Працаўнікі Жыткавіцкага “Доследнага рыбгаса “Белае” паспяхова сабралі сёлетні ўраджай
Працаўнікі акцыянернага таварыства “Доследны рыбгас “Белае” паспяхова сабралі сёлетні ўраджай блакітнай нівы. На жаль, ён атрымаўся не такім важкім, як планавалася, але пашчыраваць на яго мясцовым рыбаводам прыйшлося нямала.
Цяпер, калі ўся вылаўленая рыба, а гэта амаль пяцьсот тон, упарадкавана, на ўгоддзях рыбгаса пануюць цішыня і спакой. Яны ў нейкай ступені закранулі і адміністрацыйны будынак гаспадаркі. Але менавіта тут і даведаліся ад Анны Тарасевіч, сакратара прыёмнай, пра галоўныя вытворчыя і невытворчыя навіны. У першую чаргу, што гаспадарка змяніла сваё падпарадкаванне і ўжо не ўваходзіць у склад “Белагратэхсервісу”.
– Сажалкі аблавілі, таму многія рабочыя пабралі адгулы. Па заканчэнні сезону і наш кіраўнік Віктар Сцяпанавіч Дашкевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, – нетаропка распавядала жанчына. – Добры спецыяліст быў і чалавек цудоўны, хацелася, каб яшчэ папрацаваў. Каб такі і новы дырэктар быў, яго ўжо прадстаўлялі калектыву, засталося меней за тыдзень, калі стала прыедзе на працу.
Пагаманіўшы яшчэ колькі хвілін з сакратаром, выйшлі на вуліцу, каб наведацца на вытворчыя аб’екты рыбгаса з Рыгорам Мірановічам, які на час адсутнасці кіраўніцтва вядзе гаспадарчыя справы. Адразу кіруемся ў гараж. Менавіта гэты аб’ект і рыбная база зараз з’яўляюцца цэнтрам вытворчай дзейнасці. Ля цэлага рада машын, якія называюць жыварыбкамі, іншай тэхнікі рупіліся людзі. Рыгор Аркадзьевіч адразу знаёміць з лепшымі вадзіцелямі гаспадаркі Валянцінам Некрашэвічам (на здымку) і Васілём Катовічам. Абодва мужчыны ў спяцоўках старанна аглядаюць замацаваны за імі аўтатранспарт, выпраўляюць непаладкі.
– Рыхтую машыну да праходжання тэхагляду, – расказвае Валянцін Сяргеевіч. – У гаражы на цяперашні час мы рэдкія госці, толькі па самай пільнай патрэбе сюды заязджаем. А так усё больш па камандзіроўках. Трэба ж улоў гараджанам рэалізоўваць.
– Зараз яны ў нас па трыццаць дзён у месяц у камандзіроўках знаходзяцца, – гаворыць Рыгор Мірановіч. – Цяпер рэалізацыя прадукцыі для нас з’яўляецца найгалоўнейшым клопатам.
Гандлююць жывой рыбай карпам, таўсталобікам, амурам і іншай працаўнікі гаспадаркі па ўсёй Беларусі. Мінск, Жлобін, Гомель, Светлагорск і многія іншыя гарады краіны – вось такая шырокая геаграфія паставак. Адпаведна, што вадзіцелей стараюцца ў такія рэйсы адпраўляць самых вопытных і спрактыкаваных. Менавіта з такіх Некрашэвіч і Катовіч. Іх многае аб’ядноўвае. Ураджэнцы гэтых мясцін: адзін – з вёскі Баравая, другі – з Лагвошчаў. І ў Валянціна Сяргеевіча, і ў Васіля Адамавіча за плячыма значны працоўны стаж – па тры дзесяцігоддзі за рулём кожны. Амаль адначасова адзінаццаць гадоў назад атрымалі новыя аўтамабілі для перавозкі жывой рыбы, скалясілі за гэты час не адну тысячу кіламетраў па дарогах рэспублікі.
– Графік работы ў нас вельмі напружаны, – адзначае Васіль Катовіч. – Зацемна прыходзіцца падаваць транспарт пад пагрузку, потым дарога да месца прызначэння, гандаль, вяртаешся ў гараж таксама зацемна. Пакуль падрыхтуеш аўтамабіль да чарговага рэйса, вобразна кажучы, няма калі і дадому ісці. Зноў патрэбна выбірацца ў камандзіроўку.
Разам з тым мужчыны не наракаюць на такія складанасці. Іх больш турбуе, каб рыба добра прадавалася, ды аўтамашыны спраўна хадзілі. Цяпер ад іх залежыць дабрабыт усяго калектыву, які цэлы год прыкладваў намаганні, каб вырасціць таварную рыбу.
Як расказаў галоўны інжынер рыбгаса Максім Коцікаў, у бягучым годзе нялёгка даўся ўраджай на блакітнай ніве. Спякотнае надвор’е, недахоп кармоў – гэта асноўныя праблемы, з якімі даводзілася сутыкацца рыбаводам ў прайшоўшым сезоне. Нямала высілкаў прыкладзена і падчас аблову сажалак. Але нягледзячы на цяжкасці, працаўнікі прадпрыемства прадэманстравалі сваю настойлівасць і майстэрства.
– Збор ураджаю правялі вельмі арганізавана, – расказвае Максім Віктаравіч. – Працавалі дзве брыгады, якія былі забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем. Таму з работай і справіліся паспяхова. Людзі не падвялі.
Стараннасцю на ўсіх участках работ вызначаліся рыбаводы Леанід Лаўніковіч, Дзмітрый Таргонскі, Іван Карніевіч, Аляксандр Лаўніковіч, Юрый Сулкоўскі і іншыя.
Цяпер працаўнікі акцыянернага таварыства “Доследны рыбгас “Белае” жывуць новымі клопатамі, накіраванымі на будучае лепшае развіццё гаспадаркі. Яно ж залежыць ад таго, ці здолее новы кіраўнік павесці за сабой калектыў, як гэта было раней.
Сяргей БЕЛКА.