Бяздоннае багацце возера Чырвонае, что на Жыткаўшчыне
Спецыялісты адкрытага акцыянернага таварыства “Жытка-вічыхімсервіс” распачалі сезон здабычы сапрапелю. Дзякуючы абнаўленню абсталявання, што дазволіла значна нарасціць магутнасці вытворчасці і ўдасканаліць тэхналагічныя працэсы, працаўнікі прадпрыемства збіраюцца сёлета намнога павялічыць вынікі вышэйзгаданай дзейнасці.
Участак па здабычы сапрапелю знаходзіцца непасрэдна на возеры Чырвонае. У гэтае структурнае падраздзяленне акцыянернага таварыства разам з яго дырэктарам Віктарам Атліванавым трыццатага сакавіка наведаліся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч і яго першы намеснік Мікалай П’яўко, каб азнаёміцца з пачаткам работ па намыванні каштоўнай сыравіны з аднаго з буйнейшых вадаёмаў палескага краю. Паварот з шашы за аграгарадком Дуброва, некалькі кіламетраў па грунтоўцы — і пачынаюцца накапляльнікі пульпы. Менавіта яны і сталі прычынай для першага прыпынку гасцей.
— Мы маем 47 чэкаў, якія размяшчаюцца на 102 гектарах. Многія з іх не выкарыстоўваліся, зараслі кустоўем і пустазеллем. Таму праведзена вялікая праца, каб прывесці ўсе накапляльнікі ў рабочы стан, — гаворыць Віктар Атліванаў. — Пры іх поўнай запаўняльнасці тут можна размясціць адначасова 100-120 тысяч тон сыравіны для атрымання сапрапелю.
Пасля такога каментарыю Віктар Адамавіч падаў сігнал на земснарад, і праз некалькі хвілін з трубаправода хлынулі першыя кубаметры чорна-рудой вадкасці. Для запаўнення ёю аднаго чэка спецыялістам вытворчага ўчастка спатрэбіцца два дні. Далей, калі вадкасць адстаіцца, большая частка вады будзе адведзена, а потым густую жыжу, падобную на багну, пакінуць сохнуць пад уздзеяннем прыродных фактараў. Калі яна ператворыцца ў сыпучую масу, яе будуць варушыць спецыяльнымі машынамі, аж пакуль сапрапель не дойдзе на патрэбнай кандыцыі. Перад тым, як прадукцыя, атрыманая з азёрнага дна, трапіць да спажыўцоў, яна пройдзе канчатковую дапрацоўку на базе забеспячэння акцыянернага таварыства.
Але пачынаецца гэты вытворчы ланцуг непасрэдна на возеры Чырвонае, з дна якога і здабываецца каштоўная сыравіна. У гэтым сезоне ўсё робіцца новым земснарадам італьянскай вытворчасці, які набыты прадпрыемствам за ўласныя сродкі.
— Патрацілі два з паловай мільярды рублёў, — расказвае пра сучасны набытак дырэктар. — Але аб фінансавых расходах ніколькі не шкадуем, бо атрымалі самую лепшую і высокапрадукцыйную тэхніку. Тым больш што грошы выручылі ад продажу металалому, які атрымалі са старога абсталявання. За гадзіну новы земснарад можа дастаць з азёррнага дна і перакачаць у чэкі да трохсот метраў кубічных пульпы. На цяперашні час гэтыя магутнасці скарыстоўваюцца пакуль на палову. Прычына ў тым, што ад месца здабычы і да месца накаплення сыравіны амаль паўтара кіламетра: 1200 метраў пульпаправода пракладзена па сушы і яшчэ больш за дзвесце — па вадзе, таму не дастае ціску ў трубах для пракачвання масы. Але праблема ў хуткім часе будзе вырашана, для чаго збудуем помпавую станцыю, якая і паскорыць дастаўку.
