Нядрэнна спрацавалі жывёлаводы Жыткавіцкага раёна
Нядрэнна спрацавалі жывёлаводы раёна за дзесяць месяцаў бягучага года. Дасягнутыя імі паказчыкі па вытворчасці малака і мяса сведчаць, што галіна развіваецца стабільна і ў яе ёсць магчымасці для станоўчага развіцця.
За азначаны вышэй перыяд ад адной каровы ў сярэднім па раёну надоена 4086 кілаграмаў малака, што на 718 больш чым было на такі ж час летась. Валавая вытворчасць малака павялічана ў параўнанні з мінулым годам на 123,6 працэнта і дасягнула 34409 тон. Са знакам “плюс” працуюць жывёлаводы і па вытворчасці мяса. Прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы атрымана 3844,9 тоны, што на 110,7 працэнта больш за леташняе дасягненне. Сярэднясутачныя прывагі перавысілі сямсот грамаў. Па гэтым паказчыку прыбаўка склала 24 грамы.
Значны ўклад у вытворчыя здабыткі жывёлаводаў раёна ўносяць працаўнікі ферм ААТ “Тураўшчына”. З пачатку года ў гэтым сельгаспрадпрыемстве ад адной каровы ўжо надаілі па 4784 кілаграмы малака, прыбавіўшы ў параўнанні з мінулагоднім перыядам 1206 кілаграмаў. Гэта станоўча адбілася і на вытворчасці валавай прадукцыі, якая павялічана на 137,5 працэнта. Увогуле чатырохтонны надой ад каровы за бягучы год яшчэ пераадолелі аператары машыннага даення дзвюх гаспадарак: камунальнага сельгас-прадпрыемства “Бялёў” і акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Адпаведна тут ад каровы надаілі па 4248 і 4070 кілаграмаў малака. Зусім няшмат, 95 кілаграмаў да вышэйзгаданага рубяжа не дацягнулі жывёлаводы камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае”, якія запісалі на свой рахунак 2095 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову. Не выкарысталі на поўную моц маючы патэнцыял працаўнікі ферм ААТ “Прыазёрскае-Агра” і КСУПа “Чырвоны Бор”. Тут атрыманы за адзінаццаць месяцаў надоі адпаведна ў памерах 3611 і 2665. Хаця варта адзначыць, што і ў гэтых гаспадарках прыбаўкі па надоях даволі ўнушальныя. Але нізкія зыходныя дасягненні не дазволілі мясцовым працаўнікам выйсці на больш важкія паказчыкі. Але з другога боку, гаспадаркі, дзе надоі невысокія, з’яўляюцца своеасаблівым рэзервам па інтэнсіўнаму нарошчванню прадукцыі ў раёне.
У свой актыў працаўнікі ферм могуць запісаць і цяперашнія дасягненні па вырошчванні прадукцыі буйной рагатай жывёлы. З сямі гаспадарак больш за сямсот грамаў сярэднясутачных прываг атрымліваюць у пяці. Найважэйшыя яны ў КСУПах “Бялёў” (741 грам). Дарэчы, у гэтым сельгаспрадпрыемстве па аналізуемым паказчыку забяспечаны і самы высокі прырост у параўнанні з леташнім перыядам – 119 грамаў. Заслугоўвае пахвалы і праца аператараў па вырошчванні маладняку акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” і камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае”. Адзінай гаспадаркай, дзе дапушчаны ў параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам адвес, з’яўляецца ААТ “Тураўшчына”. Тут сярэднясутачныя прывагі знізілі на 33 грамы. Канечне, такія недапрацоўкі ў пэўнай ступені адмоўна ўплываюць на фарміраванне такога важнага паказчыка, які характарызуе работу жывёлагадоўлі раёна, – тэмп роста валавай прадукцыі. За дзесяць месяцаў па раёну ён склаў 93,2 працэнты. Але ў працаўнікоў і спецыялістаў ферм ёсць яшчэ час, каб яго палепшыць. Тым больш справы зараз у жывёлаводаў ла-дзяцца нядрэнна, яны і надалей працягваюць павялічваць вытворчасць малака і мяса.
Сяргей Белка.