Ідзе з любоўю па жыцці
З гэтай жанчынай заўсёды прыемна весці гутарку. Ёй не цяжка быць душой кампаніі сваіх сяброў і чужых людзей, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі суразмоўцаў. Пасля непрацяглай размовы ім так і хочацца ўсміхнуцца і сказаць ласкавае слова чалавеку, які проста, прыхільна і ўважліва паставіўся да чужых патрэб, задаволіў цікавасць па тым ці іншым пытанні.
Менавіта такая ў жыцці Любоў Варановіч – жанчына – якая вылучае вакол сябе радасць і дабрыню, шчодра адорвае гэтымі якасцямі ўсіх людзей. Нядаўна ў Любові Іванаўны надарыўся знакавы юбілей з нагоды дня нараджэння. Яе сябры з народнага клуба аматараў народнай творчасці “Вечарына” пастараліся, каб гэтае свята запомнілася Варановіч на ўсё жыццё. Таму Гэбеньскі клуб ледзь умясціў усіх жадаючых гасцей, што імкнуліся трапіць на такое мерапрыемства.
Любоў Іванаўна нарадзілася ў сялянскай сям’і Івана і Вольгі Гулюта. Бацькі доўга думалі, якое даць імя дачушцы. Для маці яна тры дні нават была Валяй, але бацька назваў дзяўчынку Любоўю. Гэтае імя ў значнай ступені наклала адбітак на яе лёс. Менавіта за ўсё, за што бралася Варановіч, яна рабіла з вялікай любоўю.
Так сталася і пятнаццаць гадоў назад. Тады Любоў Іванаўна ўпершыню пераступіла парог раённага аддзела культуры, каб працаўладкавацца ў адну з устаноў галіны. З тых часоў Варановіч душой і сэрцам прыкіпела да абранай справы. У жанчыны ўсё на працы заладзілася адразу. Ініцыятыва, выдумка, творчасць у клубнага работніка проста білі праз край. Мноства розных мерапрыемстваў у клубе праводзілася для вяскоўцаў. Надзвычай ярка на пасадзе раскрылася яшчэ адна якасць Любові Іванаўны – любоў да песні. Яе голас і выканальніцкае майстэрства зачароўвалі гледачоў сваімі прыгажосцю і непаўторнасцю. Нездарма, у хуткім часе яна становіцца самым актыўным удзельнікам вядучых самадзейных калектываў раёна. Яшчэ і мужа свайго прыцягнула да гэтай справы. Як ні цяжка было дабірацца з Грэбеня ў райцэнтр на рэпетыцыі, на канцэрты, але Варановічы не прапускалі ні аднаго з такіх мерапрыемстваў. Нібы на крылах ляцелі на сустрэчы з песняй. На святочным мерапрыемстве з нагоды юбілею Любові Іванаўны аб гэтым падкрэслівалася не аднойчы яе калегамі. Гаварылася не толькі пра працоўныя поспехі жанчыны, але і аб яе ўменнях гаспадыні, захавацельніцы сямейнага ачагу. Канечне ж, на імянінах было ўручана і шмат розных падарункаў, выказана ў адрас віноўніцы ўрачыстасці мноства віншавальных слоў, але самымі прыемнымі для Варановіч былі песенныя нумары, якія падаравалі калегі з народнага ансамбля “Вечарына”.
Шмат радасных эмоцый перажыла падчас мерапрыемства імянінніца. За невялікі прамежак часу, пакуль доўжылася свята, перад яе вачыма нанава прайшло ўсё ўласнае жыццё: з радасцямі і складанасцямі, поспехамі і няўдачамі. Але Любоў Іванаўна ніколькі не шкадуе, што яно склалася менавіта так, як прайшло. Станоўчага ў ім было значна больш чым адмоўнага. Толькі самае галоўнае, свой кожны крок на гэтым складаным шляху жанчына па імя Любоў рабіла з любоўю да працы, да сям’і, да сяброў, да людзей і радзімы. І змяняць на гэтай пуцявіні нічога не збіраецца, бо сваімі справамі заслужыла такія ж любоў і павагу ад тых, хто жыве і працуе побач. Так і ідзе Любоў Іванаўна з любоўю па жыцці.