Адзначыў кіраўнік не толькі высокую прадукцыйнасць земснарада, але і яго эканамічнасць. У параўнанні са старым абсталяваннем новае спажывае электраэнергіі амаль у дзесяць разоў меней, пры гэтым здабываецца донных адкладанняў намнога болей. Ды і якасць працы намнога вышэйшая. Пульпа, якая здабывалася на старым земснарадзе, больш за дзевяноста працэнтаў складалася з вады і нязначнай часткі сапрапелю, цяпер жа ў ёй доля карыснага рэчыва да трыццаці працэнтаў.
Канечне, развіваючы здабычу і вытворчасць сапрапелю, кіраўніцтва акцыянернага таварыства, у першую чаргу, пралічвае эканамічную састаўную і будучыя перспектывы. Як, сведчыць практыка мінулых гадоў, з гэтым усё ў парадку. Скажам, што гадавая выручка ад рэалізацыі сапрапелю таварыствам у агульнай яе структуры складае трыццаць працэнтаў, пры даволі высокай рэнтабельнасці. Ёсць і пастаянныя надзейныя спажыўцы, у ліку якіх беларускія нафтавікі, бурыльшчыкі свідравін для здабычы вады, аграрыі, вытворцы камбікармоў. Менавіта яны раскупляюць для сваіх вытворчых патрэб за год амаль увесь сапрапель, што здабываецца працаўнікамі ААТ “Жыткавічыхімсервіс”. А гэта ні многа ні мала, а амаль трыццаць тысяч тон. Тысячу тон сапрапелю перапрацоўваюць непасрэдна на базе таварыства, з якога вырабляюць дзевяць відаў грунтоў. Шчодра ўгнойваюць ім і свае палеткі. Самае ж галоўнае, што попыт на сапрапель расце ва ўсім свеце, таму, будзем спадзявацца: у працаўнікоў “Жыткавічыхімсервіса” знойдуцца партнёры і за мяжой.
Кіраўніцтва прадпрыемства, распрацоў-ваючы донныя багацці на возеры Чырвонае, разглядае гэтую справу не толькі як камерцыйны праект, але яшчэ і як экалагічны. Дзякуючы рабоце спецыялістаў арганізацыі вадаём ачышчаецца ад забагвання. Таму невыпадкова, што акцыянернае таварыства стала ўладальнікам гранта па праекту садзейнічання пераходу Рэспублікі Беларусь да “Зялёнай эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у рамках рэалізацыі праграмы развіцця ААН. Грошы, а гэта 200 тысяч еўра, што атрыманы прадпрыемствам выкарыстоўваюцца на набыццё дадатковага абсталявання, каб палепшыць дзейнасць па здабычы сапрапелю. Акрамя гэтага дырэктар Віктар Атліванаў плануе ў бліжэйшыя гады стварыць у адной з самых маляўнічых мясцін Беларускага Палесся, на возеры Чырвонае, цудоўную зону для адпачынку: з рыбалкай, са зборам буякоў і іншымі выгодамі і радасцямі сельскага ўкладу жыцця. Вось так па-гаспадарску падыходзяць да бязмежнага багацця возера Чырвонае ў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” І па сведчаннях спецыялістаў хопіць яго яшчэ на многія стагоддзі.
Наша даведка:
У адной тоне сапрапелю з возера Чырвонае ўтрымліваецца 3 працэнты калію, 2 – азоту і 1 працэнт фосфару. Пры ўнясенні на адзін гектар яго пяцьдзесят тон поўнасцю можна забяспечыць патрэбы сельгаскультур у пажыўных рэчывах. Акрамя гэтага пры выкарыстанні сапрапелю ў якасці ўгнаення значна павялічваецца ўтрыманне ў глебе гумусу.
Донныя адкладанні, здабытыя ў возеры Чырвонае, утрымліваюць амаль 20 працэнтаў пратэіну, што дае магчымасць прымяняць іх у якасці высокаэфектыўнай дабаўкі пры вытворчасці камбікармоў.
здабыча сапрапелю спецыялістамі ААТ “Жыткавічыхімсервіс” на возеры Чырвонае распачата ў 1975 годзе. За гэты час са дна вадаёма намыта гэтага каштоўнага прадукту адзін мільён дзвесце тон. Па ацэнцы спецыялістаў запасы сапрапелю складаюць больш за семдзясят мільёнаў тон.
Сяргей Белка.