На палетку акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Жыткавіцкага раёна віншавалі мясцовых хлебаробаў з працоўнымі дасягненнямі
У мінулую суботу толькі першыя промні жнівеньскага сонца дакрануліся да верхавін залацістай збажыны, як на палетку акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, што адразу раскінуўся за аграгарадком Верасніца, пачаўся даволі інтэнсіўны рух людзей і тэхнікі. Механізатары і вадзіцелі, нібы пад шнурок выстройвалі ў лінейку свае аўтамабілі і камбайны.
Рыхтавалася ўсё быццам для вялікай урачыстасці. Што на палетку маецца адбыцца свята — нагадвалі і прысутныя тут артысты з музычнымі інструментамі. Нагодай для песень і віншаванняў сталі працоўныя дасягненні мясцовых хлебаробаў. Напярэдадні механізатар гаспадаркі Мікалай Струк пераадолеў рубеж па намалоту ў тысячу тон. Тры вадзіцелі гаспадаркі Ігар Замжыцкі, Аляксандр Канстанцінаў і Аляксандр Арцюховіч перавезлі з поля на ток таксама больш за тысячу тон зерня кожны. У адрас гэтых хлебаробаў, а таксама камбайнераў Фёдара Мажакі, Івана Ракаўца, Сяргея Самцова і вадзіцеля Міхаіла Акуліча і гучалі шматлікія віншаванні.
Працоўны ўзлёт Мікалая Струка на гэтай і папярэдніх уборках каласавых з’яўляецца справай невыпадковай. Па-першае, механізатар працуе на самым сучасным збожжаўборачным камбайне. І мець нізкія намалоты для чалавека, які прысвяціў амаль усё сваё жыццё сялянскай справе, проста сорамна. Ды і ўраджайнасць на грамадскіх палетках акцыянернага таварыства дазваляе дабівацца высокай выпрацоўкі. Вось гэтыя перавагі і выкарыстоўвае Мікалай Віктаравіч у сваёй працы падчас жніва.
Убіраць збажыну Струку падабалася заўсёды. Яму прыемна па ранішняй жнівеньскай прахалодзе прыходзіць у гараж, каб перад выездам яшчэ раз агледзець свой “стэпавы карабель”, ад якога ідзе насычаны водар абмалочанай збажыны ўперамешку з пахам масла і дызельнага паліва. Свая непаўторнасць ёсць і ў тым, калі вераніца магутных машын, асвятляючы фарамі ўсё наваколле, на змярканні рухаецца па збожжавым палетку. А як моцна ад радасці б’ецца сэрца, калі ў кузаў пад’ехаўшай аўтамашыны моцна стукае пругкі струмень толькі што намалочанага зерня. Мікалай Віктаравіч, — чалавек не шматслоўны, сваё майстэрства даказвае справай. Дзякуючы стараннасці і прафесіяналізму гэта ў яго выходзіць проста выдатна. Вось такому чалавеку на адбыўшымся мерапрыемстве з вялікім задавальненнем паціскаў руку і ўручаў падарунак старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі.
— Канечне, прыемна, што і на палетках нашага раёна з’явіўся камбайнер-тысячнік, — зазначыў Аляксандр Віктаравіч. — Спадзяюся, што Мікалай Струк да канца жніва значна павялічыць свой асабісты вытворчы рахунак намалочанага зерня. Мне не раз даводзілася бываць на палетках акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, і я бачу, што арганізацыя работы на хлебнай ніве тут знаходзіцца на высокім узроўні, таму і вынікаў дабіваюцца мясцовыя камбайнеры, вадзіцелі нядрэнных.
Горды за сваіх працаўнікоў быў і дырэктар гаспадаркі Андрэй Кузьменка. Ён запэўніў кіраўніка раёна, што земляробы сельгаспрадпрыемства сёлета ўнясуць свой важкі ўклад у агульнараённы каравай не горшы за мінулагодні. Для гэтага ёсць усе падставы: ураджайнасць складае 57 цэнтнераў з гектара, абмалочана ж толькі крыху больш паловы плошчаў. Валавы збор зерня перавысіў ужо больш за дзесяць тысяч тон.
Не скупіліся на добрыя словы падзякі і віншаванняў у адрас перадавікоў жніва і іншыя госці: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Гулюта і Уладзімір Цімашчэня, кіраўнік раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Наталля Макарэвіч і іншыя. Яны ўручылі кожнаму хлебаробу падарункі і падзячныя лісты. Вельмі пасавала святу і выступленнне самадзейных артыстаў з Верасніцкай установы культуры, якія падарылі механізатарам музычныя нумары. Па добрай традыцыі і гаспадары, і госці напрыканцы мерапрыемства сумесна паласаваліся салодкімі прысмакамі з хлебным квасам.
…Сонца ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй, нібы прызывала хлебаробаў: пара і за справу брацца. Гэта добра зразумелі ўсе, таму дружна запрацавалі рухавікі камбайнаў і аўтамашын, і іх гул на цэлы дзень стаў музычным рытмам збожжавага палетка. Усім пасля аказанай пашаны працавалася з прыўзнятым настроем, таму што свята для працаўнікоў акцыянернага таварыства стала новым імпульсам і зарадам для яшчэ больш плённых спраў, якіх наперадзе нямала.
Сяргей БЕЛКА.