Галіна Бандзюк і Валянціна Уфімцава з’яўляюцца салісткамі народнага вакальнага ансамбля “Асалода” ветэранаў працы
Галіна Бандзюк і Валянціна Уфімцава з’яўляюцца салісткамі народнага вакальнага ансамбля “Асалода” ветэранаў працы. У самадзейны калектыў іх прывяла любоў да песні, а таксама вялікае жаданне прыносіць карысць грамадству.
Галіна Аляксандраўна ў “Асалодзе” спявае ўжо дзесяць гадоў, а Валянціна Іванаўна з першага дня заснавання. Аб’ядноўвае жанчын не толькі салідны стаж адда-дзены самадзейнай творчасці – да песні і музыкі абедзьве імкнуліся з дзяцінства. Для Галіны Бандзюк узорам выканальніцкага майстэрства служыла маці, якая і раскрыла ёй прыгожы і мілагучны свет народных песень. Яна родам з суседняй Украіны, а ў Жыткавічы пасля заканчэння інстытута прыехала на сталае месца працы у якасці геолага. Ды і засталася тут назаўсёды, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Праўда, прыйшлося памяняць месца працаўладкавання, перайсці ў пашпартны стол мясцовага райаддзела міліцыі. Гэтай рабоце жанчына аддала чвэрць веку, а ўвогуле яе працоўны стаж вымяраецца трыццацю дзевяццю гадамі.
– Удзельнічаць у самадзей-насці пачала яшчэ ў міліцыі. Выступалі на розных конкурсах, а потым далучылася да аўтаклуба, у якім таксама выступала на канцэртах у маланаселеных пунктах, – расказвае пра сваё захапленне Галіна Аляксандраўна. – Вельмі задаволена, што мяне прынялі ў ансамбль “Асалода”. Не магу сядзець дома без справы, а калектыў для мяне з’яўляецца своеасаблівай аддушынай. І час з карысцю праходзіць, і з людзьмі пастаянныя стасункі маеш. Тым больш што ансамбль наш, як адзіная дружная сям’я.
Свой шлях прывёў у сама-дзейнасць і Валянціну Уфімцаву. Яна хацела стаць прафесійнай спявачкай. Нават паступіла ў Мазырскае музычнае вучылішча. Але праз два гады пакінула ўстанову, паехала працаваць аж у Заходнюю Сібір. Толькі, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш. Праз дзесяць гадоў вярнулася ў родныя Жыткавічы і па-новаму паступіла ў вышэйзгаданую навучальную ўстанову, якую і закончыла паспяхова. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала музычным кіраўніком у адным з дзіцячых садзікаў райцэнтра. І цяпер не парывае з песняй, з вялікай ахвотай удзельнічае ў гурце ветэранаў працы “Асалода”.
– Дзякую нашай уладзе, што яна стварае ўмовы, каб пажылыя людзі мелі магчымасць і на заслужаным адпачынку займацца любімай справай, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – Мы за сваё жыццё звыклі быць у гушчыні грамадскага жыцця, таму цяперашнія паездкі на гастролі, выступленні ў разнастайных конкурсах з’яўляюцца нібы працягам нашай маладосці.
Сапраўды пра такіх жанчын як Галіна Бандзюк і Валянціна Уфімцава кажуць, што яны не старэюць душой. І ў гэтым ім дапамагаюць песня і музыка. Для іх гэта толькі ў радасць. Дарэчы, сёлета Галіна Аляксандраўна і Валянціна Іванаўна адзначылі юбілеі. Толькі салідны ўзрост для іх не перашкода. Кожны тыдзень яны па некалькі разоў спяшаюцца на рэпетыцыі свайго народнага вакальнага калектыву. І заводзячы разам з сяброўкамі пад акампанемент баяна чарговую песню , проста забываюць пра той цяжар гадоў, які накапіўся за іх плячыма. Песня ім заўсёды ў жыцці дапамагала і зараз дапамагае ўпэўнена крочыць па ўласным шляху лёсу. І зварочваць з яго яны не збіраюцца.
Сяргей Белка.