На адным дыханні правялі сёлета абмалот збажыны працаўнікі ААТ “Тураўшчына” Жыткавіцкага раёна
Фінішавалі мясцовыя хлебаробы з годнымі паказчыкамі.
Мясцовыя механізатары ўбралі каласавыя на плошчы 2343 гектары. Пры сярэдняй ураджайнасці 70,9 цэнтнера валавы намалот па сельгаспрадпрыемству склаў 17265,6 тоны зерня, што амаль столькі ж як летась. Найбольшай аддачай мясцовых працаўнікоў парадавалі пшанічныя палеткі, кожны гектар якіх аддзячваў сямідзесяццю двума цэнтнерамі з гектара зерня. На цяперашні час ураджайнасць, якой дабіліся земляробы ААТ “Тураўшчына”, з’яўляецца самай высокай па вобласці. За час сёлетняга жніва адзінаццаць камбайнераў гаспадаркі пераадолелі па намалоту рубеж у тысячу і болей тон, тым самым трывала замацаваліся ў лідарах раённага працоўнага саперніцтва. І на абласным узроўні вытворчыя здабыткі тураўскіх камбайнераў выглядаюць даволі салідна. Паказчык па намалоту Віктара Струка другі па велічыні ў вобласці, а дасягненне на жніве маладога механізатара Івана Ракаўца ўвогуле лепшае на Гомельшчыне. Па тысячы і болей тон зерня даставілі з поля на ток і восем вадзіцеляў гаспадаркі. Паспяхова справіўся калектыў акцыянернага таварыства і з продажам зерня дзяржаве. На хлебную базу з гаспадаркі паступіла чатыры тысячы сямсот тон збажыны новага ўраджаю. Несумненна, што цяперашнія здабыткі тураўскіх хлебаробаў на прайшоўшым жніве найяскравей сведчаць аб іх высокім прафесіяналізме і майстэрстве.