Пад’язджаючы да малочнатаварнага комплексу акцыянернага таварыства “Людзяневічы” Жыткавіцкага раёна, нельга не заўважыць, што тут зусім нядаўна з’явілася канструкцыя для новага памяшкання
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Санюк патлумачыў, што гаспадарчым спосабам узводзяць цялятнік. Да зімы плануецца такіх увесці ў эксплуатацыю два, дзе будзе ўтрымлівацца чатыры сотні галоў маладнячку ад месяца да шасці. І гэта не адзіны клопат мясцовых працаўнікоў у гэтыя дні, каб грамадская жывёлагадоўля ўступіла ў зіму падрыхтаванай.
— Адно месца для жывёлы абыйдзецца нам прыкладна ў мільён, — расказвае кіраўнік акцыянернага таварыства Анатоль Санюк. — Усе матэрыялы для будаўніцтва выкарыстоўваем са спісанага абсталявання збожжатока, у прыватнасці трубы для стоек. Таксама не трацімся і на цэглу, бо вырабляем яе самі. Для даху напілавалі страпіл з дрэва, якое атрымалі пасля ачысткі меліярацыйных каналаў. Увогуле рыхтуем да работы ва ўмовах зімы не толькі фермы, але і памяшканні на машынным двары, дзе перакрываем павеці для захоўвання тэхнікі.
Канечне, як адзначыў дырэктар, такая неабходнасць наспела даўно і раней ці пазней за гэтую работу прыйшлося б брацца. Таму і вырашылі не адкладваць справу ў доўгую скрынку. Ды і цяляты, якіх паставяць у новыя стойлы, будуць пачываць сябе намнога лепей.
Планамерна ў сельгаспрадпрыемстве ідзе і нарыхтоўка кармоў. Асноўнай крыніцай для гэтага служыць кукуруза. Ёю ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” сёлета засеяна амаль дзве з паловай тысячы гектараў, з якіх 2372 убіраюцца на сілас. Плошча даволі значная, таму кіраўніцтву гаспадаркі пастаянна патрэбна манеўраваць тэхнікай, своечасова падключаць да адвозкі кукурузнай масы дадатковыя аўтамашыны і трактары. Напэўна, гэта адно з самых вузкіх месцаў корманарыхтоўчага канвеера, бо тэхнікі не хапае катастрафічна. Усё ж акрамя ўборкі кукурузы ў акцыянерным таварыстве ідзе сяўба азімых культур, рыхтуецца для гэтага глеба, кормяцца фермы. Таму кіраўнік сельгаспрадпрыемства ў першую чаргу спадзяецца на поўную самааддачу сваіх падначаленых, і разуменне важнасці той справы, якую яны выконваюць. І людзі не падводзяць.
— Кукуруза ўрадзіла на многіх палетках проста на зайздрасць, — расказвае Анатоль Васільевіч Санюк. — Таму што своечасова правялі ўсе доглядныя мерапрыемствы, падкармілі “каралеву палёў” азотнымі ўгнаеннямі, сцябліны сягаюць у вышыню больш двух метраў.
У гэтым кіраўнік прапанаваў пераканацца асабіста, калі мы прыехалі на кукурузны палетак, дзе вялася ўборка культуры. Сяргей Паўлючок, які цяпер працуе на кормаздабываючым комплексе КВК літаральна за хвіліны напаўняе трактарныя прычэпы і кузавы грузавікоў здробненай зялёнай масай. Працэс уборкі ідзе бесперапынна, бо хапае тэхнікі на адвозцы, таму кормаздабываючы комплекс не прастойвае ні хвіліны.
— Зразумела, што пры такой арганізацыі працы можна дабівацца значных здабыткаў, — расказвае Сяргей Паўлючок. — Хаця працаваць даводзіцца да позняга вечара, пакуль не сцямнее. Але мы разумеем, што адказнасць на нашых плячах ляжыць вялікая: зараз добра спрацуем на нарыхтоўцы кармоў, зімой жывёлаводы будуць мець на грамадскіх фермах важкія надоі і высокія прывагі.
Адпаведная нацэленасць на высокія вынікі на кукурузным палетку і ў вадзіцеля Юрыя Сулкоўскага і іншых работнікаў. Менавіта дзякуючы іх старанню ў гаспадарцы ўжо прыбрана на зялёны корм і сілас больш пяцісот гектараў “каралевы палёў”. З гэтай плошчы ўзята амаль дзевяць тысяч тон зялёнай масы, сем з паловай тысяч якой паступіла ў сіласныя траншэі. Усяго людзяневіцкім корманарыхтоўшчыкам патрэбна назапасіць 22800 тон кукурузнага сіласу. І ў гаспадарцы ўпэўнены, што з гэтым заданнем справяцца паспяхова, тым самым забяспечаць кармавую бяспеку на зіму грамадскаму пагалоўю.
Сяргей БЕЛКА.