Канстанцін Комар: Быць карысным людзям і роднай зямлі
Душэўнай і цёплай выдалася нядаўняя ўра-чыстасць, што адбылася на Жыткавіцкай хлебнай базе. Яе галоўным героем быў кіраўнік прадпрыемства Канстанцін Комар, а нагодай — яго 60-годдзе з дня нараджэння. Прывіталі са знакавай датай у жыцці юбіляра не толькі працаўнікі калектыву, але і кіраўніцтва раёна.
Старшыні райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч і райсавета Ніна Рамановіч, першы намеснік і начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, прафсаюзны лідар работнікаў аграпрамысловага комплексу рэгіёна Уладзімір Цімашчэня не шкадавалі шчырых і сардэчных слоў віншаванняў і пажаданняў. У сваіх невялікіх прамовах госці прывялі нямала станоўчых прыкладаў, якія характарызуюць Канстанціна іванавіча, як сумленнага працаўніка, гаспадарлівага і дбайнага кіраўніка, што многія дзясяткі гадоў плённа шчыруе дзеля росквіту роднай зямлі. Прызнаннем гэтага сталі і шматлікія ўзнагароды, якія былі ўручаны дырэктару хлебнай базы: ганаровыя граматы міністэрства сельскай гаспадаркі, Гомельскага аблвыканкама, райсавета дэпутатаў, а таксама абкама і райкама прафсаюзаў. Дасціпнымі былі і вершаваныя пасланні, якія ў гонар кіраўніка зачыталі інжынер па ахове працы прадпрыемства Фёдар Каралёў і рабочы Уладзімір Ярэміч.Такая ўвага і падзяка за працу вельмі расчулілі Канстанціна Іванавіча, выклікалі ў яго душы нямала станоўчых эмоцый і пачуццяў. Здавалася, што за тыя некалькі кароткіх хвілін Комар перажыў усё свае гады занава. Яны ж былі насычанымі не толькі працоўнымі перамогамі, але і многімі цяжкасцямі і неспадзяванасцямі, якія ён годна пераадольваў.
Яго жыццёвы шлях пайшоў з Тураўскай зямлі. Нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў у вёсцы Запясочча. Тут жа распачаў пасля заканчэння Пінскага сельгастэхнікума і службы ў арміі сваю працоўную дзейнасць. Хаця сённяшні юбіляр меў спецыяльнасць ветфельчара, кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Мельнікаў прапанаваў яму пасаду брыгадзіра, абавязкі якога патрабавалі больш ведаў па раслінаводству, чым па жывёлагадоўлі. Комар не адразу пагадзіўся, гаварыў, што і не тая ў яго спецыфіка, і паступаць збіраецца ў ветінстытут, але старшыня аказаўся вельмі настойлівым. Каб хлопец стаў згаворчывейшым, паабяцаў купіць яму службовы матацыкл. Гэта і было козырам, чаму Канстанцін Іванавіч звязаў свой лёс з раслінаводствам. Паступае ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць агранамія, якую паспяхова заканчвае.
— Працаваць у тыя гады — адно задавальненне, — расказвае кіраўнік, — асабліва, калі цябе апякаюць і дапамагаюць такія майстры хлебаробскай справы як Аляксандр Іванавіч Мельнікаў і яго жонка Ніна Антонаўна.
Многаму навучыўся ў іх Канстанцін Іванавіч, што потым дазваляла вынікова працаваць на іншых участках сельгасвытворчасці. У суседні калгас “Новае жыццё” аграномам, новае месца працы Комара, ён пераводзіцца ўжо, маючы ў сваім паслужным спісе высокую ўрадавую ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яе заслужыў спецыяліст за важкія здабыткі, якіх дабілася яго брыгада на палетках у калгасе “Перамога”. І ў новай гаспадарцы аграном працягнуў гэтую традыцыю. Ён у ліку першых стаў членам клуба земляробаў, якія ставілі сваёй мэтай атрымліваць стоцэнтнерныя ўраджаі з гектара. У той год авёс гатунку “буг” парадаваў агранома 105 цэнтнерамі на круг. Тым больш ганарова было Канстанціну Іванавічу ад гэтага, што ўзначальвала іх аб’яднанне яго, так бы мовіць, першая настаўніца ў хлебаробскай справе Ніна Мельнікава. У сукупнасці сямнаццаць гадоў працаваў у тураўскім калгасе. Дзесяць з іх на пасадзе старшыні. Менавіта пры ім у гаспадарцы зарадзілася і паспяхова развівалася садаводства, арганізаваўся ўчастак па перапрацоўцы ільну, а высокія ўраджаі ўсіх культур на мясцовых палетках сталі нормай. А самае галоўнае, што з гэтымі поспехамі рос і дабрабыт калгаснікаў, паляпшаліся ўмовы іх працы, аб чым кіраўнік клапаціўся найперш.
Працягваў працаваць на ўраджаі Канстанцін Комар і на пасадзе начальніка раённай інспекцыі па насенневодству, каранціну і ахове раслін. З хлебам непарыўна звязана яго дзейнасць і цяпер. Праўда, не вырошчвае яго, а захоўвае, а гэтая справа не менш клопатная і важная. І атрымліваецца яна ў калектыву хлебнай базы вельмі і вельмі нядрэнна. Менавіта пры дырэктарстве Канстанціна Іванавіча значна павялічыліся аб’ёмы зерня, якое паступае з гаспадарак на прадпрыемства. Многа зроблена па яго мадэрнізацыі і абнаўленні, а таксама па стварэнні тут прыстойных бытавых умоў для персаналу. Так, Комар не шукаў лёгкіх дарог у жыцці, а пайшоў той адзінай, каб быць карысным людзям і роднай зямлі. І з гэтага выверанага дзесяцігоддзямі курсу зварочваць не збіраецца.
Сяргей Белка