Асвойваць вайсковую навуку на працягу тыдня прыйдзецца дзесяцікласнікам школ раёна
Першага чэрвеня ў ваенна-палявыя зборы ўрачыста распачаліся ў райцэнтры.
Шэсць дзясяткаў юнакоў з гарадскіх навучальных устаноў роўным строем увайшлі ў храм Феадосія Чарнігаўскага. Тут іх гасцінна сустрэлі Благачынны Тураўскай епархіальнай акругі Генадзь Хаткевіч, ваенны камісар Жыткавіцкага раёна Сяргей Петруненка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Саўчыц і інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Ірына Сулкоўская.
Што ваенныя зборы для дзесяцікласнікаў распачаліся з малебна і асвячэння іх удзельнікаў, яскрава сведчыць, найперш, аб высокай духоўнасці гэтага мерапрыемства. Праваслаўная царква ва ўсе стагоддзі адабрала і натхняла ваяроў на абарону сваёй Бацькаўшчыны. Менавіта і ваенна-палявыя зборы для школьнікаў скіраваны на тое, каб яны не толькі змаглі на практыцы асвоіць армейскае рамяство, але і выхаваць у сабе такія якасці як патрыятызм, мужнасць, адвага, сяброўства. Менавіта аб гэтым гаварылі ў сваіх прамовах ваенны камісар Сяргей Петруненка, пратаіерэй Генадзь Хаткевіч і інспектар ІСН Ірына Сулкоўская.
Адразу пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця ваенных збораў у храме юнакі прыступілі да заняткаў. Як расказаў іх кіраўнік, настаўнік сярэдняй школы №3 райцэнтра Валерый Зінкевіч, штодня на працягу шасці гадзін, хлопцы будуць практычна замацоўваць веды, атрыманыя на ўроках пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Праграма збораў даволі насычаная. У яе ўваходзіць страявая і агнявая падрыхтоўка, асваенне элементаў ваеннай тактыкі і грамадзянскай абароны, а таксама фізічныя практыкаванні. Усё ж, будучыя абаронцы Айчыны павінны быць не толькі моцныя духам, але і целам.
Сяргей БЕЛКА.