Чарговая творчая вяршыня скарылася Дануце Швед з Жыткавіч
Пасля адборачнага туру, які праходзіў у прадзюсарскім цэнтры Гомельскай абласной філармоніі, яна ў ліку трох ураджэнцаў вобласці прыме ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў беларускай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які ладзіцца ў Маладзечна.
Для жыткаўчанкі пропускам на гэты прэстыжны творчы форум стала цудоўнае выкананне песень “Беларусь мая сінявокая” і “Спявальная чароўная зямля”. Увогуле выступае на розных канцэртных пляцоўках, а таксама на конкурсах і фестывалях Данута з самага дзяцінства. Вялікі ўклад у яе станаўленне як спявачкі зрабілі ў гарадскім Цэнтры культуры, дзе дзяўчына не адзін год наведвала студыю эстраднай песні пад кіраўніцтвам Вячаслава Яўлаша. Атрыманыя там уменні, а таксама ўнікальныя прыродныя творчыя здольнасці, надзвычайнае працалюбства Д. Швед і дазволілі ёй узысці да такога высокага ўзроўню.
Сяргей БЕЛКА