Захапленні педагога Жыткавіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
Педагог дадатковай адукацыі Жыткавіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Андрэй Кувік мае шмат захапленняў. Усе яны так ці інакш звязаны з яго прафесіяй.
Восьмы год жыткаўчанін працуе ў Кольненскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе і на базе гэтай установы стварыў журналісцкую студыю “Інфарматыў”. Зараз у аб’яднанні займаецца 11 вучняў 5-11 класаў. Асновы рэпарцёрскай справы кіраўнік выкладае выхаванцам па ўласнаму метадычнаму дапаможніку, за які, між іншым, атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу адукацыйных праграм. Школьнікі асвойваюць журналісцкія жанры, вучацца рабіць інтэрнэт-сайты і фотаздымкі, манціруюць відэаролікі и выдаюць школьную газету. Надзённыя тэмы гурткоўцам падказвае само жыццё: ад вясковых і вучнёўских навін да актуалій сусветнага маштабу. Многія работы ўдзельнічалі ў шэрагу конкурсаў.
Акрамя “Інфарматыву” А. Кувік займаецца з дзецьмі шахматамі, а раней яшчэ кіраваў і тэатральным гуртком. Ён піша добрыя вершы. Талентаў у гэтага чалавека сапраўды шмат. Андрэй Анатольевіч карыстаецца ў вучняў заслужаным аўтарытэтам і як сацыяльны педагог і псіхолаг. “Вельмі важна, каб на дзіцячым шляху сустрэўся добры дарадца, — кажа мужчына. – Гэта акрыляе вучня і надае яму ўпэўненасці.”
Да выбару прафесіі яго самога, дарэчы, падштурхнулі менавіта любімыя настаўнікі. Асабліва ўдзячны А. Кувік Таццяне Уладзіміраўне Струк, што выкладала беларускую мову і літаратуру. А яшчэ варта прыгадаць, што і ў яго сям’і таксама ёсць педагогі – дзедава сястра Марыя Іванаўна Лацянкова мае званне заслужанага настаўніка БССР.
Але спачатку мужчына абраў усё ж роднасную філалогіі журналістыку, паступіўшы ў 2000 годзе на толькі што створаны адпаведны факультэт Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны. Аднак потым па жыццёвых абставінах перавёўся на завочнае аддзяленне філфаку.
Святлана Шакалян.