Даволі плённым і насычаным стаў нядаўні візіт у наш раён для прадстаўнікоў нямецкага дабрачыннага фонду “Дзеці з Жыткавіч — жыццё пасля Чарнобыля”
Сваю вандроўку Франц Экерле, Хільдэгард Экерле. Элізабет Зінер, Карл Геек, святар Карстэн Геек, Вернер Госерт і Пэтер Хартмаер па Жыткаўшчыне пачалі з аграгарадка Ленін. І гэта невыпадкова.
Менавіта з жыхарамі вышэйзгаданага паселішча ў нямецкіх валанцёраў існуюць даўнія і цёплыя сяброўскія сувязі, якія выліліся ў мноства добрых і карысных спраў, накіраваных на развіццё населенага пункта. Менавіта з дапамогай сяброў з Германіі ў Леніне была збудавана бальніца. А летась пры непасрэднай падтрымцы Франца Экерле адкрыўся і праваслаўны храм. Менавіта гэты чалавек нямала зрабіў, каб сабраць у сябе на радзіме грошы для ўзвядзення святыні ў палескім аграгарадку.
У гэтым годзе Экерле вырашыў давесці справу да лагічнага завяршэння – завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі ля храма. Гэта і стала асноўнай прычынай чарговага наведвання Леніна. Франц з партнёрамі з вялікім задавальненнем папрысутнічалі на службе ў царкве, пагутарылі з людзьмі, а таксама арганізавалі сяброўскі абед.
У райцэнтры сяброў з Германіі прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі. Як адзначыў Аляксандр Віктаравіч, палешукі заўсёды рады гасцям, якія едуць са шчырай душой і адкрытым сэрцам.
– Мне часта даводзіцца бываць у Леніне, – распавёў на прыёме нямецкай дэлегацыі кіраўнік рэгіёна, – і я вельмі задаволены тым, што зроблена з вашай дапамогай у гэтым населеным пункце для людзей. Самае галоўнае, што і бальніца, і царква ў аграгарадку запатрабаваны. Таксама жыткаўчане ўдзячны і за тую работу, якую дабрачынны фонд праводзіць па аздараўленні дзяцей. Для нас гэта вельмі важна, бо дзеці – гэта будучыня раёна і клопат пра іх здароўе для нас, старэйшых, найгалоўнейшы.
Сваімі ўражаннямі аб Жыткаўшчыне падзяліліся і нямецкія партнёры. Яны адзінадушна гаварылі пра цудоўныя краявіды краю, гасціннасць і шчырасць палешукоў, іх дабрыню і адкрытасць. Гэтыя эмоцыі ў гасцей засталіся пасля наведвання шэрагу аб’ектаў сацыяльнай сферы. Успаміналі пра плён супрацоўніцтва больш чым за дваццаць гадоў дружбы, пра добрыя і карысныя справы. Зазначылі госці, што яны добра ведаюць і пра нялёгкую гісторыю нашага народа, пра тыя пакуты, якія ён перанёс, таму цяперашнія стасункі маюць яшчэ большую цану, грунтуюцца на асновах гуманізму і любові. Канечне ж, не абмінулі і будучыя стасункі, якія набываюць новыя формы, у тым ліку і ў духоўнай сферы. У доказ добрых намераў на далейшае госці з Германіі і кіраўнік раёна абмяняліся падарункамі. Франц Экерле падараваў благачыннаму Тураўскай епархіальнай акругі пратаіерэю Генадзію Хаткевічу, які таксама прымаў удзел у сустрэчы, рукатворную ікону Божай Маці Уладзімірскай нямецкага майстра, адной з найбольш шануемых праваслаўнымі вернікамі. Каштоўнасць абраза ў тым, што ва ўсім свеце такіх налічваецца толькі тры тысячы экземпляраў. Таму святар запэўніў гасцей, што ікона займе пачэснае і ганаровае месца ў храме, які будуецца ў райцэнтры. Ад Франца сувенір атрымаў і Аляксандр Мікалуцкі, які ўручыў гасцям падзячны ліст райвыканкама. Самае галоўнае, што з рабочага кабінета старшыні райвыканкама ўсе выходзілі з вялікімі верай і жаданнем, што цяперашняму супрацоўніцтву толькі мацнець і развівацца.
Сяргей БЕЛКА.