Свята на Жыткаўшчыне вачыма дзяцей-пераможцаў
Сталі вядомыя імёны пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей і моладзі “Калядная зорка”. У іх лік трапілі і прадстаўнікі нашага раёна.
Упершыню школьнікі Жыткаўшчыны заваявалі адразу пяць прызавых месцаў у такім прэстыжным спаборніцтве, гісторыя якога налічвае больш за дваццаць гадоў. Дыпломаў трэцяй ступені ўдастоены работы навучэнкі аб’яднання па інтарэсах “Чароўны пэндзлік” Жыткавіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юліі Ліпскай “Паштоўка з сюрпрызам” і выхаванца аб’яднання “Дзіва-саломка”, якое працуе ад гэтай жа ўстановы на базе Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы, Аляксандра Шостака “Святое Раство”.
У намінацыі “Інтэр’ерная лялька” дыплом другой ступені заваявала Вольга Рай, аўтар работы “Галоўны калядоўшчык”. Дзяўчынка займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Рукадзельніца” СШ №2 г. Тураў.
А найвышэйшыя ўзнагароды конкурсу атрымалі керамічны сувенір “Святочны кругаварот” (на здымку справа) і сюжэтная кампазіцыя “Свята сямейства” (на здымку злева), выкананыя выхаванцамі Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Максім Кадоліч і Таццяна Радчанка – навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Глінчык”, а Юлія Кудзелька і Алеся Краўцова – “Дызайн адзення”.
Застаецца нагадаць натхніцеляў, без якіх не было б перамогі. Гэта педагогі дадатковай адукацыі Людміла Шостак, Вікторыя Сакалоўская, Святлана Гваздзюкевіч і Таццяна Чыкіда, пад кіраўніцтвам якіх працуюць дзеці-прызёры. Работы лаўрэатаў абласнога этапу зараз экспануюцца ў Мінску. Выстава ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрыта да 8 студзеня. Будзем спадзявацца, што нашы работы яшчэ выйдуць і ў фінал.
Святлана Шакалян
Фота Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі