Куды дзець добрыя рэчы, якія насіць не будзеш, а выкінуць шкода?
Вырашэнне гэтага пытання ўзяла на сябе мясцовая ўлада і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Дзякуючы сумесным намаганням на днях у Жыткавічах будзе ўстаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору аддзення і абутку, яго набыло прадпрыемства “Жыткавіцкі камунальнік”. Размесцяць скрыню на вуліцы Карла Маркса насупраць раённага вузла паштовай сувязі, куды, дарэчы, з нядаўніх пор пераехаў мясцовы чырвонакрыжны офіс.
Як удакладніла старшыня суполкі Ларыса Фралова, гараджане могуць пакідаць у кантэйнеры прыгодныя для выкарыстання прадметы дарослага і дзіцячага гардэроба, пасцельную бялізну, сумкі, цацкі, посуд, іншыя рэчы. Галоўная ўмова, каб яны мелі якасны прыстойны выгляд і былі чыстымі, а бытавыя прылады – спраўнымі.
Атрымальнікамі такой гуманітарнай дапамогі стануць людзі з катэгорыі маламаёмасных – інваліды, пенсіянеры, сем’і з дзецьмі, тыя, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі. Кантэйнер будзе рэгулярна апаражняцца, а сартыраваць рэчы дапамогуць валанцёры. Дададзім, што падобныя дабрачынныя каробкі ўстаноўлены амаль ва ўсіх раёнах вобласці. Гомельшчына – першы і адзіны рэспубліканскі рэгіён, дзе паспяхова рэалізуецца гэты праект.