Кiнамастацтва у сучасным фармаце
За апошні месяц наш райцэнтр, нібы памаладзеў. Спрыялі гэтаму праведзеныя работы па добраўпарадкаванні вуліц і будынкаў. У мінулую пятніцу жыткаўчане атрымалі яшчэ адзін патрэбны і каштоўны падарунак. Пасля рэканструкцыі ўрачыста быў адкрыты кінатэатр “Усход”.
На свята прыйшло нямала гараджан. У ліку ганаровых гасцей былі старшыні райвыканкама і райсавета Дзмітрый Гайкевіч і Ніна Рамановіч, а таксама дырэктар КУП “Гомелькінавідэасетка” Аляксандр Лаўрыненка, што сведчыла аб значнасці падзеі. І гэтая ўвага кіраўнікоў невыпадковая. У вобласці толькі дванаццаць кіназалаў, у якіх дэманструюцца фільмы ў лічбавым фармаце 3D. І жыткавіцкая ўстанова пасля абнаўлення прапісалася сярод іх.
Як адзначыў у сваёй прамове Дзмітрый Гайкевіч, ён удзячны калектыву КУП “Жыткавічыкінавідэасетка” за выкананую працу, а таксама усім жыткаўчанам, якія на суботніках наводзілі парадак у горадзе.
– Несумненна, што кінатэатр “Усход” пасля рэканструкцыі стане цудоўным месцам для сямейнага адпачынку, – зазначыў Дзмітрый Сцяпанавіч.
І для гэтага ёсць усе падставы. Найперш, дэманстрацыя фільмаў будзе ажыццяўляцца не толькі ў фармаце 3D, але і 5D. Акрамя таго ў кінатэатры адкрылася дзіцячае кафэ, з гульнявымі атракцыёнамі. Знойдзецца тут і занятак для дарослых. У прыватнасці, більярдная.
– Кінатэатр у Жыткавічах – цэнтр, дзе можна далучыцца гараджанам да сучаснага кінамастацтва ў лічбавым фармаце, – падкрэсліў дырэктар КУП “Гомелькінавідэасетка” Аляксандр Лаўрыненка. – Аб гэтым марыў былы кіраўнік Уладзімір Купрыяновіч. Яго дачка Ірына, якая цяпер узначальвае прадпрыемства, здолела пераўтварыць планы бацькі ў рэальнасць.
Нездарма, што замест стужкі пераразалі кінаплёнку. Сімвалічнасць такой падзеі ў тым, што жыткавіцкі кінатэатр упэўнена перайшоў у сваім развіцці з дваццатага ў дваццаць першае стагоддзе. Удзельнікі ўрачыстасці здолелі пераканацца ў тым падчас экскурсіі па ўстанове. Напачатку ўсе ацанілі выгоды дзіцячага кафэ. Тут персанал не толькі пачастуе рознымі прысмакамі, але і прапануе паўдзельнічаць у гульнях і атракцыёнах. А потым гасцей запрасілі на кінасеанс. Сто два месцы, а менавіта на столькі чалавек разлічаны кіназал, былі заняты поўнасцю. Прагляд чатыроххвіліннага відэароліка ў аўдыторыі пакінуў прыемныя ўражанні. Яна не проста прагледзела кіно, але з дапамогай спецыяльных акуляраў далучылася да дзеі, якая адбывалася на экране.
Як адзначыла дырэктар КУП “Жыткавічыкіна-відэасетка” Ірына Купрыяновіч, рэканструкцыя кінатэатра дасць магчымасць не толькі павысіць якасць паслуг, але і знанча пашырыць іх колькасць, таму ў калектыве радыя кожнаму наведвальніку, якія завітае сюды.
Варта сказаць, не пашкадуюць тыя, хто наведае кінатэатр “Усход”, бо кожнага госця тут сустрэнуць, як самага жаданнага і акажуць паслугі на самым высокім узроўні.
Сяргей БЕЛКА
Фота Валянціны ПАКАРЧАК