Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраху і раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Жыткаўшчыны выйшлі на трасу Гомель – Кобрын, каб аказаць дапамогу вадзіцелям у спякоту
На двары за трыццаць вышэй нуля. У такую спёку нават у прахалодзе адчуваеш сябе не вельмі прыемна. А што казаць пра тых, хто знаходзіцца ў дарозе: вадзіцеляў і пасажыраў. Асабліва, калі ў кабіне адсутнічае кандыцыянер. Тут насцеж раскрытыя вокны нават не дапамагаюць, бо асфальт праграваецца за паўсотню градусаў, што дадае яшчэ больш нязручнасцей. Менавіта, каб аказаць дапамогу вадзіцелям у такі складаны час і выйшлі на трасу Гомель – Кобрын супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, раённага прадстаўніцтва Белдзяржстраху і раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.
На дарогу ўдзельнікі акцыі выйшлі ў самую спёку. І адразу ўзяліся за справу. Узмах жэзла інспектара ДАІ і ля абочыны спыняецца вялізны грузавік.
– Добры дзень. Як самаадчуванне? – звяртаецца інспектар. – Дакументы паказваць не патрэбна. У раёне праводзіцца акцыя, каб дапамагчы людзям у дарозе.
І тут жа ля кабіны фуры з’яўляюцца спецыялісты страхавой кампаніі і Чырвонага Крыжа. Яны прапануюць вадзіцелю бутэльку халоднай вады, даюць рэкамендацыі, як лепей пазбегнуць наступстваў жары. Ларыса Фралова, кіраўнік раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, прапануе памераць ціск, навучыць вадзіцеля прыёмам аказання экстранай медыцынскай дапамогі пры атрыманні сонечнага ўдару. А страхавыя работнікі расказвалі пра паслугі, што аказваюць уладальнікам машын, каб засцерагчы тых ад розных неспадзяванасцяў на дарозе. Безумоўна, што ад такой увагі ў вадзіцеляў і пасажыраў проста ўзнімаўся настрой. Многія з цікавасцю слухалі ўдзельнікаў акцыі, з задавальненнем прымалі ад іх халодную ваду і рэкламныя буклеты. Таму і не дзіўна, што не прайшло і гадзіны, як прыйшлося ехаць за дадатковымі ўпакоўкамі халоднай вады.
Несумненна, што аб’яднаўшы свае высілкі тры структуры рабілі адну добрую справу – дапамагалі людзям у дарозе, тым самым не толькі клапаціліся пра іх здароўе, але і захоўвалі бяспечныя ўмовы дарожнага руху. Такія мерапрыемствы пройдуць на дарогах раёна яшчэ не аднойчы, пакуль не спадзе спёка. Таму вадзіцелям не патрэбна пужацца, калі іх спыніць інспектар ДАІ разам з супрацоўнікамі Белдзяржстраху, або валанцёрамі Чырвонага Крыжа: і замест звычайнага выслоўя: “Вашы дакументы”, вам працягнуць бутэльку халоднай вады, або прапануюць памераць ціск. Ведайце – гэта робіцца толькі з добрымі намерамі і для вашай карысці.
Сяргей Белка.