Калектыў Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры завяршыў цыкл мерапрыемстваў, што праводзіліся з нагоды навагодніх святаў
Заключны акорд атрымаўся не менш гучным і звонкім ва ўсёй той атмасферы музыкі, радасці і вяселля, што стваралі культработнікі ўстановы амаль на працягу месяца напярэдадні. Таму і на чарговае вялікае хрысціянскае свята самадзейныя калектывы цэнтра культуры парадавалі сваіх гасцей вялікай канцэртнай праграмай.
Вобразна кажучы, у яе ўклалі ўсю душу, сваё прафесійнае майстэрства, і творчы талент. З гэтай прычыны і настрой у зале панаваў адпаведны, прынамсі, не толькі ў гледачоў, але і ў саміх артыстаў. Як адзначыла перад выступленнем дырэктар Жыткавіцкага ГЦК Таццяна Яўлаш, навагоднія і калядныя святы для калектыву ўстановы выдаліся даволі насычанымі на розныя мерапрыемствы.
— Пачынаючы з канца снежня і да сярэдзіны студзеня, іх праведзена больш за паўсотні, — расказала Таццяна Аляксандраўна. — Гэта канцэрты, агеньчыкі, ранішнікі, тэатралізаваныя пастаноўкі, дыскатэкі, вечары адпачынку як для дзяцей, так і для дарослых. Праходзілі яны не толькі ва ўстанове, але нашы самадзейныя артысты выязджалі і ў працоўныя калектывы, і на кватэры да гараджан, каб там парадаваць людзей. Усе акцыі ладзіліся не толькі на платнай, але і на дабрачыннай аснове. За святы ўдалося зарабіць болей трыццаці мільёнаў рублёў. Гэта яскравае сведчанне таго, што старанні калектыву запатрабаваныя, і гэта натхняе на яшчэ больш плённую працу, павялічвае жаданне тварыць.
Напэўна, вынік навагодняй дзейнасці і паўплываў на настрой выступоўцаў, бо кожны з іх выходзіў на сцэну з прыўзнятымі станоўчымі эмоцыямі. Тым больш што кіраўніцтва гарадскога цэнтра культуры прыцягнула да выступлення сваіх лепшых самадзейных артыстаў. Таму двухгадзінны канцэрт прайшоў на адным дыханні. Пластычныя танцавальныя кампазіцыі на сцэне змяняліся звонкімі песнямі, а таксама музычнымі найгрышамі. Усе яны гарманічна разбаўляліся тэатралізаванымі пастаноўкамі. Героі апошніх сваёй ігрой часта выклікалі гучны смех у прысутных у зале гледачоў. Менавіта так для іх стараліся ўдзельнікі народнага аб’яднання аматараў тэатра “Маскі”. Безумоўна, дыяментам канцэртнай праграмы было выканальніцкае майстэрства вакалістаў эстраднай студыі, якой кіруе Вячаслаў Яўлаш, а таксама цыганскага ансамбля. Не раз зрывалі апладысменты і танцоры з узорнага самадзейнага ансамбля “Калейдаскоп”. А выступленне народнага самадзейнага калектыву “Жытніца” ўвогуле проста патанула ў бясконцых авацыях. У цэлым цудадзейных імгненняў свята не пералічыць, настолькі многа іх было. Прайшоўшая ў ГЦК вечарына чаравала сваёй прыгажосцю і адначасова таямнічасцю, тым самым арганізатарамі падкрэслівалася ўся веліч і незвычайнасць першых студзеньскіх дзён.
Пакідаючы ўстанову культуры гледачы з вялікім задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі ад канцэрта. Водгукі выказваліся толькі станоўчыя, а таксама гучалі словы падзякі за добра праведзенае мерапрыемства і карысны адпачынак. Канечне, што для артыстаў гарадскога цэнтра культуры такія высновы людзей аб іх працы чуць прыемна заўсёды. Бо менавіта яны з’яўляюцца найлепшай адзнакай іх дзейнасці. А сёлета нават і ўдвая. Усё ж бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам культуры. Прайшоўшы канцэрт яскрава засведчыў, што ў спецыялістаў Жыткавіцкага ГЦК проста невычэрпная крыніца таленту і задум, якіх хопіць, каб далучаць людзей розных пакаленняў да разнастайных відаў мастацтва і народных традыцый не толькі ў годзе бягучым, але і ў наступныя.
У цэлым пра гарадскі цэнтр культуры можна сказаць так: «Дом, дзе жыве творчасць, і гаспадары якога заўсёды радыя гасцям і пастаянна гатовыя адорваць кожнага добрым настроем і радасцю». У чым і пераканаліся жыткаўчане на Вадохрышча.
Сяргей Белка.