Хутка ў Жыткавіцкай ветэранскай арганізацыі раёна будзе вялікая святочная ўрачыстасць
Хутка ў ветэранскай арганізацыі раёна будзе вялікая святочная ўрачыстасць, прысвечаная трыццацігоддзю з дня заснавання гэтага грамадскага фарміравання. Аб яго сталенні і цяперашніх задачах разважае старшыня прэзідыума Адам Купрацэвіч.
— Адам Прохаравіч, колькі пярвічак налічвае раённая ветэранская арганізацыя?
— На цяперашні час амаль 9700 ветэранаў вайны і працы Жыткаўшчыны аб’яднаны ў 65 пярвічак. Падкрэслю, што з пачатку бягучага года іх колькасць павялічылася на васямнаццаць. Гэта сталася дзякуючы таму, што былі зарэгістраваны арганізацыі аддзела адукацыі.
— Па якіх асноўных напрамках дзейнасці працуе грамадскае фарміраванне?
— Самым важным у нашай рабоце была і застаецца сацыяльная абарона пажылых людзей. Гэта даволі шматграннае паняцце. Мы імкнемся, каб ветэраны жылі ў прыстойных умовах, каб на высокім узроўні вялося медыцынскае, гандлёвае, культурнае абслугоўванне і іншае. Для гэтага раённы савет ветэранаў пастаянна сустракаецца з членамі арганізацыі, вывучае іх патрэбы, звяртаецца ў адпаведныя ўстановы, каб вырашыць наспелыя пытанні. Скажу, што большасць такіх зваротаў заканчваецца станоўчым вынікам, пажылы чалавек атрымлівае неабходную дапамогу. Хаця ў сувязі з няпростымі эканамічнымі ўмовамі гэтага дабівацца не так і лёгка.
Дарэчы, менавіта сацыяльныя аспекты і сталі асновай для зараджэння ветэранскага руху ў краіне. Старэйшае пакаленне, ды і сярэдняе, добра памятае эканамічныя катаклізмы, што адбываліся ў дзяржаве ў канцы 80-90 гадах, якія прынеслі нямала цяжкасцей ў жыццё людзей, у тым ліку і пажылых. Таму ўзнікла праблема адстойваць інтарэсы апошніх. У прыватнасці, вырашаць пытанні з жыллём, тэлефанізацыяй, набыццём розных бытавых тавараў і іншыя. Менавіта ветэранскія арганізацыі і адстойвалі гэтыя правы сваіх членаў. Канечне, многае з таго часу памянялася, але мы і зараз кіруемся ў сваёй рабоце прынцыпам сацыяльнай падтрымкі тых, хто асабліва ў гэтым мае патрэбу. Узяць работу назіральных камісій, якія клапоцяцца пра бяспеку пажылых людзей. І такіх прыкладаў можна прыводзіць безліч.
— Напэўна, у тыя гады грамадскім фарміраваннем закладваўся трывалы падмурак і па патрыятычнаму выхаванню моладзі?
— Гэта адназначна. Перыяд разладу ў эканоміцы негатыўна сказаўся і на духоўных арыенцірах грамадства. І гэты недахоп узяліся выпраўляць ветэраны, сумесна з органамі мясцовай улады і паспяхова працягваюць такую неабходную дзейнасць да сённяшняга часу. Прадстаўнікі нашай арганізацыі прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах, паўсюдна сустракаюцца з моладдзю, каб данесці ёй пра гераізм і патрыятызм, што праяўлялі нашы грамадзяне не толькі ў гады вайны, але і падчас узнаўлення разбуранай гаспадаркі. Ды і ў больш пазнейшыя часы было шмат працоўнага натхнення, якое варта пераняць сёняшнім юнакам і дзяўчатам. І ўсё гэта мы павінны захаваць у памяці і данесці да нашчадкаў. Рабіць гэта з кожным ра-зам усё складаней, бо меншае сведкаў тых падзей, асабліва ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта добра бачна падчас нашых мерапрыемстваў, на якіх ветэранскія шарэнгі ўсё ра-дзейшыя. Таму я прыхільнік выказвання, што чалавек, які забывае на свае карані, не мае будучыні. З гэтага выцякае і яшчэ адзін напрамак нашай дзейнасці — клопат пра належны стан помнікаў і месцаў пахавання. Тут адзначу, як цяжка не было б, але на гэтыя мэты заўсёды выдзяляліся сродкі. Таму цяпер не сорамна за манументы, якія ў раёне ўстаноўлены як героям вайны, так і бязвінна загінуўшым падчас ваеннага ліхалецця жыхарам.
— Відавочна, што ў Жыт-кавіцкай арганізацыі за гады дзейнасці склалася моцнае ядро актывістаў, якія натхняюць іншых членаў на новыя справы. Заўсёды ўражвае, з якой кіпучай энергіяй ветэраны бяруцца за іх. Ад чаго гэта залежыць?
— Нам сапраўды ва ўсе гады дзейнасці шанцавала з гэтым. Хачу згадаць старшынь Адама Аліфяровіча, Даніла Гонікмана, Уладзіміра Белікава, якія сваёй нястомнай працай спрыялі сталенню ветэранскага руху ў раёне. Па майму перакананню, узрост чалавека вызначаюць не столькі пражытыя гады, а стан яго душы. Менавіта яе маладосць уласціва сёння нашым актывістам і многім радавым членам пярвічак. Таму, нават на заслужаным адпачынку, яны заўсёды знаходзяцца ў гушчыні грамадскага жыцця. Для прыкладу, возьмем выбарчыя кампаніі. Менавіта пажылыя людзі ідуць у першых радах на ўчасткі для галасавання. Гэта сведчыць аб тым, што яны адказныя за лёс сваёй краіны. Яны не абыякавы да таго, якім шляхам яна будзе развівацца. А якая вялікая колькасць ветэранаў знайшла сябе ў творчасці. Практычна ў кожнай клубнай установе ёсць іх фарміраванні па інтарэсах, плённа выступаюць самадзейныя калектывы. А колькі ў раёне дзядуль і бабуль, якія дасканала валодаюць рознымі народнымі рамёствамі. Я лічу так, што, калі чалавек захоча сябе ў нечым праявіць, ён абавязкова гэта зробіць. І наша арганізацыя дапамагае развіваць такія творчыя ініцыятывы, больш таго, мы імкнемся, каб гэты набытак перадаваўся ў спадчыну.
— На каго ветэранская аргані-зацыя раёна абапіраецца, каб свае пачынанні рэалізоўваць практычна?
— Так, надзейных сяброў і партнёраў у нас многа. Найперш поўнае паразуменне мы знаходзім з усімі органамі ўлады, пачынаючы з кіраўніцтва райвыканкама і райсавета дэпутатаў. На месцах адчувальную дапамогу аказваюць кіраўнікі сельвыканкамаў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Цесна супрацоўнічаем з грамадскімі аб’яднаннямі, дабрачыннымі фондамі. Куды б мы ні звярталіся, да каго, амаль усюды нашы просьбы ўспрымаюць, нібы ўласныя. А гэта сведчыць і аб аўтарытэце арганізацыі, аб яе дзеяздольнасці і адначасова аб тым, што ў нашай краіне пажылым людзям аказваецца належная ўвага і пашана.
— Чаго жадаеце ў будучым?
— Каб ветэранскі рух раёна і надалей быў такім жа працаздольным, усім яго актывістам хапала сілы і здароўя на новыя справы, плённую дзейнасць, каб у кожнай хаце пажылых быў дабрабыт, а таксама радавалі дзеці і ўнукі.