КУРЭННЕ — ПАВОДЗІНЫ АНТЫГРАМАДСКІЯ
У апошні час у нашай краіне прымаюцца захады па барацьбе з курэннем. І ў першую чаргу гэта тычыцца месцаў грамадскага карыстання. А што аб гэтым думаюць жыткаўчане. Як вы адносіцеся да курэння ў месцах грамадскага карыстання? Менавіта з такім пытаннем карэспандэнт раёнкі звярнуўся да жыхароў райцэнтра.
Валянціна Бондарава, загадчык Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэкі:
— Мне вельмі пашчасціла, што ў нашай сям’і ніхто не курыў і не курыць зараз. Што тычыцца мяне асабіста, то я вельмі дрэнна пераношу тытунёвы дым. Таму, калі прыходзяць у дом госці, якія кураць, прашу іх выходзіць на вуліцу. Да курэння ў грамадскіх месцах стаўлюся вельмі негатыўна. Для гэтага павінны быць абсталяваны спецыяльныя месцы.
Людміла Рагалевіч, фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ўстановы аховы здароўя “Жыткавіцкая ЦРБ”:
— Я, як медык, адмоўна стаўлюся да курэння не толькі ў грамадскіх месцах, але і ў цэлым да гэтай з’явы. Цыгарэты наносяць вялікую шкоду здароўю. Курэнне — прычына многіх захворванняў. У тым ліку і анкалагічных. Таму я за поўную забарону курэння ў грамадскіх месцах. Па-першае, тытунёвым дымам, у такім выпадку дыхаюць і людзі, якія не кураць. А пасіўнае курэнне таксама вельмі небяспечнае для здароўя. Па-другое, які прыклад мы паказваем дзецям, падлеткам. Яны ж імкнуцца пераймаць паводзіны дарослых і пачынаюць курыць, што для маладога арганізму вельмі і вельмі небяспечна.
Андрэй Ляшкевіч, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
— На жаль, не магу сабе адмовіць у жаданні пакурыць. Ведаю, што гэта шкодна, але кінуць пакуль не хапае сілы волі. Што тычыцца забароны курэння ў грамадскіх месцах, то стаўлюся да гэтага з разуменнем. Курыць патрэбна толькі ў спецыяльна абсталяваных і адведзеных месцах, а не на хаду на вуліцы. Таму лічу, калі такіх месцаў будзе для курэння ў дастатковай колькасці, то праблема знікне сама сабой.
Аляксей Краўчэня, трэнер-выкладчык Жыткавіцкай ДЮСШ:
— Курэнне і спорт — рэчы не сумяшчальныя. Я гэта зразумеў яшчэ ў маленстве. Тады з цікаўнасці пару разоў зацягнуўся цыгарэтай. Гэта быў першы і апошні раз, калі я паспрабаваў тытунь. Па маім меркаванні, яму, цыгарэтнаму дыму, не месца ў грамадскіх месцах. Я абедзвюма рукамі за забарону. Увогуле не куру сам і іншым не раю.
Віктар Матарас, вадзіцель Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
— Стаж курыльшчыка ў мяне больш за дзясятак гадоў. Спрабаваў развітацца з гэтай шкоднай звычкай, але вытрымаў без цыгарэты ўсяго тыдзень. У грамадскіх месцах стараюся не курыць. Няёмка неяк. Побач жа ходзяць людзі, якія не пераносяць тытунёвага дыму, маці з дзецьмі. Таму, калі меры за курэнне ў месцах грамадскага карыстання і стануць больш жорсткімі, у гэтым, акрамя карысці, нічога не бачу.
Запісаў Сяргей Мікалаеў.