Зіму праганялі, вясну віталі: у гарадскім парку святкавалі Масленіцу

У гарадскім парку імя Міколы Гамолкі ў нядзелю было шумна і весела. Жыткаўчане святкавалі Масленіцу. Рабілі гэта, як і прадугледжвае традыцыяй, з песнямі, забавамі ды са шчодрымі пачастункамі.

Месца правядзення мерапрыемства сустракала гасцей і гараджан гандлёвымі радамі. Блінцы і іншыя прысмакі прапаноўвалі набыць прыватнікі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Асабліва багатым і разнастайным быў асартымент печыва ў прадстаўнікоў адукацыйных устаноў райцэнтра. Але найбольш прыцягвала наведвальнікаў гандлёвая кропка спажывецкага таварыства. Стылізаваная пад кафе, яна практычна не пуставала ад самага пачатку і да заканчэння ўрачыстасці. Пакуль артысты гарадскіх устаноў культуры рыхтаваліся да выступлення, людзі з вялікім задавальненнем частаваліся за столікамі духмянымі блінцамі, шашлыкамі, іншымі стравамі. Не абміналі і палявую кухню з гарачай юшкай.

Бліжэй да адзінаццатай гадзіны ўсе пачалі падцягвацца да сцэны на танцавальнай пляцоўцы, дзе мелася адбыцца тэатралізаванае прадстаўленне. Аб яго пачатку паведалі вяшчальнікі. Гледачы апладысментамі сустрэлі прыгажуню Масленіцу, якая выйшла да ўсіх з галоўнымі сімваламі свята – на саматканым ручніку вынесла цэлую гару печыва. З задавальненнем усіх ім пачаставала. Шмат выконвалася падчас пастаноўкі жартаў і прыпевак. Твар не аднаго гледача расквеціла ўсмешка ад прагляду інтэрмедыі, як зяць цешчу блінцамі частаваў, пры гэтым спяваў ёй зламоўныя прыпеўкі. Героі радаваліся, што нарэшце прыйшла пара развітацца з зімой і прывітаць вясну. І гэтае пачуццё яны імкнуліся данесці да гледачоў. Сваё жаданне ўсе разам падмацавалі сімвалічнай дзеяй – спальваннем саламянай бабы. Менавіта па старадаўняй звычцы разам з клубамі дыму павінны пайсці ў нябыт маразы і сцюжы, з імі ўсё дрэннае, што накапілася, і прырода абудзіцца ад зімовага сну. Ля вогнішча закружыўся вялікі карагод, што сведчыў аб надыходзячай радасці і весялосці. Гэтыя якасці праявіліся падчас розных забаваў і атракцыёнаў. Найбольшую цікавасць гараджане праявілі, калі ахвотнікі пачалі штурмаваць слуп з падарункамі. І, скажам, не перавяліся асілкі ў нашым паселішчы. Раз за разам дабіраліся да вяршыні слупа і зрывалі пакет з прызам. Бяспройгрышныя латарэі таксама карысталіся попытам і ў дарослых, і ў дзяцей. Апошнія вельмі ўпадабалі баі саламянымі мяхамі на бервяне.

А на сцэне не сціхалі песні. Іх хораша выконвалі лепшыя самадзейныя калектывы райцэнтра. Таму кожны нумар суправаджаўся апладысментамі. Несумненна, што і настрой у людзей быў адпаведны. Усё ж Масленіца з’яўляецца апошнім святам перад вялікім пастом, таму належна сустрэць вясну надзвычай важна. Ад гэтага будзе залежыць і поспех на палетках, і ўвогуле лад і дабрабыт у сямейным жыцці. Таму не шкадавалі жыткаўчане на мерапрыемстве эмоцый, актыўна ставіліся да прапаноўваемых розыгрышаў і гульняў, з апетытам ужывалі святочныя стравы, каб такім чынам прывабіць у свае дамы шчасце і багацце. І гэтага імкнення і мары ні ад кога не хавалі. Таму і разыходзіліся з прыўзнятым настроем.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.