«КУБАК ПАЛЕССЯ» — ТУРНІР ВОЛІ І СІЛЫ
На дваццаць другім Міжнародным турніры па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат “Кубак Палесся” атлеты з Жыткаўшчыны заваявалі дзевяць медалёў рознай вартасці. Шэсць разоў на п’едэстал гонару падымаліся выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” і тры — прадстаўнікі зборнай раёна. Дарэчы, нягледзячы на вялікі ўраджай узнагарод жыткаўчан, апошнія спаборніцтвы, якія адбыліся ў спартыўнай зале СШ №3 райцэнтра, найяскравей паказалі, што канкурэнцыя на памосце была нежартоўная.
Адкрыццё першынства выдалася даволі ўрачыстым. Яно пачалося з шэсця каманд, якія прыехалі з дзясятка гарадоў нашай краіны, а таксама са Смаленска і Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. На жаль, не ўдалося гэта зрабіць асілкам і даўнім сябрам “Кубка Палесся” з горада Жукава РФ, з суседняй Украіны і краін Балтыі, якія заяўляліся на саперніцтва. Яны абавязкова дадалі б напружанасці ў барацьбе, але абставіны склаліся інакш. Таму тыя спартсмены, што выходзілі на памост, напэўна, праяўлялі падвоеную энергію, каб кампенсаваць адсутнасць сваіх сапернікаў.
Дзеі свята гарманічна змяняюць адна адну, ствараючы непаўторны яркі малюнак таго, што ў Жыткавічах адбываецца знакавае мерапрыемства. Урачыста гучаць словы вядучых аб вялікай сіле спорту ў чалавечых стасунках, кранаюць сэрцы гледачоў музычна-танцавальныя кампазіцыі. Адна з іх “Журавы на Палессе ляцяць” стала ўжо своеасаблівым гімнам спаборніцтваў гіравікоў у нашым райцэнтры. Традыцыйным з’яўляецца і выступленне чарлідараў з трэцяй гарадской школы. Шмат цёплых і шчырых пажаданняў, а таксама вішаванняў выказана атлетам і арганізатарам першынства. Гэта зрабіў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч, настаяцель храма Феадосія Чарнігаўскага Генадзь Хаткевіч, старшыня федэрацыі гіравога спорту краіны Мікалай Кайтан, многія ганаровыя госці і сябры. У “Кубка Палесся” за гады яго існавання апошніх ужо нямала. Яны заўсёды гатовыя падставіць плячо падтрымкі. Гэта кіраўніцтва СШ №3 райцэнтра, Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, ААТ «Эрбен груп», раённага аб’яднання прафсаюзаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама спонсары. Канечне ж, тыя гіравікі, для каго спаборніцтвы сталі своеасаблівай пляцоўкай па ўзыходжанні да жыццёвых вяршынь. А іх нямала. Таму пакаленне цяперашніх удзельнікаў імкнецца не запляміць той славы турніру, што здабывалася папярэднікамі на працягу дзесяцігоддзяў.
Адметнай рысай спаборніцтваў юных гіравікоў на Жыткаўшчыне з’яўляецца тое, што ў іх з вялікім задавальненнем удзельнічаюць дзяўчаты. З кожным годам іх становіцца ўсё болей. І вынікі, якія паказваюць на памостах прадстаўніцы зусім не слабай паловы чалавецтва, проста ўнушальныя. Радуе той факт, што нашы зямлячкі ў такім саперніцтве знаходзяцца на вядучых ролях. Эльвіра Кудзелька (у практыкаванні “рывок” пудовай гіры набрала 107 балаў), Алена Ільюшчыц (вага гіры 12 кілаграмаў, сума балаў 196), Анастасія Чэркас (164 рыўкі 12 кілаграмовага снарада) не першы раз становяцца пераможцамі і прызёрамі міжнароднага турніру “Кубак Палесся”. І зараз яны не схібілі, паклаўшы ў скарбонку каманды Жыткавіцкага раёна два залатыя і адзін сярэбраны медаль.
