Тураўшчына – край моўных скарбаў
Калі гавораць пра прыгажосць і багацце беларускай прыроды, пра самабытнасць беларускай традыцыйнай культуры і адметнасць беларускай народнай гаворкі, то заўсёды ўспамінаюць Палессе. Своеасаблівыя натуральныя ўмовы жыцця і геаграфічнае становішча на перакрыжаванні старажытных шляхоў сфарміравалі сутнасць адмысловай культуры палешукоў, якая да сённяшніх дзён прыцягвае ўвагу шматлікіх навукоўцаў – этнографаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў.
У канцы ліпеня на старажытнай тураўскай зямлі, у Жыткавіцкім раёне, працавала дыялекталагічная экспедыцыя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сталічныя філолагі знаёміліся з сучаснай жывой мовай жыхароў раёна – рабілі запісы ўзораў мясцовай гаворкі. Навукоўцы наведалі вёскі Запясочча, Буразь, Верасніца, Пагост, Сямурадцы, Рычоў, Бялёў, Пухавічы, Ляхавічы, Кольна і іншыя. Было зроблена больш за 20 гадзін дыктафонных запісаў маўлення жыхароў раёна для далейшага скрупулёзнага вывучэння з пункту погляду асаблівасцей гукавога складу, словаўтварэння, выкарыстання рэгіянальных слоў і ўстойлівых выразаў, манеры пабудовы сказаў.
Традыцыйнае маўленне жыхароў Тураўшчыны даўно з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі даследчыкаў-мовазнаўцаў. Так, у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў раёне ўжо працавала вялікая дыялекталагічная экспедыцыя Акадэміі навук. Тады ўвага навукоўцаў была скіравана на багацце і разнастайнасць слоўнікавага складу мясцовых гаворак. Па выніках той экспедыцыі ў 1982 – 1987 гадах быў выдадзены знакаміты пяцітомны “Тураўскі слоўнік”, куды ўвайшло больш за 20 000 слоў. Сёлета мэта экспедыцыі была больш шырокая. Задачай навукоўцаў з’яўляўся запіс разгорнутых тэкстаў апавядальнага і апісальнага характару, якія комплексна адлюстроўваюць дыялектныя асаблівасці тураўска-жыткавіцкага маў-лення. Сабраны каштоўны матэрыял увойдзе ў “Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогіі”, куды плануецца ўключыць запісы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэтае трохтомнае выданне адлюструе стан беларускіх народных гаворак сёння, у пачатку ХХІ стагоддзя. Публікацыя такой кнігі мае надзвычай важнае значэнне менавіта зараз, калі ў выніку актыўнага працэсу глабалізацыі аўтэнтычная народная культура, у тым ліку і мясцовыя гаворкі, губляюць сваю фанетычную, лексічную і граматычную адметнасць і, па сутнасці, знікаюць.
Згодна з прынятым у беларускім мовазнаўстве падзелам тураўскія гаворкі адносяцца да паўднёва-заходняга дыялекту. Яны з’яўляюцца заходняй ускраінай усходнепалескай дыялектнай зоны. Далей на захад, у бок Лунінца, – заходнепалескія гаворкі. Тураўска-жыткавіцкі тып маўлення на сённяшні дзень захаваў усе асноўныя рысы, якія вылучаюць яго на фоне іншых. У плане фанетыкі гэта і характэрнае тураўскае “оканне” – вымаўленне гука “о” не пад націскам (вода, жонаты, робота), што абсалютна не сустракаецца ў літаратурнай мове, і выкарыстанне “закрытых” галосных “е” і “о”, якія на слых успрымаюцца адпаведна як е(э) і у(ю), і вымаўленне галоснага “у” пад націскам ва ўмовах, калі ў літаратурнай мове вымаўляецца ы (муло замест мыла, снопу замест снапы, слепу замест сляпы), і выразнае вымаўленне раздзяляльнага “й” пасля цвёрдых і мяккіх зычных перад галоснымі (мйасо, пйаць, насенйе). У плане граматыкі адразу звяртаюць на сябе ўвагу такія палескія асаблівасці, як “саканне” — выкарыстанне постфікса-са ў зваротных дзеясловах (сустрэліса, купаліса), формы першай асобы множнага ліку на -ом (ідом, нясом, пішом), характэрныя канчаткі меснага склону – -ох для назоўнікаў (по братох, на дубох) і -ум для прыметнікаў (у новум, у кожнум). Не застаўся па-за ўвагай даследчыкаў і надзвычай багаты і арыгінальны лексічны запас тураўска-жыткавіцкіх гаворак. Пасля экспедыцыі ў новыя дыялектныя слоўнікі абавязкова трапяць такія словы, як пінькі ‘калівы расады агуркоў’, пасвет ‘прылада для асвятлення хаты’, егіпта (негіпта) ‘гібельнае месца’ і многія іншыя.
Якую б вёску ні наведалі сталічныя навукоўцы, паўсюль іх сустракалі шчырыя, добразычлівыя і гасцінныя людзі, носьбіты знакамітага палескага характару. Трэба адзначыць, што поспех экспедыцыі не быў бы магчымы без зладжанай работы супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта. Дзякуючы ў першую чаргу загадчыку аддзела Сяргею Віктаравічу Агіевічу, а таксама галоўнаму спецыялісту аддзела Алене Уладзіміраўне Птушко ўсе арганізацыйныя пытанні вырашаліся хутка і дакладна, што дазволіла навуковаму калектыву засяродзіцца выключна на пошукава-даследчых праблемах.
Юрый Маліцкі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.