Важным пытаннем у рабоце аграрыяў Жыткавіцкага раёна на цяперашні час з’яўляецца падрыхтоўка тэхнікі да будучых палявых работ
Як складваюцца справы ў рамонтнікаў? На гэтае пытанне карэспандэнт раёнкі папрасіў адказаць галоўнага інжынера райсельгасхарчу Андрэя Ляшкевіча.
– Андрэй Анатольевіч, практычна прайшла палова рамонтнага сезону. Наколькі плённа папрацавалі ў гаспадарках за гэты час над узнаўленнем тэхнікі?
– На жаль, тэмпы падрыхтоўкі машын і агрэгатаў не такія высокія, як гэтага хацелася б. Прычына тут адна – востры дэфіцыт фінансавых сродкаў для закупу запасных частак. Тыя рамонтныя работы, што вядуцца, ажыццяўляюцца за ўласны кошт сельгаспрадпрыемстваў. З пачатку сезону на гэтыя мэты ўжо выдаткавана больш за сямсот мільёнаў рублёў, але гэта вельмі мала, калі ўлічваць, што патрабуецца не меней дзясятка мільярдаў. Але, нягледзячы на такую акалічнасць, праца ў майстэрнях не сціхае.
– На чым зараз засяроджаны сілы рамонтнікаў?
– Найперш плануецца паставіць на лінейку гатоўнасці глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. Прайшоўшай восенню на іх выпала даволі салідная нагрузка, так як працавалі на ўздыме зябліва, пакуль дазваляла надвор’е. Акрамя гэтага азімымі культурамі засеялі значныя плошчы. Таму знос гэтай тэхнікі атрымаўся даволі моцным. Тым больш што і вясной яна першай выйдзе ў поле. На цяперашні час падрыхтавана ўжо да работы 59 працэнтаў ад наяўнай колькасці дыскавых барон і дыскатараў, столькі ж культыватараў, 70 працэнтаў плугоў і 47 працэнтаў камбініраваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Усяго з пачатку рамонтных работ у гаспадарках пастаўлена на лінейку гатоўнасці ўжо 56 адзінак рознай тэхнікі.
– Як абстаяць справы з трактарамі?
– Зараз трактарны парк сельгаспрадпрыем-стваў налічвае 300 адзінак. З гэтай колькасці гатовыя да работы 233 трактары або 78 працэнтаў ад наяўных.
– Хацелася б даведацца, ці дазваляе матэрыяльная база сельгаспрадпрыемствам мясцовым працаўнікам выконваць пастаўленыя задачы па ўзнаўленні тэхнікі.
– Вялікіх праблем з гэтым не бачу. За апошнія гады ўмовы працы ў рамонтных майстэрнях значна палепшыліся. Зусім нядаўна, напрыклад, здадзена ў эксплуатацыю майстэрня з пунктам тэхнічнага абслугоўвання ў КСУПе “Коленскае”. У новым збудаванні, а яго ўзвялі ўласнымі сіламі, усё ёсць для паспяховай працы: абсталяванне, наладжаны абагрэў, таму рамантаваць машыны і агрэгаты можна ў любое надвор’е. Добрыя майстэрні і ў КСУПе “Чырвоны бор”. Там, дзе праводзяцца складаныя рамонты, таксама ажыццяўляецца ацяпленне памяшканняў. Дарэчы, у гэтых гаспадарках і справы з падрыхтоўкай тэхнікі ідуць больш хуткімі тэмпамі. Не магу не адзначыць і старанне рамонтнікаў КСУПа “Бялёў”. Хаця ў гэтым сельгаспрадпрыемстве майстэрня знаходзіцца ў прыстасаваным памяшканні, але тут здолелі арганізавацца, каб належна падрыхтавацца да веснавых работ.
Канечне, пытанняў узнікае шмат, таму штомесяц інжынернай службай раёна праводзяцца семінары, на якіх і вырашаюцца надзённыя праблемы. Да таго ж на такіх мерапрыемствах вялікая ўвага надаецца не толькі ходу рамонтаў, але і агульнаму стану машынных двароў. А таксама, што вельмі важна, адбываецца абмен вопытам, што станоўча адбіваецца на выніках працы. Хаця час і не стаіць на месцы, з кожным днём тэрміны заканчэння рамонтных работ няўмольна набліжаюцца, але будзем спадзявацца, што нягледзячы на цяжкасці з вызначанымі аб’ёмамі аграрыі справяцца. І ў поле выйдуць усе падрыхтаванымі найлепшым чынам.