Напрыканцы мінулага тыдня ў Жыткавіцкім раёне вызначалі лепшага тэхніка-асемянатара
Адбывалася гэта падчас конкурсу прафесійнага майстэрства, што ладзіўся паміж працаўнікамі вышэйзгаданай спецыяльнасці. Мерапрыемства прайшло на базе акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. І па склаўшайся традыцыі было напоўнена не толькі вострым саперніцтвам сярод канкурсантаў, а таксама карыснай вучобай для тэхнолагаў жывёлагадоўчай галіны раёна.
Арганізатары працоўнага саперніцтва, у ліку якіх кіраўніцтва і спецыялісты райсельгасхарчу, Жыткавіцкага філіяла РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства”, райветстанцыі, цэнтра па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў райсельгасхарчу, райкама прафсаюза работнікаў АПК, пастараліся, каб канкурсанты змаглі прадэманстраваць сваё майстэрства на ўсю моц. Да гэтага прыклалі немалыя высілкі і гаспадары: кіраўніцтва і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны ААТ “Людзяневічы” стварылі добрыя ўмовы і забяспечылі неабходнымі прыладамі для працоўнага змагання.
Работа па ўзнаўленні статка з’яўляецца важнейшым звяном у справе павелічэння вытворчасці малака. Нездарма кажуць, што добра мець ялавыя боты, а не ялавых кароў. Зніжэнне колькасці апошніх на грамадскіх фермах непасрэдна залежыць ад прафесіяналізму тэхнікаў-асемянатараў, ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў. Такую думку выказаў падчас адкрыцця конкурснай праграмы першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко.
— Жывёлагадоўля мае добры патэнцыял для будучага развіцця, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. — Яно ж заключаецца ў яшчэ большай эфектыўнасці працы і зніжэнні затрат. І ўявіць гэты працэс без тэхнікаў-асемянатараў проста немагчыма. Таму хочацца, каб на фермах працавала як мага больш спрактыкаваных спецыялістаў гэтай прафесіі. Такія спаборніцтвы дазваляюць павышаць майстэрства, бо каб выступіць годна, канкурсанты дадаткова рыхтуюцца як тэарэтычна, так і практычна, што толькі ідзе на карысць агульнай справе.
Змаганне складалася з двух этапаў. Напачатку патрэбна было адказаць на тэарэтычныя пытанні, а пасля прадэманстраваць свае навыкі на практыцы.
— Канечне, для такіх спецыялістаў як Нона Кірбай, Ніна Чарнушэвіч, Таццяна Салавей і іншых, якія аддалі гэтай прафесіі не адзін дзясятак гадоў, значна прасцей, — адзначыла кіраўнік раённага філіяла РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Валянціна Гуд. — Ім дапамагае вялікі вытворчы вопыт. А вось для маладых спецыялістаў сустрэча з гэтымі майстрамі з’яўляецца сапраўднай крыніцай для прафесійнага росту.
Засяродзіла ўвагу кіраўнік на такім аспекце невыпадкова. З 12 канкурсантаў пяць чалавек, якія працуюць на грамадскіх фермах тэхнікамі-асемянатарамі менш года. З аднаго боку гэта добры знак, прафесія запатрабавана. З другога ж – недастатак вопыту за плячыма прыводзіць да памылак, якія потым выправіць вельмі і вельмі цяжка. Таму падрыхтоўцы маладой змены надаецца вялікае значэнне. І не толькі праз пастаяннае навучанне, але і праз конкурсы прафесійнага майстэрства. Яны як найлепш спрыяюць дзелавым стасункам моладзі і вопытных майстроў. Прыемна было бачыць, як нядаўна працаўладкаваныя тэхнікі-асемянатары пільна сачылі за дакладнымі рухамі сваіх калег падчас практычнага этапу, уважліва слухалі, як спецыялісты са стажам адказваюць на пастаўленыя пытанні. У нейкай ступені гэта дазволіла ім выступіць таксама нядрэнна. Хаця, пакуль моладзь упэўнена распраўляе крылы, вопыт гэтак жа пацвярджае свой высокі клас. Аб гэтым і засведчылі вынікі саперніцтва. Яго пераможцамі і прызёрамі сталі: Алена Прышчэпа (КСУП “Бялёў”), Таццяна Салавей (ААТ “Людзяневічы”), Наталля Зумерфельд (ААТ “Людзяневічы”), Нона Кірбай (КСУП “Коленскае”), Уладзімір Грынеўскі (ААТ “Людзяневічы”), Алена Бек (КСУП “Чырвоны Бор”), Анжэла Макарэвіч (КСУП “Чырвоны Бор”). Усе яны атрымалі дыпломы, кветкі і грашовыя прэміі. Дапамаглі набыць узнагароды кіраўніцтва гаспадарак і райкама прафсаюза АПК. Па традыцыі ўшанавалі самага вопытнага тэхніка-асемянатара з КСУПа “Бялёў” Ніну Чарнушэвіч. Заахвочвальныя прэміі атрымалі і маладыя спецыялісты. На конкурсе падвялі вынікі работы звенняў па ўзнаўленні статка сельгаспрадпрыемстваў. Першае месца ў гэтай намінацыі прысуджана спецыялістам акцыянернага таварыства “Людзяневічы”, другое і трэцяе — ў жывёлаводаў КСУПаў “Коленскае” і “Чырвоны Бор” адпаведна. Закончылася ўзнагароджванне канцэртам, які для канкурсантаў і гасцей далі самадзейныя артысты народнага калектыву “Вечарніца” раённага цэнтра фальклору.
Чарговы конкурс тэхнікаў-асемянатараў раёна завяршыўся на аптымістычнай ноце. Адназначна, што раз’ехаліся з яго спецыялісты не толькі са станоўчымі эмоцыямі, але і важкім багажом ведаў, які яны паспяхова прыменяць на практыцы ў сваіх гаспадарках.
Сяргей БЕЛКА.