Дружна на агульны поспех працавалі на памосце і атлеты з ДЮСШ “Матор”. Піліп Масолаў і Віктар Царыкевіч (вагавая катэгорыя 40 кілаграмаў) па суме двухбор’я ў штуршку і рыўку набралі адпаведна па 226,5 і 194,5 бала і першымі прынеслі сваёй камандзе срэбра і бронзу. Іх медальны пачын падтрымаў майстар спорту Яўген Агіевіч (вагавая катэгорыя 65 кілаграмаў). 104 штуршкі і 41 рывок дваццацічатырохкілаграмовай гіры дазволілі яму ўпэўнена абысці канкурэнтаў і заняць першае месца. Сярод атлетаў вагой больш за 70 кілаграмаў залатым выступленнем парадаваў гледачоў і матораўцаў Мікалай Савіч. Іншага ад жыткаўчаніна і не чакалі. Зусім нядаўна Мікалай стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па гіравому спорту сярод дарослых. Несумненна, што тая перамога акрыліла яго і на поспех у турніры “Кубак Палесся”. Па суме двухбор’я спартсмен набраў 200 балаў (штурхнуўшы дваццацічатырохкілаграмовую гіру 131 раз і рвануўшы снарад 138 разоў (69 ачкоў). Па сутнасці Савічу давялося змагацца ў сваёй падгрупе толькі з уласнымі эмоцыямі і земляком Уладам Лаўніковічам, які заваяваў серабро. Бронзавы медаль выхаванцам “Матора” прынёс і кандыдат у майстры спорту Улад Дзенісевіч (вагавая катэгорыя 70 кілаграмаў).
Несумненна, што медальны россып дазволіў гіравікам з ДЮСШ “Матор” святкаваць перамогу ў агульнакамандным заліку. Ім быў і ўручаны галоўны трафей турніру — Кубак Палесся. Другое месца занялі гіравікі з горада Смаленска, а трэцяе — каманда Жлобінскага раёна.
22 Міжнародны турнір па гіравому спорту “Кубак Палесся” адзвінеў акордаміі Дзяржаўных гімнаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, што гучалі ў гонар пераможцаў спаборніцтваў, стаў гісторыяй. Але ўражанні ад той барацьбы, што адбывалася ў спартыўнай зале, ва ўсіх пакінуў самыя прыемныя. Імі падзяліліся арганізатары і госці:
Леанід Макарэвіч, дырэктар ДЮСШ “Матор”:
— Зразумела, мы радыя, што наша каманда перамагла. Станоўчыя эмоцыі і ад таго, што на турніры сабраліся даволі моцныя каманды, а таксама, што ён сёлета прысвечаны 25-годдзю з дня нараджэння спартыўнай школы. Адзінай няўдачай, лічу, з’яўляецца недаезд сапернікаў з іншых каманд. Канечне, мы дэталёва прааналізуем праведзенае мерапрыемства, каб у наступным годзе зрабіць яго яшчэ на больш высокім узроўні.
Мікалай Кайтан, старшыня федэрацыі гіравога спорту Рэспублікі Беларусь:
— Пра “Кубак Палесся” я чуў даўно, а вось прысутнічаю на ім у якасці госця другі раз. Арганізацыя турніру даволі нядрэнная, асабліва ў плане судзейства. Ды і падрыхтоўка атлетаў таксама цудоўная. Нездарма ж сёлета ў рамках “Кубка Палесся” федэрацыя праводзіць і першынство краіны па гіравому спорту ў розных практыкаваннях. Гэта яшчэ адзін доказ таго, наколькі сур’ёзна гаспадары падыхо-дзяць да ўзроўню саперніцтва. Імпануе мне ў жыткавіцкіх спаборніцтвах гіравікоў і тое, што тут поплеч выступаюць і атлеты-пачаткоўцы, і ўжо спарт-смены, якія дасягнулі высокіх вяршынь. Маладыя раўняюцца на сваіх тытулаваных сапернікаў, імкнуцца іх перамагчы.
Кірыл Мазалеў,
гіравік са Смаленска:
— Усё было вельмі добра. Яшчэ больш станоўчых эмоцый атрымаў ад свайго выступлення, бо прынёс камандзе залаты медаль.
Сяргей БЕЛКА