Работнікаў для новага Петрыкаўскага калійнага рудніка пачне рыхтаваць Жыткавіцкі прафесійны ліцэй
Работнікаў для новага Петрыкаўскага калійнага рудніка пачне рыхтаваць наш прафесійны ліцэй.
Зараз педагогі ўстановы распрацоўваюць вучэбныя планы па спецыяльнасці слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Пасля ўзгаднення з будучым работадаўцам — РУП “Беларуськалій” — яна будзе ўключана ў сёлетні план набору. Мяркуецца, што група на базе сярэдняй адукацыі складзе 25 чалавек.
Падчас нядаўняй сустрэчы адміністрацыі ліцэя з намеснікам генеральнага дырэктара РУП “Беларуськалій” па ідэалагічнай рабоце і падрыхтоўцы кадраў Анатолем Маклаем была дасягнута дамоўленасць аб далейшым супрацоўніцтве. У прыватнасці, новая вытворчасць з 2019 года запатрабуе нямала трактарыстаў і вадзіцеляў катэгорыі “С”, а значыць выпускнікі нашага прафтэха маюць магчымасць атрымаць размеркаванне на руднік у суседні раён. Як запэўнілі, праца знойдзецца і для повараў, якіх таксама рыхтуюць у жыткавіцкім ліцэі.
Святлана Шакалян