Кожны голас жыткаўчан — важны
Учора па ўсёй краіне расчынілі дзверы выбарчыя ўчасткі. У буднія дні, пачынаючы з дзесяці гадзін раніцы і да чатырнаццаці дня, а вечарам – з пятнаццаці і да дзевятнаццаці, у суботу — з дзесяці да чатырнаццаці гадзін кожны чалавек, які мае права голасу, можа датэрмінова выказаць сваё волевыяўленне за таго або іншага кандыдата на пасаду прэзідэнта нашай дзяржавы.
У Жыткавіцкім раёне вызначана 65 месцаў для галасавання. Немалая колькасць выбаршчыкаў прыйшла на ўчасткі ў гэтыя дні, каб скарыстацца сваім канстутыцыйным правам. У ліку іх такое жаданне, датэрмінова аддаць уласны голас, выявіла і спецыяліст райкама БРСМ Святлана Батава.
– У асноўны дзень выбараў, 11 кастрычніка, у мяне не будзе магчымасці прагаласаваць за будучага прэзідэнта, – расказвае Святлана Уладзіміраўна. – Я з’яўляюся членам раённай выбарчай камісіі, таму ўвесь дзень буду працаваць там. Вось і вырашыла выказаць волевыяўленне зараней, каб не адцягваць сваёй увагі ад спраў і абавязкаў, якія ўскладзены на мяне ў раённай камісіі.
Святлана Батава справядліва лічыць, што грамадзяне краіны павінны зрабіць свой выбар, бо кожны голас важны ў такіх знакавых грамадска-палітычных кампаніях. Жанчына прагаласавала на выбарчым участку №4, які знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку ААТ “Жыткавічлес”. Тут усё гатова да выбараў: устаноўлены кабінкі, скрынкі для бюлетэняў, наладжана дзяжурства членаў камісіі і супрацоўнікаў, якія заняты аховай участка і забяспечваюць на ім бяспеку.
– Людзі прыходзяць галасаваць датэрмінова, асабліва пажылыя – расказвае член камісіі Ігар Нікіфараў. – Мы робім усё, каб не былі парушаны іх выбарчыя правы, але ж асноўную масу грамадзян, надзеленых правам голасу, чакаем у нядзелю.
Датэрміновае галасаванне будзе праходзіць увесь тыдзень, уключаючы і суботу. А гэта прамое сведчанне таго, што дзяржава дае магчымасць сваім грамадзянам скарыстацца канстытуцыйнымі правамі без усялякіх перашкод.
Сяргей Белка.