У вёсцы Ельна кіраўніцтва Ленінскага сельвыканкама плануе ў бліжэйшы час замяніць помнік
Зараз вядуцца работы па падрыхтоўцы праекта-каштарыснай дакументацыі.
Як расказаў старшыня Савета Васіль Нямчэня, помнік у Ельна ўстаноўлены ў памяць аб 112 мірных жыхарах, якіх спалілі фашысцкія захопнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З часу ўзвядзення мемарыяла яго стан сёння ўжо не адпавядае сучасным патрабаванням. Таму кіраўніцтва вясковай улады і ўзялося кардынальна абнавіць памятны знак. На гэтыя мэты выдаткавана 40 мільёнаў рублёў. За іх намечана памяняць сам помнік, зрабіць ля яго добраўпарадкаванне тэрыторыі. Каб утанніць работы яны будуць выконвацца гаспадарчым спосабам. Усяго на тэрыторыі Ленінскага сельскага Савета сёння маецца 13 помнікаў і вайсковых пахаванняў. За кожным з іх ажыццяўляюць пастаянны догляд працаўнікі ўстаноў і арганізацый, таму ўсе мемарыялы знаходзяцца ў добрым стане. Дзейнасць Ленінскага сельвыканкама, накіраваная на замену старога помніка ў вёсцы Ельна, яскрава сведчыць, што ў Савеце добра памятаюць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і імкнуцца зрабіць усё так, каб ушанаваць іх належна.