У міліцыі Жыткаўшчыны надзейныя сябры
Агульнае пастраенне. Здача рапартоў аб гатоўнасці да мерапрыемства начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх маёру Максіму Стральчэню. І вось ужо гучаць першыя каманды капітана аднаго з атрадаў.
— Раўняйся! Смірна! Страявым шагам марш!
Пасля чаго роўны строй хлопчыкаў і дзяўчынак, дружна чаканячы крок, пайшоў маршам па пляцоўцы перад трэцяй гарадской школай. Менавіта ў гэтай навучальнай установе сёлета на свой злёт сабраліся юныя сябры міліцыі, якія і дэманстравалі свае веды і навыкі ў многіх конкурсах. Мерапрыемства сабрала шэсць каманд з усіх школ і гімназіі горада Жыткавічы, а таксама з другой тураўскай школы і Бялёўскай школы-дзіцячага сада. Сваё ж саперніцтва дружыны распачалі з дэманстрацыі страявой выпраўкі.
Зладжанае выкананне практыкаванняў, добрая выпраўка, дружны і моцны спеў найяскравей сведчылі пра грунтоўную падрыхтоўчую работу, што правялі да гэтага конкурсу са сваімі выхаванцамі выкладчыкі навучальных устаноў. Яны і падчас марша хваляваліся за свае каманды вельмі моцна, шчыра ў думках жадалі ім паспяховых выступленняў. Гэта невыпадкова, бо за праходжанне першага этапу юныя сябры міліцыі мелі магчымасць атрымаць найбольшую суму балаў. Напэўна, таму і стараліся атрады маршыраваць, нібы на парадзе. Канечне ж, не ва ўсіх усё атрымалася, як планавалі выступіць, але кожны калектыў не траціў надзеі на станоўчы зыход змагання. Усё ж наперадзе быў не адзін этап саперніцтва. І яны таксама прайшлі вельмі ярка і ў напружанай барацьбе.
Вельмі запамінальнымі былі выступленні агітбрыгад. Падчас іх хлопчыкі і дзяўчынкі са сцэны актавай залы трэцяй гарадской школы ў самых разнастайных формах, вершах, песнях даносілі сваім равеснікам-гледачам наколькі яшчэ шмат у падлеткавым асяроддзі заганных з’яў: курэнне, парушэнне правапарадку і правілаў вулічнага руху, наркаманія і п’янства, і многае іншае. Юныя сябры міліцыі дапамагаюць праваахоўным органам з імі змагацца. Як яны гэта робяць, дэманстравалася ў відэароліках, якія вызначаліся неардынарнасцю, а таксама даволі сур’ёзнай тэматычнай накіраванасцю. Зразумела, што ў кожным выступленні чырвонай ніткай падкрэслівалася не толькі роля юных сяброў міліцыі ў супрацьстаянні з правапарушальнікамі, але і важнасць прафесіі супрацоўніка міліцыі, яе прэстыж і значэнне ў ахове правапарадку. Усе каманды стараліся данесці гэта гледачам.
Юны сябра міліцыі — гэта не толькі творчыя, з добрай страявой выпраўкай юнакі або дзяўчаты. Гэта яшчэ і асобы, якія валодаюць пэўнымі ведамі ў галінах права, неадкладнай медыцынскай дапамогі, а таксама выдатна развіты фізічна. Далейшы ход злёту паказаў, што і тут каманды падрыхтаваліся надзвычай добра. Засведчылі гэта і трапныя стрэлы з пнеўматычнай вінтоўкі ў школьным ціры, і дакладныя адказы на конкурсе прававых ведаў, камандная эстафета ў кросе, і дэманстрацыя прыёмаў у рукапашным боі, а таксама спосабы па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Думаецца, правільна зрабілі арганізатары злёту, што не аб’яўлялі пасля кожнага конкурснага этапа прамежкавыя вынікі. Гэта ў значнай ступені настройвала каманды на далейшую барацьбу, не дазваляла апускаць прайграваўшым рукі, а змагацца да самага канца. І мэта была дасягнута. Саступаць ні адной з дружын не хацелася. Несумненна, што ўсе атрады школьнікаў вельмі радаваліся кожнаму свайму поспеху, падтрымлівалі адзін аднаго падчас няўдач. І ў гэтым таксама сутнасць характару юных сяброў міліцыі, якія заўсёды гатовы дапамагчы.
Заключным акордам злёту стала ўзнагароджванне каманд-пераможцаў. Падчас гэтага этапу ў іх адрас было выказана нямала шчырых слоў падзякі за выдатную падрыхтоўку, за тыя веды і навыкі, што яны праявілі і паказалі. Так, не ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі, якія цяпер з’яўляюцца актыўнымі юнымі сябрамі міліцыі, звяжуць свой лёс з праваахоўнымі органамі. Але тое, чым яны займаюцца зараз, спатрэбіцца ім у жыцці адназначна. І вось самы хвалюючы момант злёту — яго пераможцам становіцца каманда з сярэдняй школы нумар тры райцэнтра. У яе саставе выступалі вучні Міхаіл Карась, Кацярына Зінкевіч, Кірыл Федарэнка, Яўген Жураўлевіч, Барыс Казеня, Насця Ачапоўская, Яна Катвіцкая, Ірына Касцючэнка. Яны практычна на кожным этапе атрымлівалі вышэйшыя балы. Як расказала педагог сацыяльны навучальнай установы Святлана Іванаўна Белка, — мы вельмі доўга рыхтаваліся да гэтага саперніцтва, але нават і падчас яго хваляванне не праходзіла, бо імкнуліся зрабіць усё як найлепш.
— Нашай камандзе ўдалося дабіцца перамогі, чаму мы вельмі радыя і чым ганарымся, — адзначыла Святлана Іванаўна, — бо ўсе юныя сябры міліцыі гэта вельмі старанныя і дысцыплінаваныя навучэнцы, якія з’яўляюцца актывістамі грамадскага жыцця. Значную дапамогу аказалі камандзе ў падрыхтоўцы да паспяховага выступлення завуч Валерый Анатольевіч Зінкевіч і педагог-арганізатар Алена Валер’еўна Шаўчэнка.
Хочацца дадаць да слоў педагога, каб гэтак жа пераможна для юных сяброў міліцыі з СШ №3 горада Жыткавічы склаўся і абласны злёт. Для чаго сакрэт ёсць у навучальнай установе ўсяго адзін — трэніравацца і рыхтавацца да яго гэтак жа дружна і старанна.
Што ж тычыцца прызёраў раённага злёту, то на ім другое месца занялі юныя сябры міліцыі з першай сярэдняй школы райцэнтра, а трэцяй стала каманда з гарадской гімназіі. Пераможцы, прызёры і іншыя ўдзельнікі атрымалі ад арганізатараў прызы і падарункі. А мерапрыемства паказала, што ў жыткавіцкай міліцыі маецца нямала надзейных памочнікаў.
Сяргей БЕЛКА.