Правядзенне “прамых тэлефонных ліній” кіраўніком Жыткавіцкага раёна Дзмітрыем Гайкевічам з жыхарамі рэгіёна стала ўжо справай традыцыйнай
Апошнюю з іх, якая адбылася ў мінулую сераду, у прамым і пераносным сэнсе слова можна назваць “гарачай”. За гадзіну дыялогу патэлефанавалі восем чалавек з розных населеных пунктаў. І гэта добры знак, бо ён сведчыць, што людзі давяраюць мясцовай уладзе, спадзяюцца, што яна прыме вычарпальныя захады па вырашэнні іх праблем. Хаця некаторыя даволі няпростыя і патрабуюць нямала часу і сродкаў для ўхілення.
Першай, ад каго паступіў званок, стала жыхарка вёскі Пухавічы. Прасіла дапамогі не для сябе, а для дачкі, якая засталася ўдавою. Выхоўвае дваіх дзяцей сама. Дзякуючы дырэктару школы малыя змаглі паехаць на аздараўленне ў Германію. Адтуль прыйшлі пасылкі, але, як даводзіла вельмі эмацыянальна бабуля: “З фонда іх аддалі толькі праз два месяцы. Скрынкі былі разарваны, рэчы ў іх перабраныя, а прадукты папсавалі мышы”. Пажылая жанчына слёзна прасіла кіраўніка рэгіёна разабрацца ў сітуацыі: “І так ніякай дапамогі бедным сіротам няма, а тут яшчэ і з гуманітаркай паздзекваліся”. Дзмітрый Сцяпанавіч пасля размовы запісаў тэлефон і адрас маці і паабяцаў, што, калі ўсё выясніцца, ён абавязкова паведаміць ёй аб прынятых мерах.
У больш складаным становішчы аказалася яшчэ адна жанчына з райцэнтра. Яна таксама гадуе дзвюх сірот, але вось жыллёвыя ўмовы ў сям’і вельмі сціплыя. “У аднапакаёвай кватэры жывем пяцёра. Адны толькі ложкі і памяшчаюцца на гэтай плошчы. Аляксандр Мікалуцкі, ранейшы старшыня райвыканкама, абяцаў дапамагчы з выдзяленнем больш прасторнага арэнднага жылля, але пакуль усё засталося па-ранейшаму. А меншыя хутка ў школу пойдуць, ім нават стала няма дзе паставіць, каб рыхтаваць дамашнія заданні”, — расказвала пра сваю нялёгкую сітуацыю жанчына.
— На чарзе вы стаіце, парадак выдзялення арэнднай кватэры вам растлумачылі, але такого жылля пакуль няма, — адказаў Дзмітрый Сцяпанавіч. — Прыйдзецца пачакаць, калі дабудуюць дом у мікрараёне Азёрны. Магчыма, тады і вырашыцца ваша праблема.
Адказваць старшыні райвыканкама давялося і на даволі спецыфічныя пытанні, якія тычацца чалавечых узаемаадносін. Званіўшы мужчына быў занепакоены тым, чаму гэта прыбіральшчыца-вахцёр адной са школ разгульвае па райцэнтры ў разгар рабочага дня. А жанчына з вуліцы Стадыённай папрасіла прыняць меры ўздзеяння да суседзяў, якія не жадаюць устанаўліваць агароджу на мяжы ўчасткаў. Як высветлілася падчас размовы, суседзі сваю частку агароджы ўстанавілі, а астатняе патрэбна давесці да ладу самой жанчыне, у чым яе і пераканаў падчас “прамой лініі” кіраўнік рэгіёна. Яшчэ і ў госці паабяцаў наведацца, каб памірыць па-суседску, што адразу збіла ваяўнічы пыл заявіцелькі.
