Рэйсы далёкія і блізкія
Вадзіцель ААТ “Жыткавічыхімсервіс” Васіль Васілеўскі ў сваім працоўным калектыве мае належную пашану. Заслужыў ён яе стараннем і працавітасцю, якія гэтаму чалавеку ўласцівы з дзяцінства.
Малая радзіма Васіля Васільевіча — аграгарадок Людзяневічы. Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі яго ў Гомель, дзе і асвоіў вадзіцельскую спецыяльнасць, і пэўны перыяд па ёй працаваў. Але так склаліся абставіны, што вярнуўся ў Жыткавічы. Менавіта тут працаўладкаваўся ў тады яшчэ сельгасхімію. І, канечне ж, па абранай прафесіі. Доўгі час працаваў на КамАЗе. Вазіў розныя грузы як па месцы, так і ў іншыя рэгіёны. Частыя камандзіроўкі навучылі Васіля Васільевіча быць уважлівым і засяроджаным на дарозе, а яшчэ загадзя грунтоўна рыхтаваць свой аўтамабіль у далёкія рэйсы. Зразумела, што гэта няпростая задача — падтрымліваць у поўнай гатоўнасці тэхніку, якая ўжо адслужыла нямала часу. Але для Васілеўскага такая акалічнасць своеасаблівая школа павышэння ўласнага прафесійнага майстэрства.
Таму не дзіўна, што кіраўніцтва акцыянернага таварыства не доўга раздумвала, каму з вадзіцелеў даверыць займацца новай дзейнасцю, якую распачалі на прадпрыемстве. Яна звязана з перавозкай малака з дальніх рэгіёнаў краіны на Тураўскі малочны камбінат. Вось і наша сустрэча з Васілеўскім адбылася, калі ён толькі вярнуўся з чарговага рэйса. Даставілі перапрацоўшчыкам амаль трыццаць тон прадукцыі аж з самога Віцебска. Па словах вадзіцеля, нялёгка складвалася паездка, але, дзякуючы асабістаму прафесіяналізму і майстэрству напарніка, усё завяршылася добра. І такіх далёкіх камандзіровак у яго бывае па дзясятку і болей за месяц. Але працаўнік не наракае на цяжкасці, важнейшым для яго з’яўляецца тое, што сваёй справай ён мацуе аўтарытэт калектыву, дзе стала прапісаўся амаль два дзясяткі гадоў.