму дзеянняў новага старшыні і з якой камандай ён будзе яе ажыццяўляць. Галіна Рыжанкова ўвогуле прапанавала пакінуць на пасадзе ранейшага кіраўніка Сяргея Скарапацкага, бо па яе меркаванні немагчыма ўвайсці ў адну раку двойчы. Ігар Міцюрыч ужо кіраваў гарсаветам і не адзін тэрмін. Зразумела, што ў такой сітуацыі Ігару Леанідавічу  неабходна было надзвычай пераканаўча давесці свае планы і задумы народным абраннікам. З яго прамовы вынікала, што ён як і ўсе ў зале жадае, каб Тураў развіваўся і прыгажэў, каб у населеным пункце значна лепей жылося людзям. Таму добраўпарадкаванне, умацаванне правапарадку, актывізацыя будаўніцтва жылля і газіфікацыі, асвятлення вуліц, культмасавай работы і іншае – у кожную з гэтых сфер дзейнасці ён будзе ўнікаць і ствараць спрыяльныя ўмовы для вырашэння надзённых праблем.  Галоўнымі ж сваімі памочнікамі ва ўсіх пачынаннях Ігар Леанідавіч лічыць дэпутатаў і насельніцтва, бо, што ні кажы, а адзін у полі не воін.

Праграма Міцюрыча выклікала даволі гарачыя спрэчкі  сярод дэпутатаў, якія імкнуліся  выказаць свае прапановы, каб будучы старшыня гарсавета змог яшчэ больш удасканаліць сваю дзейнасць. Напрыклад, дэпутат Міхаіл Шруб у сваім наказе скіраваў увагу прысутных на тым, каб гарадскія прадпрыемствы сумесна стварылі спецыяльны фонд, сродкі з якога ішлі б на вырашэнне праблем паселішча. Варта, па словах Міхаіла Рыгоравіча, звярнуцца і за дапамогай да ўраджэнцаў Турава, а таксама больш поўна скарыстоўваць  правы, якімі надзелены народныя абраннікі. Ўдзел у дыскусіі прыняў і старшыня райсавета Уладзімір Кулеш, і іншыя дэпутаты. Менавіта з настроем аб дабрабыце малой радзімы яны і накіраваліся ў асобны кабінет, дзе тайным галасаваннем  паставілі кропку аб даверы кандыдату на пасаду старшыні гарсавета. Дванаццаць з пятнаццаці абраннікаў  выказаліся за тое, што Ігар Міцюрыч годны ўзначальваць мясцовую ўладу.

У апошні дзень мінулага тыдня на сваіх установачных сесіях абіралі старшынь у Руднянскім і Чырвоненскім сельсаветах. Тут таксама новыя кіраўнікі. У першым – Аляксандр Кошман, які да гэтага працаваў майстрам навучання ў аўташколе філіяла №16 ААТ “Гомельаблаўтатранс”, у другім – Наталля Макарэвіч, былы бухгалтар ААТ “Жыткавіцкі ТБЗ”. Як адзначыў кіраўнік райсавета Уладзімір Кулеш, гэта старанныя і працавітыя людзі, якім па сілах паспяхова выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, тым больш што час не стаіць на месцы і неабходнасць у пераменах наспела і абгрунтаваная.

На прайшоўшых сесіях за працу на пасадах старшынь Саветаў выказаны словы ўдзячнасці Вользе Бойка, Зоі Купрацэвіч і Сяргею Скарапатскаму, якія атрымалі ўзнагароды ад раённай улады.

Што ж, цяпер і вопытных, і навічкоў – кіраўнікоў дэпутацкага корпусу на месцах чакае мноства вялікіх і малых спраў. Галоўнае, каб усе яны ішлі толькі на карысць людзям і роднаму краю.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.