У чароўнай краіне дзяцінства на Жыткаўшчыне
У 1988 годзе Верасніцкаму дзіцячаму садзіку вельмі пашанцавала з кіраўніком. Тады па волі абставін яго ўзначаліла малады педагог Марыя Тачыла. Дзякуючы таленту і працавітасці кіраўніка, яго настойлівасці і ўмельству, а таксама накопленаму вопыту, выхаваўчая дашкольная ўстанова па выніках сваёй дзейнасці ўжо не адзін год з’яўляецца лепшай сярод сельскіх дзіцячых садзікаў раёна. А за працу летась Верасніцкі дзіцячы сад стаў лідарам і ў Гомельскай вобласці.
— Канечне, гэта заслуга ўсяго нашага калектыву, — гаворыць Марыя Мікалаеўна. — У нашай установе паміж работнікамі склаліся цудоўныя адносіны. Кожны стараецца, каб дзецям тут было камфортна, таму да выканання сваіх абавязкаў падыходзяць сумленна і творча. Напэўна, у гэтым і крыецца сакрэт нашых поспехаў. Працуем так, каб прыйшоўшы да нас у садзік, хлопчыкі і дзяўчынкі траплялі ў сапраўдную чароўную краіну дзяцінства.
Пра саму Марыю Мікалаеўну хочацца сказаць наступнае, што гэта чалавек, які ўсю цеплыню сваёй душы і веды аддае дзецям. З дзяцінства марыла стаць педагогам. Цяпер, калі гэта ажыццявіла, яшчэ большым стала перакананне, што з прафесійным выбарам не памылілася ў жыцці. Адно толькі б памяняла на пачатку свайго працоўнага шляху жанчына: замест біялагічнага факультэта ВНУабавязкова пайшла б вучыцца на факультэт дашкольнага выхавання. Што яшчэ раз яскрава сведчыць аб адданасці абранай справе Марыі Тачыла.