Размова з Трафімам Германам, які пражывае ў аграгарадку Сяменча, зацягнулася прыкладна на чвэрць гадзіны. Пытанняў да кіраўніка раёна ў Трафіма Сяргеевіча накапілася безліч. Многія з іх ён агучваў і раней, вось толькі вырашэннем іх, як цвёрда перакананы семянчанец, улады і камунальнікі займаюцца вельмі слаба, што і непакоіць паважанага спадара Германа. Напрыклад, гэта тычыцца бяспекі на ганку ў ашчаднай касе, што ў пасёлку Чырвонае. Хаця па першаму ж звароту званіўшага туды выязджала мабільная група і недахоп выправілі. Далей нараканні пайшлі на работу камунальнікаў, а закончыў іх мужчына скаргай на праблему аграгарадка Сяменча — дрэнную якасць пітной вады. Прычым, усе довады старшыні райвыканкама, што ўлада пра гэтую сітуацыю ведае і прымае захады, каб становішча паправіць (у прыватнасці, ёсць арганізацыя, якая будзе мадэрнізіраваць станцыю абезжалезвання), разбіваліся аб цвёрдыя перакананні жыхара паселішча, нібы марскія хвалі аб гранітную скалу. Яго зусім не турбавала, што марнуе час, за які іншыя людзі маглі б акрэсліць кіраўніку раёна праблемы, не менш важныя для жыццядзейнасці.
Грамадзянка Шырай, напрыклад, раскрытыкавала работу аўтамагазіна ў вёсцы Доўгая Дуброва. “Старэнькая маці пражывае ў канцы вёскі, хацелася, каб бліжэй да яе хаты атамашына спынялася. Графік прыезду ў населены пункт не захоўваецца, гандлююць пратэрмінаванымі прадуктамі”, — пералічвала недахопы жанчына. Усе яны ўзяты кіраўніком на кантроль і будуць прымацца адпаведныя захады па ўхіленні.
— Удзячна вам, Дзмітрый Сцяпанавіч, што пасадзейнічалі, каб да нашага дому зрабілі дарожку, — тэлефанавала жанчына з вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. — Цяпер ізноў прашу вашай дапамогі. Пасля капітальнага рамонту дома будаўнікі пакінулі недапрацоўкі, ад якіх не вельмі камфортна пачываецца жыльцам. А яшчэ непакоіць, што ў кватэры ўстанавілі мала радыятараў ацяплення, каб холадна не было зімой. Цяпер тэмпература ў пакоях вышэй дваццаці градусаў не ўзнімаецца, толькі на кухні цяплей.
— Самая аптымальная тэмпература для здароўя чалавека. Пра ацяпленне непакоіцца не трэба, колькасць рабрын на батарэях у кватэрах разлічваецца згодна з устаноўленымі нарматывамі, як і тэмпературны рэжым, — патлумачыў Дзмітрый Сцяпанавіч. — Ды яшчэ і не тапілі кацельню на поўную магутнасць. Калі і ў маразы будзе холадна, звяртайцеся, дапаможам. З недапрацоўкамі будаўнікоў разбярэмся ў бліжэйшы час.
А вось вырашэння пытання аб рамонце дарогі Грэбянёўскі — Палянка прыйдзецца чакаць да вясны. Як зазначыў Дзмітрый Гайкевіч, выконваць такія работы пры цяперашніх умовах надвор’я марная трата грошай. З устаноўкай шыльд з раскладам руху гарадскіх аўтобусаў на вуліцы Камуністычнай і каля бальніцы, запэўніў Дзмітрый Сцяпанавіч, марудзіць не стануць, аб чым будзе дадзена распараджэнне адпаведным службам.
Увогуле тэлефонная размова са старшынёй райвыканкама атрымалася шчырай і добразычлівай. Гэта таксама яскравае сведчанне, што людзі звярнуліся па патрэбнаму адрасу, менавіта туды, дзе іх спадзяванні ўспрынялі як асабістыя і пастараюцца дапамагчы. І такія дыялогі прадстаўнікоў улады і насельніцтва ідуць толькі на карысць абодвум бакам, бо дазваляюць выяўляць на месцы найбольш балючыя кропкі нашай жыццядзейнасці і прымаць захады па іх “лекаванні”.
Сяргей Белка