Днямі Азёрнаўскі дом культуры Юркевіцкага сельсавета Жыткавіцкага раёна стаў своеасаблівай пляцоўкай па абмену вопытам работы паміж дэпутатамі краіны розных узроўня
На сустрэчу ва ўстанову культуры з членам Савета Рэспублікі Нацянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірынай Кралевіч і старшынёй раённага савета дэпутатаў Нінай Рамановіч прыйшлі народныя абраннікі Юркевіцкага сельсавета, яго актывісты тэрытарыяльнага самакіравання, а таксама прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый і кіраўнікі раённых службаў. Тэмай для канструктыўнай размовы сталі самыя розныя надзённыя пытанні вясковага жыцця, як яны вырашаюцца мясцовай уладай, каб людзям жылося камфортней і лепш.
Як паказала мерапрыемства, у Юркевіцкім сельскім Савеце маецца нямала добрых напрацовак па самых разнастайных напрамках дзейнасці. Поле для яе ў сельвыканкама надзвычай шырокае. Аб чым і расказала падрабязна старшыня Алена Шпакевіч. Падчас праведзенай прэзентацыі і мясцовыя жыхары, і госці змаглі пераканацца, як многа зроблена ў населеных пунктах сельсавета па добраўпарадкаванні. Чыстыя вуліцы, новыя агароджы, парадак на могілках, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі – усё гэта справа рук мясцовай улады, якая здолела накіраваць высілкі людзей у патрэбнае рэчышча. Так, было нямала праблем на гэтым шляху, але іх церпяліва пераадольвалі, пераконвалі людзей, што патрэбна рабіць менавіта так, а не інакш, таму і дабіліся добрых вынікаў.
— Канечне, сельвыканкаму асіліць такі аб’ём работы самастойна было б немагчыма, — адзначыла Алена Іванаўна. — Усё рабілася ў цесным кантакце з кіраўнікамі арганізацый, а таксама з дэпутатамі і актывістамі тэрытарыяльнага самакіравання. Апошнія былі надзейнай апорай сельсавету ва ўсіх пачынаннях. Дэпутаты, савет жанчын, старасты вёсак не толькі прымаюць непасрэдны ўдзел у навядзенні парадку, але яшчэ ўносяць вялікі ўклад у арганізацыю культурных мерапрыемстваў, змагаюцца са шматлікімі заганамі вясковага жыцця.
Ірына Кралевіч высока ацаніла работу ўсіх структур Юркевіцкага сельсавета. Але найперш яна пацікавілася перспекты-вамі развіцця гэтай адміністрацыйнай тэры-торыі, якімі яны бачацца кіраўніку сельвыканкама.
— Зразумела, што асноўная наша задача, каб у вёсках заставалася моладзь, — адказала Алена Шпакевіч. — Таму прыкладваем свае намаганні, каб маладым жылося ў нашым паселішчы як ў горадзе, каб яны маглі займацца спортам, каб мелі магчымасці для рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей і іншае. Несумненна, што будучыня за маладымі, таму стараемся прыцягваць гэтую катэгорыю грамадзян да актыўнай грамадскай работы, у органы самакіравання. І такая пазіцыя апраўдвае сябе. Усё робіцца для таго, каб маладыя не толькі захавалі тое, што ўдалося зрабіць за апошнія гады, але яшчэ і прынеслі свае напрацоўкі.
З улікам рэалій нашага жыцця, такая пазіцыя атрымала ад гасцей усеагульнае адабрэнне. Менавіта на ўмацаванні кадравага патэнцыялу сельвыканкамаў раёна падрабязна спынілася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч. Як яна адзначыла, прыйшлося цяперашнім старшыням самім многаму вучыцца, вучыць сваіх падначаленых.
— Хтосьці не вытрымліваў і сыходзіў з дыстанцыі, але цяпер маем у кожным сельсавеце вельмі працаздольныя калектывы, якім па сілах вырашыць самыя складаныя задачы, — патлумачыла прысутным Ніна Мікалаеўна.
Па многіх узнятых пытаннях на сустрэчы старшынь райсавета і сельвыканкама дапоўнілі кіраўнікі раённых службаў: начальнік аддзела міліцыі Дзмітрый Бондараў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццяна Маразенка, адказная за Савет ад райвыканкама Надзея Рамановіч. Яны адзінадушна заўважылі, што дзякуючы стройнай рабоце з насельніцтвам, мясцовай уладзе ўдаецца вырашаць шмат людскіх пытанняў, бо сельвыканкаму давяраюць, а калі патрабуецца дапамога раённых службаў, то яна аказваецца неадкладна.
— Мне вельмі прыемна было наведацца ў Юркевіцкі сельскі Савет, сустрэцца і пагутарыць з яго актывам, — сказала Ірына Кралевіч. — Ён не спіхвае праблемы людзей на аб’ектыўныя цяжкасці, а ідзе на шчыры дыялог з насельніцтвам, сумесна шукае выйсце з сітуацый, знаходзіць іх і робіць неабходную для росквіту тэрыторыі справу.
Напэўна, таму і ёсць да ўсяго справа дэпутатам. Кожны на сваім узроўні, яны працуюць для таго, каб грамадзяне краіны зразумелі, што цяжкасці ёсць і будуць, але пераадольваць іх патрэбна разам. Тады і жыць стане лепей.
Сяргей БЕЛКА.